Top.Mail.Ru

Як у Беларусі развіваецца малы і сярэдні бізнес і якую падтрымку атрымлівае, расказалі ў Мінэканомікі

У Беларусі сектар малога і сярэдняга бізнесу дэманструе ўстойлівую дадатную дынаміку. Аб гэтым заявіў журналістам першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец, перадае БелТА.

«У краіне рэалізуецца дзяржаўная праграма па падтрымцы прадпрымальніцтва. Асобным аспектам гэтай падтрымкі з’яўляецца фінансавая дапамога прадпрымальнікам для таго, каб яны пачалі рэалізоўваць бізнес або інвесціравалі дадатковыя грошы ў развіццё. У рамках гэтай ініцыятывы прадугледжана фінансаванне ад Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў або ад Банка развіцця разам з банкамі-партнёрамі. У гэтым годзе пачата рэалізацыя 106 інвестыцыйных праектаў на больш як 20 млн рублёў», — сказаў Іван Вежнавец.

Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва займае ўсё большую долю ў эканоміцы краіны. «На сёння ўжо больш як 27% ВУП фарміруецца малымі і сярэднімі прадпрыемствамі. Ёсць асобныя сектары эканомікі, у якіх МСП займае ўжо больш за палавіну. Напрыклад, гэта сфера грамадскага харчавання, дзе 52% — суб’екты малога і сярэдняга бізнесу. Сёння сектар МСП — гэта ўжо амаль 135 тыс. юрыдычных асоб, больш як 200 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і недзе 250 тыс. самазанятых», — адзначыў першы намесніка міністра.

Акрамя таго, суб’екты МСП ствараюць пятую частку прамысловай вытворчасці, амаль трэць рознічнага тавараабароту, трэць падатковых паступленняў, 39% экспарту тавараў і 57,5% экспарту паслуг. У сектары занята 1,7 млн чалавек, што з’яўляецца максімумам за апошнія пяць гадоў.

Ужо чацвёрты год запар Міністэрства эканомікі ўзначальвае работу па правядзенні Беларускага тыдня прадпрымальніцтва. У гэтым годзе яна праходзіць 16-20 лістапада. «Традыцыйна кожны дзень мы раскрываем спецыфічную тэму і праводзім мерапрыемствы. Першы дзень прысвечаны падтрымцы маладзёжнай прадпрымальніцкай ініцыятывы — гэта мерапрыемствы ў ВНУ, падвядзенне вынікаў конкурсаў сярод моладзі. Другі дзень арыентаваны на цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, куды прадпрымальнікі могуць звярнуцца па нейкую дадатковую дапамогу, кансультацыю, паслугі. Трэці дзень тыдня прысвечаны падтрымцы турызму. Чацвёрты — дзень саветаў па падтрымцы прадпрымальніцтва, асноўная тэма — дыялог паміж дзяржавай і бізнесам, можна абмеркаваць набалелыя пытанні і знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні па важных аспектах. А пяты, заключны дзень Беларускага тыдня прадпрымальніцтва звычайна завяршаецца цырымоніяй узнагароджання пераможцаў конкурсу «Прадпрымальнік года», — праінфармаваў Іван Вежнавец.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю