Top.Mail.Ru

Як у Беларусі забяспечваецца шчаслівае дзяцінства

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, пройдзе Рэспубліканскае свята «Дзяцінства — мірная краіна». У Мінску яго ўдзельнікамі стануць дзеці-сіроты, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, дзеці з асаблівасцямі развіцця і са шматдзетных сем’яў, школьнікі, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і спорце. Яны паўдзельнічаюць у дыялогавай пляцоўцы, наведаюць Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ўскладуць кветкі да абеліска «Мінск — горад-герой». Пасля іх чакае ўрачыстая канцэртная праграма. Святочныя мерапрыемствы да Дня абароны дзяцей пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.


Ахоп дашкольнай адукацыяй — 100 %

У Беларусі 20 % насельніцтва, або яго пятая частка — дзеці. Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, у краіне створана трывалая заканадаўчая база, якая абараняе іх законныя інтарэсы. Дзяржава забяспечвае прыярытэт выхавання дзяцей у сям’і.

У Беларусі якасная дашкольная адукацыя забяспечваецца дзяржаўнымі ўстановамі, у якіх гарантаваны роўныя стартавыя магчымасці для навучання і выхавання ўсіх дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту.

— У многіх краінах навучанне і выхаванне дзяцей да трох гадоў адносіцца да кампетэнцыі міністэрстваў аховы здароўя і сацыяльнай абароны, што па сутнасці з’яўляецца толькі доглядам і наглядам. У Беларусі гэта паўнацэнны адукацыйны працэс. Каля 53,2 % дзяцей гэтай узроставай катэгорыі ў нас ахоплены дашкольнай адукацыяй. Для параўнання ў 33 краінах свету гэты паказчык ніжэй за 20 %, — прыводзіць лічбы Алена Вайцяховіч.

Дарэчы, на працягу апошніх гадоў у Беларусі паказчык развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі па ахопе дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — адзін з найвышэйшых у свеце — 100 %. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да навучання ў школе.

Для падтрымкі адораных

У краіне створаны ўмовы для атрымання якаснай агульнай сярэдняй адукацыі ўсімі вучнямі незалежна ад віду ўстановы адукацыі (школа, гімназія, ліцэй) і яе месца размяшчэння (гарадская або сельская мясцовасць). Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі могуць адкрывацца класы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні — профільныя класы для 10–11-х класаў. Прадметы вызначаюцца з улікам пажаданняў вучняў. Для ранняй прафарыентацыі дзяцей у школах пашыраецца сетка профільных класаў прафесійнай накіраванасці, у якіх у бягучым навучальным годзе вучыцца 28,5 тысячы старшакласнікаў. Гэта класы педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай, інжынернай, спартыўнай, медыцынскай накіраванасці.

Забяспечаны ўсе ўмовы для развіцця індывідуальных асаблівасцяў навучэнцаў. У прыватнасці, праводзіцца рэспубліканская алімпіяда па 18 вучэбных прадметах. У заключным яе этапе бяруць удзел каля 1,5 тысячы вучняў, дыпломамі пераможцаў узнагароджваюцца парадку 650 удзельнікаў. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды фарміруюцца каманды для прадстаўлення Беларусі на міжнародных прадметных алімпіядах. Летась беларускія школьнікі ўзялі ўдзел у 13 міжнародных спаборніцтвах. З 63 удзельнікаў міжнародных алімпіяд 56 (гэта амаль 89 %) сталі пераможцамі і прызёрамі, імі заваявана 18 залатых, 13 сярэбраных і 25 бронзавых медалёў.

Загадчык навуковай лабараторыі РНПЦ «Маці і дзіця» Маргарыта Дзевялтоўская нагадала пра важнасць клопату аб здароўі кожнага дзіцяці. У сферы аховы здароўя Беларусь уваходзіць у топ краін з самымі нізкімі паказчыкамі дзіцячай смяротнасці, займае 35-е месца сярод 175-і ў рэйтынгу краін здаровага і шчаслівага дзяцінства. У РНПЦ «Маці і дзіця» накіроўваюць самых складаных пацыентаў з усёй краіны, тут дапамагаюць жанчынам з цяжкімі захворваннямі нараджаць здаровых дзяцей.

Новае ў заканадаўстве

Член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Святлана Адзінцова расказала аб навацыях у заканадаўстве, якія чакаюцца ў найбліжэйшай будучыні.

— Абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей з’яўляецца важнай сацыяльнай задачай для нашага грамадства. Гэта нацыянальны прыярытэт. На дарослых ускладзена асаблівая адказнасць за захаванне здароўя дзяцей, іх выхаванне, якое забяспечвае паўнацэннае духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё. У Беларусі рэалізоўваецца паслядоўная дзяржаўная палітыка, накіраваная на тое, каб дзіця расло і выхоўвалася ў спрыяльнай абстаноўцы, якая выключае пагрозу для яго жыцця і здароўя, — адзначыла дэпутат.

Ключавое месца ў гэтай рабоце займае ўдасканаленне заканадаўства аб правах дзіцяці, якое павінна не толькі замацоўваць правы дзяцей, але і забяспечваць іх належную ахову і абарону. Такія задачы вырашае найперш абноўленая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, згодна з якой, сям’я, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, а бацькі і асобы, якія іх замяняюць, абавязаны выхоўваць дзяцей і клапаціцца пра іх здароўе.

31may-8-92.jpg

1 студзеня 2025 года ўступіў у сілу Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання шлюбных і сямейных адносін».

— Ён забяспечвае ўзмацненне адказнасці бацькоў, якія не выконваюць абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні сваіх дзяцей. Таксама ў ім дэталізаваны паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і арганізацый, якія забяспечваюць меры па дзяржаўнай абароне дзяцей, і каардынацыя іх сумесных дзеянняў па ўсіх працэдурных пытаннях, што звязаны з абаронай, — нагадала Святлана Адзінцова.

Да другога чытання рыхтуецца Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях абароны дзяцей». Праект закона распрацаваны ў мэтах удасканалення заканадаўства ў галіне правоў дзіцяці, у тым ліку праз узмацненне гарантый дзяржаўнай абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю