Top.Mail.Ru

Як у глыбінцы адкрываюць юныя таленты?

Некалькі месяцаў таму аб невялікім горадзе Сянно, што ў Віцебскай вобласці, даведаліся мільёны тэлегледачоў канала НТБ. Паўфіналістам праекта «Ты супер!», у якім удзельнічаюць дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, стаў выхаванец Сенненскага дзіцячага дома Ваня Мальцаў. А напрыканцы студзеня юная зорачка разам з Пятром Елфімавым і Мікалаем Лукашэнкам выканала на сцэне «Мінск-арэны» легендарную беларускую «Малітву» ў рамках канцэрта рэспубліканскай акцыі «Марафон адзінства». І, бадай, ніводны беларус не застаўся абыякавы.


14-гадовы Ваня Мальцаў родам з Наваполацка, яго бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Клопат пра хлопчыка, яго сястру Лену і брата Дзяніса ўзяла на сябе бабуля, але справіцца з апякунскімі абавязкамі ёй аказалася не па сілах. Летам 2017-га года Іван разам з сястрой апынуліся ў Сенненскім дзіцячым доме, праз год да іх далучыўся і Дзяніс.

Для кіраўніцтва і педагогаў установы белавалосы хлопчык стаў прататыпам галоўнага героя казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы. «Ваня вельмі інтэлігентны, менавіта гэта характарыстыка яму падыходзіць больш за ўсё. Наш Маленькі прынц унутры і звонку надзвычай далікатны, сціплы, але разам з гэтым валявы на шляху да пастаўленых мэт», — так характарызуе выхаванца дырэктар дзіцячага дома Ганна Броўка.

Першай адоранасць Мальцава разгледзела тады музычны кіраўнік, а цяпер дырэктар Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Ільюшэнка. Калі ў шасцігадовым узросце хлопчык паступіў у дзіцячы дом, менавіта Ірына заўважыла ў ім здольнасці, прапанавала займацца музыкай і спяваць. Спачатку Ваня саромеўся, баяўся публікі, але ўсё ж палюбіў творчасць і сцэну. Ён хутка схоплівае мелодыю, запамінае тэкст. 

У дзіцячым доме Іван змог праявіць сябе не толькі як вакаліст, але і як вядучы мерапрыемстваў.

«Мы ўпарта трэніравалі прамоўніцкія здольнасці, артыкуляцыю, сцэнічную прамову і акцёрскае майстэрства. У пэўны момант парэкамендавала вучня ў Сенненскую дзіцячую школу мастацтваў. Там працягнулі яго развіццё і зрабілі свой унёсак у прафесійнае навучанне педагогі па вакале Анастасія Грынкіна, а затым і да сённяшняга дня Наталля Мефодзіенка», — успамінае творчы шлях юнака Ірына Сяргееўна.

Як навучэнец школы мастацтваў Іван неаднаразова перамагаў на вакальных конкурсах сярод дзіцячых устаноў мастацтваў Віцебскай вобласці. За сем сезонаў расійскага шоу «Ты супер!» нікому з выхаванцаў Сенненскага дзетдома не ўдавалася прайсці кастынг на праект, а ў Вані атрымалася з трэцяй спробы.

«Ад мяне першай Іван даведаўся, што мы едзем у Маскву. Было хвалявальна, паездка патрабавала аператыўнай падрыхтоўкі дакументаў і фінансавых выдаткаў. Але мы рэальна адчувалі падтрымку нашага калектыву і асабіста дырэктара Ганны Броўка, дзякуючы чаму ўсё і атрымалася. Мы пазнаёміліся з Масквой, шмат гулялі па горадзе.  Нягледзячы на працоўны інтэнсіў і непрадбачаныя форс-мажоры, паездка была ў радасць. Выдатна, што існуе такі праект для дзяцей з няпростым лёсам, які раскрывае магчымасці творчага росту. Яшчэ не магу не сказаць, што мне імпануе характар Івана. Ён вельмі адказны, сур’ёзны, шчыры і клапатлівы, трохі стрыманы вонкава. З яго, думаю, вырасце годны чалавек, добры сем’янін, сапраўдны мужчына», — дзеліцца педагог.

Чатырнаццаты дзень нараджэння юны артыст сустрэў 10 верасня ў Маскве. Напярэдадні якраз паказалі ў эфіры выпуск праекта з яго выступленнем. З дзіцячага дома Івану перадалі падарунак, а таксама кветкі, паветраныя шары, салодкія пачастункі для сяброў па праекце. 

І хоць Ваня не стаў пераможцам, ён не апускае рукі і плануе вярнуцца ў студыю зноў.

  • Дарэчы, Мальцаў — не адзіная зорка дзіцячага дома: побач з ім у мясцовай плеядзе талентаў педагогі называюць імёны Ніны Міхайлоўскай, Ганны Целяпнёвай, Аліны Маслянскай, Дзмітрыя Ільюшэнкі, Ірыны Байковай і многіх іншых. 

У самастойным жыцці хтосьці з выпускнікоў працягвае займацца творчасцю як хобі, хтосьці абраў прафесію ў дадзеным кірунку. І гэта, пэўна, самая вялікая заслуга педагогаў, якія не толькі выхавалі добрых людзей, але і змаглі паспяхова развіць іх прыродныя здольнасці.

Жыццё Маленькі прынц з Віцебшчыны плануе звязаць толькі з музыкай. Напрыканцы студзеня яму выпала магчымасць выступіць перад тысячамі беларусаў на сцэне «Мінск-арэны» разам з Пятром Ялфімавым і Мікалаем Лукашэнкам. І гэта, прызнаецца хлопец, было тым яшчэ выпрабаваннем. 

«Выпрабаваннем на адказнасць і смеласць. Права выступіць на такой сцэне стала для мяне вельмі пачэсным і хвалюючым. Вельмі адчувальнай была падтрымка гледачоў, а калі адзін за адным у цемры сталі запальвацца ліхтарыкі, гэта было падобна на казку», — успамінае герой.

Нягледзячы на поспех, Ваня не захварэў на «зорнасць». Ён так жа працягвае вучыцца, удзельнічае ў раённых і абласных мерапрыемствах, любіць з братам і сястрой пагуляць у настольны тэніс. І вельмі марыць аб тым, каб ува ўсіх дзетак на свеце блізкія і родныя былі побач.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю