Top.Mail.Ru

Як у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках сустракаюць першакурснікаў — будучыню аграрнай навукі

Навучальны год толькі пачынаецца, а ў студэнцкім гарадку БДСГА ўжо з тыдзень кіпіць жыццё — студэнты засяляюцца ў інтэрнаты. Апошнімі, як правіла, літаральна ў мінулыя выхадныя, засяляліся першакурснікі. «Звязда» паглядзела, як маладыя людзі з розных куткоў Беларусі рабілі свой першы крок у самастойнае жыццё.



13 інтэрнатаў на 5,5 тысячы месцаў

Акадэмія — адна з найбуйнейшых ВНУ краіны, і яе студэнцкі гарадок па маштабах можна параўнаць з невялікім горадам. Тут размясціліся 13 інтэрнатаў амаль на 5,5 тысячы ложка-месцаў, што забяспечваюць жыллём 100 % студэнтаў, якія маюць у ім патрэбу.

Гэта сем інтэрнатаў блокавага тыпу, дзе студэнты жывуць па 1–3 чалавекі ў пакоі, і шэсць — калідорнага, па 2–3 чалавекі. Кожнае памяшканне мае сваю атмасферу, але ўсе аб’ядноўвае адно: тут пачынаецца студэнцкае жыццё.

Да новага навучальнага года ў акадэміі правялі рамонт у інтэрнатах № 3 і № 14. У пакоях абнавілі падлогі і столі, замянілі мэблю, прывялі ў парадак калідоры. Інтэрнат № 14 — самы вялікі ў акадэміі, на 860 месцаў, таму абнаўленне закранула значную частку студэнцкага гарадка.

Першы крок у самастойнае жыццё

У дзень засялення ў кожным інтэрнаце працуюць валанцёры і актывісты прафкама студэнтаў — старэйшыя студэнты, якія добра ведаюць, што такое першыя дні ў новым месцы. Яны дапамагаюць першакурснікам запоўніць заявы і дагаворы, тлумачаць, дзе знаходзяцца навучальныя карпусы, сталовая і пральня, куды звяртацца з пытаннямі і як наогул уладкавана жыццё ў інтэрнаце.

Для новаспечанага студэнта, які ўпершыню з’ехаў з дому, такая падтрымка часам значыць не менш, чым ключ ад пакоя.

Першакурснікі атрымліваюць ключы, абжываюць пакоі і знаёмяцца з будучымі суседзямі, з якімі ім давядзецца дзяліць студэнцкія будні, лекцыі і сесіі.


Сямейная традыцыя: шлях бацькі — шлях дачкі

Сярод тых, хто сёння атрымліваў ключы ад пакоя, — Агата Трушчанка, першакурсніца эканамічнага факультэта. Яна прыехала з Браслава і вырашыла працягнуць сямейную традыцыю.

— Я паступіла ў акадэмію, таму што калісьці гэтую навучальную ўстанову скончыў мой тата. Мы вырашылі, што я пайду туды ж. Задаволена, што абрала эканамічны факультэт, люблю матэматыку, таму цягнула да гэтага, — расказвае дзяўчына.

На пытанне, што ўразіла ў першы дзень, Агата адказвае без ваганняў:

— Мне вельмі спадабалася, як хлопцы і дзяўчаты дапамагалі нам запоўніць дакументы. Яны вельмі таварыскія. Мы пагаварылі са студэнтам, які скончыў першы курс, ён расказаў, якія могуць быць цяжкасці. Гэта вельмі дапамагло.

«Убачыла — і супакоілася»

Сярод тых, хто суправаджаў сваіх дзяцей у новым жыцці, — Таццяна Анатольеўна Гарыфуліна. Яна прыехала з Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, каб дапамагчы дачцэ абжыцца ў інтэрнаце.

— Пра акадэмію даведаліся ад нашай арганізацыі. Паглядзелі, паманіторылі, прыехалі — нас павадзілі, паказалі. Усё спадабалася, і мы паступілі, — расказвае яна.

Таццяна Анатольеўна прызнаецца, што першапачаткова хвалявалася:

— Калі ў першы раз прыехала, крыху перажывала, таму што гэта ад нас амаль трыста кіламетраў. Дзіця рэдка будзе дома. Але, калі мы прыехалі сюды, пахадзілі, паглядзелі, — я супакоілася.

Уражанні ад першага візіту былі самымі лепшымі:

— Мы прыязджалі летам, усё цвіло, усё прыгожа, сонечнае надвор’е. Нас павадзілі, правялі экскурсію. Усё годна, усё — мы паехалі спакойныя, шчаслівыя. Нават дзіця трохі супакоілася, таму што спачатку хацела паступаць у Гомель. А тут пабылі — і ўсё, дачка пагадзілася.


Убачылі ў TіkTok — і паступілі

Аліна прыехала ў Горкі з Мінска. Яна ўжо засялілася ў інтэрнат і дзеліцца першымі ўражаннямі:

— Я прыехала ўчора на засяленне. Мне вельмі падабаецца інтэрнат, шчыра. Усё вельмі зручна, вельмі класна. Горкі таксама вельмі падабаюцца — такі маленькі, утульны гарадок, дзе ўсё блізенька.

Аліна расказвае, як даведалася пра Горацкую акадэмію:

— Мне трапілася відэа ў TіkTok, і мне вельмі спадабаўся ўвесь гэты вайб, уся вучоба. Таму я вырашыла паступаць сюды.

Яраслаў прыехаў у Горкі з Баранавіч. Пра акадэмію малады чалавек даведаўся зусім выпадкова:

— Даведаўся пра акадэмію вельмі спантанна. Залез у TіkTok, пачаў лістаць стужку, як звычайна, раніцай, і раптам у вочы кінулася цудоўная акадэмія. У выніку вырашыў паступаць сюды. Не прагадаў — паступіў, усё выдатна, усё цудоўна.

Горад Горкі Яраславу таксама спадабаўся:

— Гарадок вельмі прыгожы, хоць я ў ім зусім няшмат пагуляў. Вельмі прыгожы, шмат зеляніны, шмат паркаў, шмат дрэваў, шмат свежага паветра.

А інтэрнат, паводле яго слоў, перасягнуў чаканні:

— Інтэрнат вельмі падабаецца. Гэта адзін з самых выдатных інтэрнатаў, у якім я калі-небудзь мог бы пасяліцца.

Месца для кожнага

Заявы на засяленне ў акадэміі разглядаюць на працягу ўсяго навучальнага года. Асаблівая ўвага — замежным студэнтам. БДСГА традыцыйна прымае моладзь з краін блізкага замежжа, а таксама чакае навучэнцаў з Кітая. Іх залічэнне будзе працягвацца да канца года, і месца ў інтэрнаце падрыхтавана для кожнага.

Гэтыя дні ў Горках — час, калі пустыя калідоры інтэрнатаў напаўняюцца галасамі, смехам і рухам. Першакурснікі знаёмяцца, абменьваюцца нумарамі тэлефонаў і плануюць, як будуць жыць у гэтым горадзе наступныя гады. А тыя, хто сустракае іх, добра памятаюць: некалькі гадоў таму яны самі стаялі тут з чамаданамі і ўсміхаліся новаму этапу жыцця. І менавіта так пачынаецца шлях у прафесію — з гэтых першых дзён, калі інтэрнат становіцца домам, а суседзі — сябрамі.

Надзея Зуева

Фота прэс-службы БДСГА

г. Горкі, Магілёўская вобласць


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю