Top.Mail.Ru
241

Як у Беларусі клапоцяцца пра здароўе матуль і дзяцей

У рэйтынгах па родадапамозе наша краіна знаходзіцца на высокім 40-м месцы сярод 180 краін свету. Штогод у Беларусі распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя скрынінгавыя даследаванні па раннім выяўленні розных генетычных хвароб. Летась уведзена пяць такіх праграм. Сёлета дадасца яшчэ 12, і мяркуецца, што ў 2030-м плод будуць правяраць на 36 магчымых паталогій. Напярэдадні Сусветнага дня здароўя, які адзначаецца 7 красавіка, медыкі расказалі, як у нашай краіне клапоцяцца пра здароўе матуль і дзяцей.


Лідар у рэгіёне

Праблемы аховы здароўя маці і дзяцей не губляюць актуальнасці ў многіх краінах свету. Як расказаў кіраўнік краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Дзіёрдзіца, кожныя дзве хвіліны ў свеце жанчына гіне падчас родаў. Каля 30 % жанчын атрымліваюць ускладненні пасля родаў, а 20 % маладых маці сутыкаюцца з псіхаэмацыянальнымі праблемамі і дэпрэсіямі.

Пры гэтым Беларусь з’яўляецца прыкладам для многіх іншых дзяржаў. Наша краіна стала рэгіянальным лідарам з адным з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай і мацярынскай смяротнасці ў Еўропе. Даныя былі пацверджаны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя сумесна з Нацыянальным статыстычным камітэтам.

Сярод поспехаў — і высокі ахоп дзяцей прышчэпкамі, што дазволіла нашай краіне ў 2023 годзе атрымаць сертыфікат СААЗ аб дасягненні рэгіянальных мэтавых паказчыкаў у барацьбе з гепатытам В шляхам вакцынацыі. У 2016 годзе Беларусь стала першай краінай у еўрапейскім рэгіёне, якая атрымала сертыфікат СААЗ аб поўнай ліквідацыі перадачы ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу ад маці да дзіцяці.

Сёлета важнай падзеяй у гэтым кірунку стане ўвядзенне вакцынацыі супраць віруса папіломы чалавека ўсіх дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў. Паводле інфармацыі Сяргея Дзіёрдзіцы, такія меры ў будучыні дазволяць папярэдзіць заражэнне гэтым смяротным захворваннем каля 300 жанчын штогод.

Вырашыць праблему яшчэ да нараджэння

Намеснік дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Улезка адзначыла, што ахова мацярынства і дзяцінства з’яўляецца прыярытэтнай сферай медыцыны ў нашай дзяржаве. З наступленнем цяжарнасці і нават да яе пачатку маладым жанчынам удзяляецца вялікая ўвага медыкаў. Усе будучыя мамы назіраюцца ў жаночых кансультацыях. Летась для такіх жанчын РНПЦ былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па правільным харчаванні і фізічнай актыўнасці.

Развіваецца і медыка-генетычнае тэсціраванне цяжарных жанчын. Ім праводзіцца ўльтрагукавы скрынінг для выяўлення парокаў плода. Гэта дае свае вынікі. Напрыклад, летась у больш чым 1100 пладоў былі выяўлены храмасомныя хваробы і прыроджаныя паталогіі. Сёння, дарэчы, іх можна ўстараніць нават да нараджэння дзіця — ва ўлонні маці.

— Гэта важна, бо дазваляе вызначыць далейшае вядзенне такой цяжарнасці, тактыку родаў, а таксама тактыку вядзення самога нованароджанага. Сёння многія праблемы можна вырашаць шляхам аперацыі і іншымі спосабамі на самых ранніх этапах, — адзначыла Алена Улезка.

Дзецям з асаблівасцямі псіханеўралагічнага развіцця дапамагаюць у Цэнтрах ранняга ўмяшання. Летась больш за 15 тысяч малых з бацькамі займаліся са спецыялістамі такіх цэнтраў па ўсёй краіне. Ва ўсіх рэгіёнах дзейнічаюць і катамністычныя кабінеты, якія працуюць з неданошанымі дзецьмі, а іх штогод нараджаецца каля 4 %. У мінулым годзе каля 2,5 тысячы дзяцей назіраліся ў такіх спецыялістаў.

Студэнты хварэюць менш

Немалаважным аспектам з’яўляецца і здароўе маладых людзей. У сталіцы за самай шматлікай групай моладзі — студэнтамі — сочыць 33-я студэнцкая паліклініка, якая сёння абслугоўвае 60 тысяч хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, у тым ліку 10 тысяч замежнікаў. З 2019 года яе філіял працуе ў студэнцкай вёсцы, а яшчэ 20 здраўпунктаў у розных навучальных установах.

Як адзначыла галоўны ўрач 33-й студэнцкай паліклінікі Алена Харкова, апошнім часам студэнты больш асэнсавана ставяцца да свайго здароўя. Захваральнасць летась знізілася на 6,3 %. У структуры хвароб сярод моладзі першае месца займаюць хваробы органаў дыхання (вострыя рэспіраторныя інфекцыі, вострыя фарынгіты і танзіліты), на другім месцы — хваробы касцёва-мышачнай сістэмы (скаліёзы, дорсапатыі, парушэнні паставы), на трэцім — хваробы вока (міяпіі, парушэнні рэфракцыі, акамадацыі), на чацвёртым — хваробы моча-палавой сістэмы.

Актыўна займаюцца медыкі дыспансерызацыяй студэнтаў, якая праводзіцца ў паліклініцы і здраўпунктах. Паліклініка ўкамплектавана ўрачамі ўсіх спецыяльнасцяў, працуе аддзяленне рэабілітацыі і фізіятэрапеўтычнага лячэння, а таксама плавальны басейн. З замежнымі студэнтамі працуюць урачы, якія валодаюць англійскай і кітайскай мовамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю