На Магілёўшчыне, а менавіта ў Асіповіцкім раёне, у гэтыя дні не спыняецца работа — кормаўборшчыкі ідуць па кукурузных палосах, трактары рыхтуюць глебу пад азімы сеў, а на сіласных ямах кіпіць утрамбоўка зялёнай масы. Для гаспадарак раёна ў гэту пару важны кожны дзень. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на палях ААТ «ВязаўніцаАгра» і «Авангард-Неўскі» і паглядзелі, як ідзе работа.
Бесперапынны цыкл — ад уборкі да новай сяўбы
Па словах галоўнага агранома ААТ «ВязаўніцаАгра» Юрыя СЫЧЭВІЧА, кукуруза сёлета «добра вымахала».
— Ураджайнасць складае каля 300 цэнтнераў з гектара зялёнай масы, — кажа Юрый Іванавіч. — Ураджайнасць розная па палях: дзесьці 400 цэнтнераў, дзесьці 150. Залежыць гэта ад урадлівасці глебы і ад сорту, — тлумачыць спецыяліст.

Сярод сартоў, якія вырошчваюць у гаспадарцы, ёсць беларускія.
— Напрыклад, «палескі 212», «палескі 175». У асноўным «палеская» серыя ўраджайных гібрыдаў, — удакладняе аграном.
— Перш за ўсё — важна васковая спеласць пачатка, каб зялёная маса «не цякла», — раскрывае рэцэпт удалага сіласу аграном. — Звяртаем увагу на лісце кукурузы: калі пачало жаўцець — значыць, саспела.
У сіласных ямах маса ўтрамбоўваецца і накрываецца плёнкай. Кансервацыя доўжыцца 40 дзён. А ўжо потым выкарыстоўваецца, калі сілас гатовы на корм жывёле.
Пра аб'ёмы нарыхтоўкі галоўны аграном сельгаспрадпрыемства расказвае, што на сілас пасеяна больш за 2 тысячы гектараў, на зерне — 767 гектараў. Убіраць кукурузу на зерне пачнуць пазней, у кастрычніку.
«Там, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся»
На полі працуе кормаўборачная тэхніка, якой кіруе Алег АЛІНОЎСКІ.
— Улетку працаваў на зернеўборачным камбайне, — расказвае Алег Леанідавіч. — Але год таму перасеў на КВК-800, які скошвае кукурузу і тут жа здрабняе яе, падаючы ў прычэп, — расказаў працаўнік.
Алег Аліноўскі ўжо дваццаць гадоў працуе ў гаспадарцы «ВязаўніцаАгра». Жыве ў вёсцы Свіслач, дзе ёсць школа, дзіцячы садок, крамы, нават дзіцячы санаторый, карацей — уся патрэбная інфраструктура.

За дзень механізатар скошвае ад 300 да 400 тон кукурузы. Калі адвозка ідзе добра — бывае і 700—800 тон.
— Мы працуем у пары з кіроўцам, — тлумачыць ён. — Я іду, «МАЗ» — следам. Хуткасць — каля 9—10 кіламетраў у гадзіну, — дзеліцца мужчына.
У пары з кіроўцам КВК-800 працуе вадзіцель Віктар ПРОТЧАНКА. Ён кіруе новым «МАЗам».
— Я ўжо 40 гадоў працую ў Асіповіцкім аўтапарку № 19, — кажа Віктар Георгіевіч. Падчас уборкі кукурузы на сілас ён прыехаў у гаспадарку на дапамогу ад сваёй арганізацыі.
— Трэба падстройвацца пад хуткасць камбайна: як ён едзе, так і я еду, — тлумачыць вадзіцель спецыфіку работы з камбайнам. — Адставаць нельга — тут патрэбны добры вопыт, — тлумачыць мужчына.
Дома Віктара Георгіевіча чакае вялікая сям'я, любая жонка, якая працуе на чыгунцы ў Асіповічах. З гонарам расказвае, што ў свае 60 гадоў ён ужо мае трынаццаць унукаў! Кіроўца ўсё жыццё працуе ў аўтапарку і гаворыць, што гэта справа яго жыцця.
Калі мы пераехалі да сіласных ям, то ўбачылі, як у трамбоўцы зялёнай масы задзейнічаны «Амкадор-352». За стырном такой складанай тэхнікі шчыруе Міхаіл РЫБАКОЎ.

Ён расказаў крыху пра сябе і асаблівасці сваёй работы. Працаўнік жыве ў вёсцы Свіслач, дзе і нарадзіўся. З жонкай Аленай, якая працуе ў сельсавеце, разам ужо 30 гадоў, сын адвучыўся ў Горках, атрымаў інжынерную спецыяльнасць. Мужчына лічыць, што там, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гаворыць, што сельская гаспадарка патрабуе шмат часу, бо, здараецца, па 12—14 гадзін на рабоце. Але працу на зямлі лічыць сваім прызваннем.
Механізатар тлумачыць, што траншэя, дзе ён працуе, разлічана на 3 тысячы тон сіласу. У сіласнай яме ўжо назбіралася амаль дзве тысячы тон зялёнай масы.
Поле рыхтуецца пад новы ўраджай
Па дарозе ўбачылі, як трактар узворвае поле пад азімую сяўбу. Спыніліся і пазнаёміліся з трактарыстам Сяргеем ВАШКЕВІЧАМ. Аказалася, гэта палеткі ААТ «Авангард-Ніва». Сяргей мясцовы, але працуе ў горадзе — прыбыў у камандзіроўку з «Асіповіцкага завода аўтамабільных агрэгатаў», каб дапамагчы гаспадарцы ў апрацоўцы глебы. Завод накіроўвае сваіх супрацоўнікаў у дапамогу аграрыям раёна.
— Я грузчык на аўтазаводзе, але ў сельскай гаспадарцы адпрацаваў шмат гадоў, таму сесці на трактар мне нескладана. На гэтым полі пачалі апрацоўку сёння. Учора з хлопцамі толькі прыбылі, падрыхтавалі тэхніку, зачапілі плуг і сёння ўжо ў полі, — кажа Сяргей Вашкевіч. — Галоўнае — зрабіць усё своечасова, каб глеба была гатовая да сяўбы.
У планах працаўніка — пераараць не менш за дзесяць гектараў.
— Гэта мая першая камандзіроўка з завода, але калі паклікалі, то трэба дапамагчы. Працуем, дзень сонечны, але тут, на полі, хутка не разагрэешся — наперадзе яшчэ шмат работы, — усміхнуўся аграрый.
«Больш за палову плошчаў ужо ўзарана»
Пра ход сельгасработ у цэлым па раёне расказаў галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы Асіповіцкага райвыканкама Аляксандр КАВАЛЁЎ.
— Больш за палову плошчаў ужо ўзарана. Пад азімую сяўбу збожжавых у раёне адведзена 6 тысяч
700 гектараў. Мы ўжо пасеялі больш за 30 працэнтаў ад запланаванага, — расказаў спецыяліст. — Асобны кірунак — уборка кукурузы. Плошчы пад гэту культуру ў раёне складаюць больш за 7 тысяч гектараў, — удакладняе Аляксандр Кавалёў. — Ужо ўбралі больш як 2 тысячы гектараў. Ураджайнасць — 180—200 цэнтнераў з гектара зялёнай масы.
Плануем сабраць ураджай, не горшы за леташні.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ