Па даручэнні кіраўніка дзяржавы з 2022 года ў краіне рэалізуецца маштабная ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект», накіраваная на ўмацаванне беларускай эканомікі і актывізацыю інвестыцыйнай дзейнасці. Праграма ўключае ўжо больш за 200 праектаў, а некалькі дзясяткаў іх завершана ў розных рэгіёнах краіны. Большую частку складаюць праекты вытворчай накіраванасці — у дрэваапрацоўцы, металургічнай вытворчасці, вытворчасці машын і абсталявання, перапрацоўцы аграпрамысловай прадукцыі, выпуску медыцынскіх вырабаў, фармацэўтыцы.
Пры гэтым кожная вобласць мае свае асаблівасці ў рэалізацыі. Напрыклад, на Віцебшчыне да 97 % у агульным аб’ёме інвестыцый складае расійскі капітал. Менавіта з яго прыцягненнем паспяхова рэалізаваны праект у Бешанковіцкім раёне. Летась тут створаны вытворчы цэх па вырабе харчовых араматызатараў «Скорпіа-Кветка».
Расіяне Аляксандр і Яна Клубковы з ідэяй стварыць прадпрыемства аб’ехалі некалькі раёнаў Віцебскай вобласці. Спадабалася менавіта ў Бешанковіцкім, тым больш што знайшлася прыдатная маёмасць. Да таго ж мясцовыя ўлады сям’ю прадпрымальнікаў падтрымалі і словам, і справай. У выніку ад моманту рэгістрацыі да адкрыцця вытворчасці прайшло крыху больш за год.
— З нашага боку важнай задачай было ўцягванне ў гаспадарчы абарот невыкарыстанай маёмасці і стварэнне новых працоўных месцаў, а таксама папаўненне бюджэту раёна, — расказвае намеснік старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Таццяна Ждановіч. — У 2023 годзе мы ўключылі гэту ініцыятыву ў інвестыцыйны пералік праграмы «Адзін раён — адзін праект». Бюджэтных сродкаў і ільгот прадпрыемства не атрымлівала, інвестар укладаў выключна ўласныя грошы.
Першым быў запушчаны цэх вадкіх араматызатараў. І паступова вытворца, які на сёння адзіны ў краіне вырабляе натуральныя і ідэнтычныя натуральным харчовыя араматызатары, заняў каля паловы айчыннага рынку. Штомесяц тут вырабляюць у сярэднім пяць—шэсць тон прадукцыі, якую пастаўляюць вядомым харчовым брэндам. Сёння тут створана 13 працоўных месцаў.
Аднак ёсць вялікія планы па пашырэнні вытворчасці. У цяперашні час тут дапрацоўваюць кітайскую лінію па разліве харчовых канцэнтратаў у дробную тару. Гэта прадукцыя запатрабавана ў Расіі і будзе пастаўляцца на экспарт. Прадпрыемства стварыла ўласную лабараторыю, устанавіла станцыю па ачыстцы вады. На чарзе — газіфікацыя вытворчасці. Ёсць і больш амбіцыйныя планы — запуск цэха па вырабе сухіх нехарчовых араматызатараў, і тут ужо завяршаюцца будаўнічыя работы. А сям’я Клубковых, здаецца, канчаткова асталявалася ў Беларусі і не мае намеру пераязджаць.
— Ужо больш за 630 тысяч рублёў было інвеставана ў вытворчасць, і тое — паспяховы прыклад стварэння прыватнага бізнесу. Гэта адзіная ў краіне імпартазамяшчальная вытворчасць натуральных харчовых араматызатараў, якая дае штуршок развіццю нашага раёна. Дзякуючы ёй працоўныя месцы створаны ў аграгарадку, што вырашае важныя сацыяльныя задачы, — адзначае Таццяна Ждановіч.
Яшчэ адзін праект па праграме «Адзін раён — адзін праект» пачаў рэалізоўвацца ў раёне летась: у чэрвені было зарэгістравана ТАА «Люфтэр». У будынку былой гімназіі з агульнай плошчай памяшканняў больш за 4,5 тысячы кв. м, які не выкарыстоўваўся, цяпер ствараецца фабрыка па вытворчасці цукерак з удзелам кітайскага капіталу. Інвестар ужо мае некалькі аналагічных вытворчасцяў у Кітаі і В’етнаме.
Такім чынам, ініцыятыва кітайскага прадпрымальніка знайшла разуменне ў зацікаўленых у інвестыцыях мясцовых улад. У выніку за мінулы і бягучы год у стварэнне вытворчасці інвеставана больш за 4 мільёна рублёў. Усяго ж, згодна з бізнес-планам, плануецца ўкласці не менш як 7 мільёнаў. На першым этапе мяркуецца, што працаваць тут будзе 50 чалавек, далей лічба павінна вырасці да 100 працоўных месцаў.
Ужо сёння на прадпрыемстве атрыманы неабходныя заключэнні і ўзгоднена рэцэптура. Згодна з праектам тэхнічнай мадэрнізацыі, завершаныя ўнутраныя работы, вытворчае абсталяванне прайшло выпрабаванні і выпушчаны пробныя партыі цукерак. Вытворчасць наладжана і гатова да запуску.
— Гэта важны і значны для нас праект, дзякуючы якому ствараюцца новыя працоўныя месцы. Будынак вялікай плошчы, які не выкарыстоўваўся, не так проста уцягнуць у гаспадарчы абарот, і мы рады, што нам гэта ўдалося. Згодна з бізнес-планам, 90 % прадукцыі будзе ісці на экспарт, і мяркую, што ў будучым прадпрыемства стане візітоўкай нашага раёна, — рэзюмуе Таццяна Ждановіч.
Пакуль жа візітоўкай раёна без перабольшвання можна назваць навукова-вытворчае прадпрыемства «Белкатламаш», якое без малога ўжо 35 гадоў займаецца распрацоўкай і вытворчасцю прамысловых катлоў і кацельнага абсталявання. Зусім нядаўна яно перамагло ў намінацыі «Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці» на нацыянальным конкурсе «Прадпрымальнік года».