За мінулы год Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама выканкамамі было разгледжана звыш 10 тысяч зваротаў спажыўцоў, што на 7 % больш, чым у 2023-м.
Па выніках разгляду спажыўцам кампенсавана шкода на суму больш чым 1,6 мільёна рублёў, вынесена 293 прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў, складзены 231 пратакол. Выканкамамі пададзены 161 іск у суд, а сума штрафаў за невыкананне суб’ектамі гаспадарання парадку задавальнення патрабаванняў спажыўцоў склала 348,6 тысячы рублёў, распавяла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Іна Гаўрыльчык.
У цэнтры ўвагі
Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў адзначаецца 15 сакавіка, і на еўразійскай прасторы сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Спажывец у цэнтры ўвагі: ад балансу інтарэсаў да справядлівага вырашэння спрэчак».
— Ад таго, наколькі канструктыўна выбудаваны ўзаемаадносіны прадаўца ці выканаўцы паслуг са спажыўцом залежыць паспяховасць яго работы, — падкрэсліла спецыяліст. — Але тут важны баланс. Работа па абароне правоў спажыўцоў павінна выбудоўвацца так, каб не ствараць перашкод для развіцця бізнесу.
Калі разглядаць структуру зваротаў спажыўцоў, то з года ў год яна практычна не мяняецца, распавялі ў МАРГ. Летась лідзіравалі скаргі на гандаль (45 % зваротаў), ЖКГ (28 %), бытавыя паслугі (11 %). 9 % скаргаў прыпала на сферу платных паслуг, 3 % — на грамадскае харчаванне і яшчэ 4 % аб’яднаны фармулёўкай «іншыя пытанні».
— У вышэйназваных 45 % скаргаў на гандаль каля 60 % — гэта скаргі на інтэрнэт-гандаль, — адзначыла Іна Гаўрыльчык. Але звязана гэта ў значнай ступені менавіта з актыўным развіццём інтэрнэт-гандлю і вялікай колькасцю пакупнікоў інтэрнэт-пляцовак, патлумачыла яна.
Як абараніць свае правы?
— У Беларусі выбудавана дакладная сістэма: хто, як і на якіх стадыях абараняе правы спажыўцоў, — падкрэсліла прадстаўнік МАРГ. — У дасудовым парадку гэта робяць дзяржаўныя органы па кампетэнцыі (у сферы аховы здароўя, турызму, транспарту і г. д.), а рэгулятарам і каардынатарам у гэтай сферы выступае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Але першая прыступка, і гэта вельмі важна, — выканкамы на месцах.
Заканадаўства — у галіне і зваротаў грамадзян, і абароны правоў спажыўцоў — сведчыць аб тым, што першапачаткова правы спажыўца падлягаюць абароне на той тэрыторыі, дзе і адбылася падзея: прададзены няякасны тавар або няякасна аказана паслуга. Калі спажывец не згодны з вынікамі разгляду зваротаў на ўзроўні выканкама, ён можа звярнуцца ў аблвыканкам. Альбо ў Мінгарвыканкам, калі першапачаткова яго пытанне разглядалася на ўзроўні адміністрацыі раёна сталіцы.
На апошніх стадыях падключаецца МАРГ. Паралельна і інтэгравана з намі вялікую работу праводзяць грамадскія арганізацыі спажыўцоў. Гэта так званая грамадская абарона, — патлумачыла эксперт. — І дзяржаўная, і грамадская абарона аказваюць дапамогу спажыўцу на бязвыплатнай аснове.
Наступная ступень — судовая абарона. Падача іску ў суд па абароне правоў спажыўцоў не прадугледжвае выплату дзяржпошліны.
Правілы — адзіныя
Важнай падзеяй стала прыняцце Беларуссю і Расіяй адзіных правілаў у галіне абароны правоў спажыўцоў, сказала прадстаўнік МАРГ.
— Дэкрэтам Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ад 6 снежня 2024 года зацверджаны адзіныя правілы ў галіне абароны правоў спажыўцоў, якія ўстанаўліваюць рамачныя прававыя асновы, накіраваныя на збліжэнне нацыянальных заканадаўстваў дзвюх краін, — адзначыла Іна Гаўрыльчык. — Мы будзем імкнуцца да таго, каб у галіне абароны правоў спажыўцоў заканадаўства не мела істотных адрозненняў. Каб і спажыўцу былі зразумелыя яго правы, і бізнес не затрачваў намаганні, час, тэхналогіі, каб адаптавацца да ўмоў працы ў іншай краіне. Адзіныя правілы носяць рамачны характар, і ў гэтых рамках мы будзем удасканальваць сваё нацыянальнае заканадаўства. Гэта будзе мікс, які збярэ найлепшыя нормы з беларускага і расійскага заканадаўства.
Адзіныя правілы намецілі і перспектыўныя моманты: напрыклад, дадзена вызначэнне таго, што такое «лічбавы прадукт».
— Днямі завяршылася работа па падпісанні ключавых дакументаў па адзіных правілах, было заключана пагадненне па забеспячэнні роўных правоў спажыўцоў, — адзначыла прадстаўнік МАРГ. — Пагадненнем вызначана стварэнне Савета Саюзнай дзяржавы па абароне правоў спажыўцоў. На парытэтных пачатках туды ўвойдуць прадстаўнікі МАРГ і «Расспажыўнагляду», а таксама грамадскіх арганізацый спажыўцоў. Плануецца, што пасяджэнні Савета будуць праводзіцца не радзей, чым двойчы ў год, а першае адбудзецца ўжо ў маі.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
У тэму
На што выдаткуем грошы?
Белстат ацаніў выдаткі сярэднестатыстычнай беларускай сям’і
На спажывецкія выдаткі беларуская сям’я за месяц выдаткоўвае 70,4 % свайго бюджэту, падлічыў Белстат падчас выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак у 2024 годзе.
Усяго за месяц беларуская сям’я траціць у сярэднім 2319,8 рубля, а наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку статыстыка ацэньвае ў сярэднім у 2415,2 рубля за месяц. У гарадах людзі трацяць больш, прыводзіць звесткі Белстат (2537,7 рубля на месяц), у сельскіх населеных пунктах — менш (2018,5 рубля).
Калі казаць пра структуру спажывецкіх выдаткаў, то на прадукты харчавання прыпадае 37,4 % месячнага сямейнага бюджэту, на нехарчовыя тавары, яны ж «тавары адкладзенага попыту» — 36 %, а на аплату паслуг — 24,1 %.