Калі памяць агульная
У цэнтры пасёлка Глуша Бабруйскага раёна, побач з паркам, дзіцячымі пляцоўкамі і крамамі, стаіць мемарыял «Засмучаная маці». Гэтае месца ведае кожны жыхар пасёлка — тры бетонныя тумбы, на якіх размешчаны тры сімвалічныя элементы.
На першай тумбе ўсталявана скульптура босай жанчыны з салдацкай каскай у руках. Гэта — вобраз беларускай маці, якая страціла дзіця, але не страціла годнасці. Другая тумба — з надпісам «Вечная памяць». Трэцяя складаецца з сямі металічных пліт з імёнамі 109 загінулых жыхароў пасёлка Глуша ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гэты мемарыял — не проста помнік. Для кожнага жыхара Глушы гэтае месца асабістай памяці: тут можна ўбачыць прозвішча свайго дзеда, бабулі, роднага чалавека. «Кожны другі жыхар можа знайсці тут свайго родзіча, — расказвае старшыня Глушанскага сельсавета Таццяна Плоская. — Таму гэта не проста помнік, гэта наша гісторыя і сямейная памяць».

Адным з галоўных ініцыятараў увекавечання памяці загінулых землякоў і стварэння ў Глушы мемарыяла быў Алесь Адамовіч. Помнік быў пабудаваны яшчэ ў 1976 годзе. Але гады рабілі сваю справу. Бетонныя тумбы, складзеныя з цэглы, зашпакляваныя і пафарбаваныя, трэскаліся ад вільгаці і марозу. Зімой вада трапляла ў швы, разрывала іх — і кожную вясну мемарыял даводзілася рамантаваць. Пліты пачалі рухацца, выгляд станавіўся ўсё горшы. Патрэбны былі радыкальныя змены.
Ідэя, якая аб’яднала
Старшыня Глушанскага сельсавета Таццяна Плоская расказвае, што ідэя абнавіць мемарыял нарадзілася не ў кабінетах, а сярод людзей. Летась, у верасні, на агульным сходзе ў мясцовай школе, жыхары падтрымалі прапанову паўдзельнічаць у грамадзянскай ініцыятыве.

«Мы дапаможам, тым больш справа патрэбная. Сваімі сіламі зробім, што зможам», — вырашылі людзі. І пачалася праца. Справіліся хутка — да вызначанага тэрміну грошы былі сабраныя і пералічаныя на рахунак. Асаблівая ўвага — спісам загінулых. У гэтых спісах указаны не толькі імя і прозвішча, але і месца, і абставіны гібелі: хто загінуў на фронце, хто быў расстраляны, хто быў закатаваны ў канцлагерах, хто не вярнуўся з палону. Гэта была велізарная праца, і яна не знікла дарэмна.
Бюджэт ініцыятывы склаў 11 500 рублёў. 10 % з гэтай сумы — 1150 рублёў — сабралі самі жыхары. Астатняе — дзяржаўнае фінансаванне. Людзі дапамагалі, хто колькі мог: хто 3 рублі, хто 50, хто 250. Не засталіся ўбаку і школьнікі — дзеці прыходзілі з рублём, каб зрабіць свой унёсак у агульную справу.
«Наш мемарыял — жывая гісторыя пасёлка, — кажа Таццяна Плоская. — Тут не проста імёны — лёсы людзей, якія жылі на гэтай зямлі, працавалі, марылі і аддалі жыццё за тое, каб мы жылі».
Новы выгляд — новае жыццё
Пасля таго як ініцыятыву ўхвалілі ў Магілёве, у пасёлку аб’явілі тэндар. Пераможцам стала мясцовая фірма, якая добра ведае і тэрыторыю, і сам мемарыял. Яны прапанавалі найбольш выгадныя ўмовы і дадатковыя работы, якія зробяць мемарыял найпрыгажэйшым.
У верасні работы завяршыліся, у кастрычніку адбылося адкрыццё абноўленага мемарыяла: тры пастаменты загрунтавалі і пафарбавалі, а на месцы старых пліт зрабілі сем новых — з чорнага граніту, з высечанымі імёнамі загінулых жыхароў Глушы. Восьмая пліта з надпісам «Вечная памяць». Светла-шэры бетон замянілі строгім чорным гранітам. Гэтае абнаўленне як пераасэнсаванне — каб месца памяці выглядала сучасна і годна, каб кожны, хто прыходзіць, адчуваў глыбіню пашаны да тых, каго ўжо няма побач.
Мемарыял «Засмучаная маці» ўжо даўно стаў сэрцам пасёлка. Тут праходзяць усе патрыятычныя мерапрыемствы: у Дзень Перамогі, у Дзень Незалежнасці, 22 чэрвеня. Сюды прыходзяць з кветкамі, сюды вядуць школьнікаў. Мемарыял асветлены, яго нельга не заўважыць — ён у цэнтры, і кожны дзень міма яго праходзяць людзі.

Па словах старшыні сельсавета, за мемарыялам замацавана школа. Вучні рэгулярна даглядаюць тэрыторыю: праполваюць кветнікі, прыбіраюць, падмятаюць. Так дзеці не толькі вучацца працаваць, але і засвойваюць галоўны ўрок павагі да памяці тых, хто аддаў жыццё за будучыню. «Па-іншаму мы патрыятызму не навучым, — кажа Таццяна Плоская. — Мы сваім прыкладам паказваем, што тут павінна быць чыста, акуратна, гэта не проста месца — гэта ўвасабленне нашай памяці».
Пасёлак, дзе хочацца жыць
Глуша — пасёлак з багатай гісторыяй. Калісьці тут працаваў шклозавод «Камінтэрн», які прыцягваў людзей з усяго Савецкага Саюза. У пасёлку працуюць школа, дзіцячы садок, бальніца, чатыры крамы, лазня, царква. Тут жывуць людзі, якія не абыякавыя да свайго мінулага і сваёй будучыні. Нездарма за апошнія тры гады ў Глушы не засталося ніводнага дома на продаж — усе раскупілі.
У пасёлку ёсць музей «Народнай творчасці», які карыстаецца вялікай папулярнасцю. Тут можна ўбачыць тры тыповыя хаты — ткачыхі, багача і бедняка. Яны паказваюць быт нашых продкаў. Ёсць і дзеючая царква, перавезеная з іншага месца. Вакол пасёлка — сасновы бор, невялікае возера. Мясцовыя пенсіянеры з задавальненнем займаюцца скандынаўскай хадой па лясных сцежках.
І гэтая грамадзянская ініцыятыва — толькі пачатак. Як кажа Таццяна Плоская, пасля першага поспеху, напэўна, з’явяцца і новыя ідэі. Яна лічыць, што гэта заслуга найперш глушаўчан і выказала ім падзяку за актыўны ўдзел, у тым ліку фінансавы, і, вядома, дзяржаве, якая дае магчымасць браць удзел у такіх праектах.
Надзея ЗУЕВА