«Другому хлебу» — пільная ўвага кіраўніка дзяржавы.
«Другому хлебу» — пільная ўвага кіраўніка дзяржавы.
У цэнтры ўвагі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — наша знакавая айчынная сельскагаспадарчая культура, узведзеная ў ранг нацыянальнага прадукту, — бульба. З вырошчваннем другога беларускага хлеба кіраўнік дзяржавы азнаёміўся прама ў полі — у ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», што ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Менавіта сюды 28 жніўня беларускі лідар здзейсніў рабочую паездку.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сартамі бульбы прама на полі, дзе яна расце. Агледзеў умовы захоўвання. І правёў нараду па далейшым развіцці гэтага кірунку ў сельскай гаспадарцы.
«Так, мужыкі, справа не пойдзе»
Але, як заўсёды, кіраўнік дзяржавы глядзеў шырэй асноўнай тэмы сваёй рабочай паездкі. Адразу пасля прыбыцця Аляксандр Лукашэнка падрабязна пацікавіўся сітуацыяй у ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» ў кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Багеля. Распытаў пра ход уборачнай, ураджайнасць сельгаскультур, жывёлагадоўлю. Пачутым Прэзідэнт застаўся задаволены. «Малайчына, што ў парадак прывёў гаспадарку», — пахваліў ён кіраўніка «Рассвета».
Знайшлося месца і для крытыкі. У суседніх гаспадарках сітуацыя далёка не такая, як у «Рассвеце». Гаворка зайшла ў тым ліку і аб гаспадарках Мінскай вобласці. «Паміж Чэрвенем і Беразіно (я заўсёды за гэтыя раёны перажываю ў Мінскай вобласці) — катастрофа. Палі не апрацаваныя. Вось, што мяне засмучае», — заўважыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што гэта такія ж палі, як і ў «Рассвеце», толькі на іх не працуюць належным чынам і яны прыходзяць у заняпад.
«Начальнікі ў нас, як і ў былыя часы, ездзяць па дарогах. Вось па дарозе едзеш, пры дарогах усё апрацавана, добра — амаль, як у „Рассвеце“. А далей (я ж бачу, з верталёта ўсё відаць) усё гэтым сумнікам, залатой травой, зарасло. Так, мужыкі, справа не пойдзе», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў гісторыю «Рассвета». Ён нагадаў, што ў савецкія часы гэта гаспадарка дабілася высокіх вынікаў не толькі па мерках БССР, але і ўсяго Савецкага Саюза. І гэта заслуга першага кіраўніка гаспадаркі — Кірыла Арлоўскага. Яго Прэзідэнт назваў заслужаным чалавекам. «Калі б не ён, такой гаспадаркі б не было», — адзначыў ён.
«Сяляне сёння працуюць добра»
Перш чым прыступіць да асноўнага пытання, разгледзелі пытанне, якое цяпер першачарговае, — уборачную кампанію ў цэлым па краіне. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што на гэты момант убрана збожжавых і зернебабовых з 91 % плошчаў і намалочана 8,4 млн т збожжа з улікам рапсу. З улікам укладу фермерскіх гаспадарак плануецца выйсці на ўраджай у 9 мільёнаў тон, без кукурузы.
Прэзідэнт пацікавіўся, як ідуць справы з уборкай у Віцебскай вобласці, ці хапае тэхнікі. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што вобласць спраўляецца. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на культуры земляробства ў Мінскай вобласці і падзяліўся назіраннямі: у раёне ракі Бярэзіны застаюцца незааранымі і недагледжанымі вялікія ўчасткі зямлі. Двума словамі — уражанне жудаснае. «Палі наогул незаарныя засталіся. Як я кажу, не ўлезці. Зноў хмызняком зарастуць і мы гераічна будзем траціць грошы на меліярацыю, каб іх прывесці ў парадак. Таму я вам раю ад дарогі далей на 3-5 кіламетраў ад’ехаць і паглядзець, што там робіцца», — адзначыў беларускі лідар.
У гэтым годзе з-за надвор’я агратэхнічныя тэрміны зрушыліся і час сяўбы азімага рапсу часткова супаў з уборачнай кампаніяй. Прэзідэнт настойвае, што пасяўную азімага рапсу трэба завяршаць. «Сёлета амаль у тэрмін пасеялі. У тыя гады я бачыў: тыдзень, 10 дзён, маглі да сярэдзіны верасня сеяць. А ў гэтым годзе сціснутыя тэрміны. І наогул сёлета сяляне працуюць добра (у параўнанні з тымі гадамі). Зразумела, ёсць і добрыя, і дрэнныя, але ў цэлым паглядзець — працуюць нядрэнна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Больш падрабязна пра ўраджай агародніны Прэзідэнт пацікавіўся ў кіраўніка КФХ «Дыяна» Шклоўскага раёна Уладзіміра Маліноўскага. Спецыяліст запэўніў, што ўраджай будзе нядрэнны — не ніжэйшы за ўзровень мінулага года адназначна. Уладзімір Маліноўскі таксама расказаў, што якасць бульбы ў гэтым годзе будзе нават лепшай, чым у мінулым годзе, таму што было шмат ападкаў, а гэтая культура любіць вільгаць.
«Там, дзе трэба прыкласці руку прыватніку, — калі ласка»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкі час «Рассвет» быў узорна-паказальнай гаспадаркай, маяком. У пачатку 1990-х, як і іншыя перадавыя гаспадаркі, аказаліся не ў лепшым стане, таму, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, яму, стаўшы Прэзідэнтам, давялося брацца за адраджэнне падобных перадавых гаспадарак, якіх у краіне тады было 60. Выбар быў зроблены на карысць калгасаў, саўгасаў. Пры гэтым, у адладжанай сістэме, якая ўстаялася, ёсць магчымасць перадаваць, напрыклад, фермерам асобныя землі для вядзення сельскай гаспадаркі.
«Тады мне давялося паказаць: вось гэтым шляхам мы пойдзем — буйнатаварныя гаспадаркі. Але калі хтосьці хоча стаць фермерам - калі ласка, вам зямля. Сёння наогул праблем няма. Бярыце любую гаспадарку. Натуральна, „Рассвет“ вам ніхто не аддасць, вы ж разумееце, што тут і бойка будзе яшчэ за гэты „Рассвет“ або за землі нейкія. Гэта ж сяляне, нельга тут ламаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Сёння многія, хто просіць даць землі сельгаспрызначэння, хацеў бы мець «вялікія латыфундыі» — займацца буйнатаварнай вытворчасцю, але на прыватным узроўні. «Калі ласка. У нас ёсць. Але адразу кажу, што гаспадаркі, якія добра працуюць (іх большасць), вядома, ніхто не аддасць. Навошта іх ламаць? Працуюць — хай працуюць. А там, дзе трэба прыкласці руку прыватніку, — калі ласка, будзем падтрымліваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. І нагадаў усім: на зямлі павінен быць парадак, запушчаных палёў ні ў каго не павінна быць.
«Гандаль павінен падключыцца на ўсю катушку»
На мерапрыемства ў «Рассвет» былі запрошаны і вытворцы бульбы — кіраўнікі дзесяці кампаній, якія атрымліваюць 30 працэнтаў ураджаю краіны, і яго прамысловыя перапрацоўшчыкі. «Я вас спецыяльна запрасіў, каб вы пакрытыкавалі нашых бульбаводаў, асабліва навукоўцаў», — патлумачыў Прэзідэнт.
Вясной гэтага года, як вядома, у гандлі былі праблемы з бульбай. І кіраўнік дзяржавы настойліва раіў павялічыць плошчы пад вырошчванне гэтай культуры. Дадзенае рашэнне аказалася правільным. Прэзідэнт папярэдзіў, што ў гэтым годзе значны попыт на бульбу можа захавацца, у тым ліку і ў Расіі. Увесну суседзі прадалі нават насенную бульбу, а хутка нарасціць пасяўныя плошчы не атрымаецца. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што і беларускія чыноўнікі прапаноўвалі прадаваць насенную бульбу, але Прэзідэнт катэгарычна адхіліў такія прапановы. «Я кажу: вы што, з глузду з’ехалі? Ну, пацерпім ужо... Аказваецца, там справа не ў бульбе была, а ў чыіхсьці галовах, якія сёння ў турме сядзяць», — нагадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не гандлёвыя сеткі павінны кіраваць вытворцамі, а наадварот. І паставіў задачу стварыць умовы для захоўвання: падрыхтаваць сховішчы для агародніны, закласці стабілізацыйныя фонды, каб потым не аказалася, што нам чагосьці не хапае. І гандаль, паводле яго, павінен падключацца да гэтага на ўсю катушку. «Хоць насамрэч, класіка: ты вырабіў, захаваў, прывёз у гандаль, гандаль у цябе ўзяў — прадае. Пакуль у нас так не ўсюды атрымліваецца. Але пытанне трэба вырашыць», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся наяўнасцю бульбы цяпер у магазінах і яе цаной. Было даложана, што гандаль на 95 % забяспечаны ранняй бульбай, цана ў сярэднім 1,3 беларускага рубля за кілаграм. Але гэта на раннюю бульбу, пасля яна знізіцца.
Трэба арыентавацца на сваё
Вадзім Махонька, генеральны дырэктар Навуковага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве, далажыў пра тое, як ідзе работа над селекцыяй беларускіх сартоў бульбы, якія па ўраджайнасці не горшыя за імпартныя. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, калі ёсць магчымасць купляць імпартныя сарты, нічога дрэннага ў гэтым няма, але лепш аддаваць перавагу айчынным узорам. «Калі ёсць сваё — трэба арыентавацца на сваё. У адваротным выпадку, як нас навучылі заходнікі, калі вароты зачыняцца, будзем разводзіць рукамі. Таму нам трэба арыентавацца на ўласныя сарты. І калі ўласныя па якасці і прадукцыйнасці, па цане таксама — нармальна, значыць, трэба вырошчваць», — заявіў Прэзідэнт.
Гэта датычыцца і тых, хто пастаянна працуе з бульбай. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на сетцы рэстаранаў хуткага харчавання Mak.by. «Каб у Mak.by з 1 кастрычніка не было ніводнага кавалка імпартнай бульбы. І катлеты. Там павінна быць беларускае, — распарадзіўся ён. — Што вы гэтую гадасць амерыканскую людзям падсоўваеце?»
Прэзідэнт нагадаў, што калі амерыканская кампанія сыходзіла з нашага рынку, ніхто не спалохаўся — была задача спраўляцца сваімі сіламі і сваёй прадукцыяй. Яе выканалі. Зараз імпартазамяшчэнне ў Mak.by выканана на 84 %. Выкарыстоўваецца айчынная бульба, усе інгрэдыенты для бургераў. Акрамя булачак, яны пакуль імпартныя. Але свая пякарня ўжо будуецца і пачне працаваць з лютага. Тым самым будуць закрытыя гэтыя 16 % па імпартазамяшчэнні. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ніколі не наведваў рэстараны гэтай сеткі, стравы не каштаваў. І паабяцаў наведаць, калі там усе стравы будуць на 100 % з беларускай прадукцыі.
У цэлым па краіне вырошчваецца 50 на 50 сартоў бульбы. 50 — айчынных, 50 — імпартных. «Трэба адыходзіць ад імпарту, калі якасць добрая. Ну і ўраджайнасць каб была», — упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што тэсціруе многія айчынныя сарты на асабістым падворку. Напрыклад, нядаўна назіраў, як рос новы сорт «Умка». Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што гэты сорт выклікаў у яго неадназначныя ўражанні. З аднаго боку, сама назва патрабуе яго вырошчваць, а з другога — ураджайнасць сёлета не вельмі добрая ў параўнанні з мінулым годам.
Беларускі лідар раскрыў інсайд — у маючы адбыцца візіт у Кітай ён возьме ў падарунак замежным калегам беларускую бульбу. У прыватнасці, такіх сартоў, як «Першацвет», «Брыз», «Гарантыя». Лепшай рэкламы для беларускай бульбы прыдумаць складана.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем вытворцаў аб беларускіх сартах. «Ёсць нармальныя беларускія сарты. Імі таксама трэба займацца», — заўважыў Уладзімір Маліноўскі.
«То-бок, калі па-чалавечы працаваць, то і беларускія нармальныя?» - удакладніў Прэзідэнт.
«Патрэбна цалкам выконваць тэхналогіі. Тады заўсёды будзе вынік», — адказаў фермер.
На ўгоддзях гаспадаркі «Рассвет» вырошчваюць увесь «набор для баршчу»: цыбулю, буракі, моркву. Прэзідэнт нагадаў, што цыбулю трэба есці для прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. А моркву пакаштаваў на смак і ацаніў высока.
«Трэба будаваць сховішчы ў сябе»
З умовамі захоўвання бульбы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся ў бульбасховішчы «Рассвета». У 2024 годзе была праведзена рэканструкцыя. Сховішча адпавядае ўсім стандартам: правільна зроблена вентыляцыя, падтрымліваецца патрэбная тэмпература паветра і ўзровень вільгаці. Маецца лінія па перадрэалізацыйнай дапрацоўцы бульбы і фасоўцы. Абсталяванне — беларускай вытворчасці і, па словах спецыялістаў, не саступае імпартнаму. «Не трэба імкнуцца будаваць (сховішчы. — "Зв.") недзе. Вось мы вырабляем, мы закладваем і мы гатовыя пастаўляць круглы год гэту прадукцыю», — заўважыў Уладзімір Маліноўскі.
Пра якасць бульбы Прэзідэнт пацікавіўся і ў супрацоўнікаў, прыз чые рукі яна праходзіць кожны дзень у прамым сэнсе. Пра захаванасць, якасць бульбы, асаблівасці сартавання ён спытаў у людзей, якія працуюць на сховішчы.
Прэзідэнт: «Беларуская бульба ўсюды заўсёды патрэбная»«Глядзіце, каб не было незапоўненых сховішчаў. Гэта злачынства — мець сховішча і не запоўніць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы чыноўнікаў і кіраўнікоў гаспадарак.
«Значыць, як і планавалі вясной, пасеяўшы на 4,5 тысячы гектараў больш бульбы, чым звычайна, мы не пралічыліся, як у народзе кажуць. Гэта знакавая сельскагаспадарчая культура для нас. Яна ўзведзена ў ранг нацыянальнага прадукту», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу, што ў часы СССР нас нездарма жартам празвалі бульбашамі. Беларусь хоць і займала тады трэцяе месца па аб’ёмах вытворчасці гэтай культуры пасля Расіі і Украіны (у іх бульба апрацоўвалася на большай колькасці гектараў), але спажывала і спажывае цяпер больш за ўсіх не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце. Прэзідэнт прывёў лічбы: «160 кілаграмаў на брата ў год, а то і 180 было». Нездарма кніга «500 страў з бульбы» была настольнай у кожнай беларускай гаспадыні і перадавалася ў спадчыну, заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры Нацыянальнай акадэміі навук працуе цэлы Інстытут бульбаводства. «Скарб», «Маніфест», «Ласунак», «Брыз», «Першацвет» — папулярныя сарты. Цяпер экзотыка пайшла: той жа «Сапфір» з карыснай фіялетавай мякаццю многія ведаюць і любяць. Але, акцэнтаваў увагу беларускі лідар, цяпер людзі больш аддаюць перавагу класічным сартам. Значыць, трэба прапаноўваць тое, што любяць людзі.
«Сёлета вясной былі шматразовыя замаразкі, усё лета — заліўныя дажджы, а потым — ранні туман, фітафтора. Ці ёсць у нас сарты, аднолькава ўстойлівыя да фітафтарозу, паршы, драцяніка? Трэба зрабіць нармальны сорт. Ганьба для навукоўцаў, калі ў Беларусі не будзе добрага, нармальнага сорту. Што хочаце рабіце: запазычвайце ў суседзяў, у немцаў, у французаў, у каго заўгодна», — даў яшчэ адно даручэнне кіраўнік дзяржавы.
«Давайце будзем працаваць па-чалавечы, разумеючы, што людзей трэба забяспечыць. Не хацелася б кіраваць дыктатарскім чынам, аўтарытарным, але часам не атрымліваецца. І давайце лепш будзем працаваць мірна, чым ваяваць», — звярнуўся да ўсіх адказных кіраўнік дзяржавы.
Кіраўскі раён