Як у Беларусі клапоцяцца пра бяспеку дзяцей у анлайн-асяроддзі, расказаў падчас круглага стала «Абарона дзяцей у лічбавым асяроддзі: аб’ядноўваючы намаганні дзяржавы, бізнесу і міжнародных арганізацый» першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Павел Ткач, перадае БелТА.
У Беларусі пытаннем кібербяспекі дзяцей і моладзі займаюцца розныя ведамствы ў рамках сваёй кампетэнцыі. «Напрыклад, Міністэрства адукацыі выступае як галоўны каардынатар, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі — як тэхнічны рэалізатар. Таксама работай у гэтай галіне актыўна займаецца Міністэрства ўнутраных спраў», — адзначыў Павел Ткач.
Паводле яго слоў, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, у прыватнасці, узаемадзейнічае з аператарамі сотавай і электрасувязі, якія аказваюць паслугі па бяспечным доступе да сеткі Інтэрнэт. «Бяспечны доступ забяспечваецца і за кошт спецыяльнага бацькоўскага кантролю, фільтрацыі непажаданага кантэнту, спецыяльных дзіцячых тарыфных планаў. Акрамя таго, у сотавых аператараў ёсць уласныя адукацыйныя курсы для дзяцей у гэтай галіне», — дапоўніў першы намеснік міністра.
Кібербяспекай дзяцей займаюцца не толькі на ўзроўні дзяржавы. «Гэта і бізнес, і сям’я, і ўстановы адукацыі. Школа прыкладае сур’ёзныя намаганні па выхаванні ў дзіцяці крытычнага мыслення. На кожным з гэтых узроўняў створаны неабходныя ўмовы для таго, каб забяспечыць бяспеку дзяцей у віртуальным асяроддзі, — растлумачыў Павел Ткач. — Важную ролю адыгрываюць не толькі школы, але і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, установы вышэйшай адукацыі, паколькі работу па развіцці ў моладзі крытычнага мыслення трэба праводзіць бесперапынна».