Top.Mail.Ru

Як у Беларусі абараняюць насельніцтва і эканоміку ад надзвычайных сітуацый

Ад паводак і пажараў да тэхнагенных аварый — дзяржаўная сістэма штодзённа каардынуе тысячы спецыялістаў і сотні адзінак тэхнікі.

Абарона насельніцтва і аб’ектаў эканомікі ад надзвычайных сітуацый у сучасным свеце становіцца адной з ключавых задач дзяржавы. У Беларусі гэта работа выбудавана ў рамках адзінай дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якая аб’ядноўвае рэсурсы розных ведамстваў і дазваляе аператыўна рэагаваць на любыя выклікі — ад прыродных з’яў да тэхнагенных катастроф.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Ігар ХАДАНОВІЧ, ключавы прынцып работы — кансалідацыя ўсіх дзяржаўных магчымасцяў для забеспячэння бяспекі: «Сучасная сістэма — гэта перш за ўсё спосаб аб’яднання ўсіх дзяржаўных магчымасцяў у абароне насельніцтва і аб’ектаў эканомікі».

Сярод асноўных задач — не толькі ліквідацыя надзвычайных сітуацый, але і іх папярэджанне, падрыхтоўка органаў кіравання і насельніцтва, стварэнне рэзерваў, а таксама забеспячэнне ўстойлівай работы арганізацый у крытычных умовах.


Сітуацыя з веснавымі водамі ў гэтым годзе знаходзіцца пад пастаянным кантролем. З пачатку года падтапленні зафіксаваны ў 16 раёнах чатырох абласцей. На шэрагу буйных рэк — такіх, як Днепр, Сож, Прыпяць, а таксама на працяглых участках Заходняй Дзвіны і Бярэзіны — адзначаецца павышэнне ўзроўню вады з інтэнсіўнасцю да 15 сантыметраў за суткі. У той жа час на Нёмане і Віліі назіраецца зніжэнне воднасці.

На дадзены момант падтопленымі застаюцца адзін жылы дом, шэсць гаспадарчых пабудоў, два нізкаводныя ўчасткі, пяць адрэзкаў аўтамабільных дарог і адзін нежылы будынак. Пры гэтым сістэмы жыццезабеспячэння працуюць у штатным рэжыме, а спецыялісты працягваюць маніторынг гідралагічнай абстаноўкі.

  • Каб знізіць магчымыя наступствы паводкі, ратавальнікі рэкамендуюць жыхарам патэнцыйна небяспечных тэрыторый самастойна правесці шэраг простых дзеянняў: ачысціць дрэнажныя і водаадводныя каналы, арганізаваць адвод талых вод, прыбраць з двара рэчы, якія могуць быць пашкоджаны, а каштоўнасці перанесці на верхнія паверхі або гарышчы. Таксама не рэкамендуецца захоўваць прадукты і важныя рэчы ў падвалах, схільных да падтаплення.

Да сезона паводак у краіне падрыхтаваліся загадзя. Праведзена праверка гатоўнасці гідратэхнічных збудаванняў, наладжаны кантроль за станам вадасховішчаў, у тым ліку 16 найбольш патэнцыйна небяспечных. Сфарміраваны матэрыяльныя рэзервы і спецыяльныя зводныя атрады для аператыўнага рэагавання.

Для ацэнкі сітуацыі ў цяжкадаступных месцах актыўна выкарыстоўваюцца беспілотнікі, вядзецца фота- і відэафіксацыя. Ва ўсіх раёнах маюцца неабходныя тэхніка, абсталяванне і падрыхтаваныя спецыялісты, а таксама сфарміраваны пералік сродкаў, якія дазваляюць аператыўна праводзіць аварыйна-выратавальныя і іншыя неадкладныя работы.

Паралельна востра стаіць праблема пажараў у прыродных экасістэмах. На 27 сакавіка ў краіне зафіксавана 937 узгаранняў, з іх 53 — у лясах і 3 — на тарфяніках. У выніку загінулі 2 чалавекі, яшчэ 3 атрымалі траўмы. Агнём знішчаны 2 жылыя дамы і 17 гаспадарчых пабудоў, пашкоджаны яшчэ 15 аб’ектаў (4 жылыя дамы і 11 другіх пабудоў).

Для ліквідацыі наступстваў прыцягваліся значныя сілы — больш за 1000 адзінак тэхнікі і звыш 3000 ратавальнікаў. Найбольш складаная абстаноўка адзначалася ў Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.


Асноўная прычына такіх пажараў — чалавечы фактар. Як падкрэсліваецца, спальванне сухой расліннасці, неасцярожнае абыходжанне з агнём і ігнараванне правілаў бяспекі працягваюць заставацца сур’ёзнай пагрозай.

Сістэма рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў Беларусі функцыянуе ў трох рэжымах: паўсядзённай дзейнасці, павышанай гатоўнасці і надзвычайным. У мінулым годзе 18 разоў уводзіўся рэжым павышанай гатоўнасці і 8 разоў — надзвычайны.

Акрамя прыродных выклікаў, служба сутыкаецца і з тэхнагеннымі здарэннямі. Сярод найбольш значных — аварыя на хімічна небяспечным аб’екце ў Мінскай вобласці і выбух газапаветранай сумесі ў Гомелі. Работы па ліквідацыі наступстваў апошняга працягваюцца: частка жыхароў была адселена.

Важнай часткай сістэмы застаецца грамадзянская абарона. У краіне падтрымліваецца ў гатоўнасці сістэма апавяшчэння насельніцтва, якая ўключае тэлебачанне, радыё, СМС-рассылку і іншыя каналы. У выпадку небяспекі падаецца сігнал «Увага ўсім», пасля якога неабходна неадкладна атрымаць афіцыйную інфармацыю і дзейнічаць у адпаведнасці з інструкцыямі

Сёння ў Беларусі працягваецца работа па ўдасканаленні сістэмы грамадзянскай абароны. Робіцца стаўка на стварэнне адзінай сістэмы грамадзянскай абароны, якая дазволіць яшчэ больш эфектыўна аб’ядноўваць сілы розных ведамстваў і аператыўна рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі любога характару.

Як падкрэслівае Ігар Хадановіч, толькі сумесныя дзеянні ўсіх структур дазваляюць гарантаваць галоўнае — захаванне жыцця людзей і ўстойлівасць эканомікі нават ва ўмовах самых складаных выклікаў.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ 

Фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю