Сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Беларусі сёння перажывае перыяд значнага росту. Яе ключавая задача — падрыхтоўка запатрабаваных кадраў для эканомікі і сацыяльнай сферы, а таксама фарміраванне ў моладзі матывацыі да выбару сучасных рабочых і інжынерных прафесій.
Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра ПЯТРОВА, сярэдняя спецыяльная адукацыя арыентавана ў першую чаргу на падрыхтоўку спецыялістаў сярэдняга звяна — ад педагогаў і медыцынскіх работнікаў да тэхнічных спецыялістаў. Пры гэтым у Беларусі сфарміравана ўнікальная мадэль, калі ў межах сярэдняй спецыяльнай адукацыі рыхтуюцца і высокакваліфікаваныя рабочыя для высокатэхналагічных вытворчасцяў.
Высокая канкурэнтаздольнасць і рэальны вопыт
Пералік спецыяльнасцяў пастаянна абнаўляецца. За апошнія пяць гадоў у краіне ў сістэме ССА ўпершыню адкрыта падрыхтоўка па 22 новых спецыяльнасцях.
Абнаўленне адбываецца і на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Тут кваліфікацыйны рад змяняецца як праз укараненне новых прафесій, так і праз перафарматаванне падрыхтоўкі ў канкрэтных каледжах з улікам патрэб рэгіянальнай эканомікі. Паводле Аляксандры Пятровай, выпускнікі, якія паступаюць пасля дзевяці класаў, звычайна асвойваюць 2-3 сумежныя прафесіі, што павышае іх канкурэнтаздольнасць і мабільнасць на рынку працы.
Важным элементам сістэмы з’яўляецца практыка-арыентаванае навучанне. Усе навучэнцы, якія атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэту, забяспечваюцца першым рабочым месцам. Падчас вытворчай практыкі яны не толькі набываюць рэальны вопыт, але і атрымліваюць аплату за вырабленую прадукцыю або аказаныя паслугі. Дзейнічае механізм, паводле якога асноўная частка (75 %) заробленых сродкаў пералічваецца непасрэдна навучэнцу, а частка — на развіццё, напрыклад, матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі.
Асноўным кантынгентам каледжаў і сёння з’яўляюцца выпускнікі дзявятых класаў. Каб выбар быў асэнсаваным, развіваецца шырокая сетка прафарыентацыі. Школьнікі могуць прайсці анлайн-тэсціраванне на спецыялізаваных платформах, наведаць дні адчыненых дзвярэй, паўдзельнічаць у майстар-класах і паспрабаваць сябе ў вучэбна-вытворчых майстэрнях.
Сучасныя каледжы рыхтуюць спецыялістаў у тым ліку для высакатэхналагічных вытворчасцяў, таму пытанню абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўдзяляецца асаблівая ўвага. У межах дзяржаўных праграм плануецца далейшае аснашчэнне каледжаў і развіццё сеткі цэнтраў кампетэнцый. Як адзначыла Аляксандра Пятрова, ужо сёння ў краіне функцыянуе 52 такія цэнтры, яшчэ адзін знаходзіцца на этапе адкрыцця. Штогод 5-6 цэнтраў дадаткова аснашчаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, заснавальнікаў і партнёраў.

Прагрэс, які ўражвае
Рост цікавасці да рабочых і тэхнічных прафесій пацвярджаюць і лічбы. Як паведаміла Аляксандра Пятрова, у 2023 годзе ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучалася 108 тысяч чалавек, у прафесійна-тэхнічнай — 60 тысяч. Сёння гэтыя паказчыкі складаюць амаль 120 тысяч і больш за 71 тысячу адпаведна. Найбольшы аб’ём падрыхтоўкі прыпадае на інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя кірункі, а таксама на ахову здароўя, сельскую гаспадарку і педагагічную сферу.
Дадатковым інструментам павышэння прэстыжу рабочых прафесій становяцца конкурсы прафесійнага майстэрства. Рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы дазваляюць маладым спецыялістам прадэманстраваць высокі ўзровень падрыхтоўкі і пацвердзіць канкурэнтаздольнасць беларускай сістэмы адукацыі.
Цікавасць павялічваецца
Дырэктар філіяла «Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе» РІПА Арцём РЫБАК адзначыў, што за апошнія пяць гадоў каледж паслядоўна павялічыў кантынгент навучэнцаў па запатрабаваных рабочых спецыяльнасцях і спецыяльнасцях сярэдняга звяна для прамысловых прадпрыемстваў. Калі пяць гадоў таму тут навучалася 680 чалавек, то сёння — ужо 1030. Паводле яго слоў, істотна вырасла і цікавасць абітурыентаў: у 2025 годзе дні адчыненых дзвярэй, якія праводзяцца ў апошнюю суботу кожнага месяца, збіраюць 140–150 чалавек. Асобна было падкрэслена значэнне мэтавай падрыхтоўкі, якая дазваляе прадпрыемствам загадзя выбіраць будучых работнікаў і працаваць з імі яшчэ са школьнай парты.
У выніку прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя ўсё больш успрымаецца не як запасны варыянт, а як сучасны і перспектыўны шлях прафесійнай самарэалізацыі, які адкрывае для моладзі шырокія магчымасці ў эканоміцы будучыні.
Міхаіл Данілковіч.
Фота Лізаветы Голад.