Указам Прэзідэнта 2025 год аб’яўлены ў Беларусі Годам добраўпарадкавання. Ён дае старт пяцігодцы якасці і накіраваны на аб’яднанне намаганняў дзяржавы і грамадзян ў павышэнні якасці жыцця, навядзенні парадку на зямлі і паляпшэнні экалагічнага стану. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК расказаў аб ключавых задачах і рабоце ведамства ў рамках Года добраўпарадкавання.
Найважнейшымі задачамі Мінпрыроды ў 2025 годзе стане забеспячэнне права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, якасць якога гарантуе экалагічную бяспеку і ўстойлівае функцыянаванне натуральных экалагічных сістэм.
— Штогод пытанням навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторыі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Таму гэта не разавая акцыя, а сістэмная работа, якая праводзіцца рэгулярна на планавай аснове ўсімі зацікаўленымі, — падкрэсліў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК.
Кожны год Саветам Міністраў зацвярджаецца рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, у рамках якога праводзіцца добраўпарадкаванне месцаў адпачынку ўздоўж аўтамабільных дарог, азеляненне прыдамавых і іншых тэрыторый населеных пунктаў, ствараюцца і добраўладкоўваюцца паркі, скверы, бульвары, экалагічныя сцежкі. У распрацоўцы знаходзіцца аналагічны дакумент на 2025 год.
— Мінпрыроды праведзены папярэдні аналіз паказчыкаў выканання плана мінулага года, — адзначыў міністр. — На яго падставе і з улікам прынятага ўказа Прэзідэнта будуць сфарміраваны адпаведныя заданні (больш напружаныя, але аб’ектыўныя) і даведзены непасрэдна выканаўцам.
Так, узровень азялененасці за апошнія пяць гадоў гарадоў і райцэнтраў Беларусі складае 40%. Пры гэтым колькасць населеных пунктаў, якія дасягнулі гэтай нормы, павялічылася на звыш 30%. Самымі зялёнымі гарадамі з’яўляюцца Віцебск (49,1%), Брэст (45,7%) і Магілёў (44,3%).
Летась было высаджана 350 тыс. дрэў, 567 тыс. кустоў і больш за 20,5 млн кветак. Уздоўж аўтадарог было высаджана звыш 11,5 тыс. дрэў і на 33 тыс. больш кустоў, чым у 2023 годзе.
Працягваецца барацьба з распаўсюджваннем інвазійных раслін — баршчэўнікам Сасноўскага і сумнікам канадскім. Планамерная шасцігадовая праца дазволіла знішчыць баршчэўнік Сасноўскага на плошчы больш за 4,9 тыс. га, сумнік — на звыш 2,5 тыс. га. Найбольшы поспех комплексных мерапрыемстваў зафіксаваны ў Брэсцкай вобласці, дзе ў мінулым годзе ліквідаваны і зняты з уліку ўсе месцы росту баршчэўніку. Аднак размовы аб паслабленні кантролю не ідзе — наадварот, барацьба будзе актывізавана.
— Падтрымліваюцца ў належным стане экалагічныя сцежкі, зоны адпачынку, турыстычныя стаянкі на тэрыторыі запаведнікаў, нацыянальных паркаў і заказнікаў. Павялічылася таксама агульная плошча ААПТ. Цяпер яны складаюць 9,2% тэрыторыі нашай краіны. За апошнія пяць гадоў было адкрыта 15 новых экасцежак, у тым ліку пяць — у 2023 і 2024 гадах. Усяго іх у Беларуси 210, — адзначыў Сяргей Масляк.
Вялікая работа праводзіцца па скарачэнні аб’ёмаў і перапрацоўцы адходаў, стварэнні эфектыўнай сістэмы абыходжання з адходамі і ўдасканаленні нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць дадзеную праблему. У пачатку кастрычніка 2024 года набыла моц новая рэдакцыя Закона «Аб абыходжанні з адходамі». Каб растлумачыць навацыі насельніцтву, пры Мінпрыроды быў створаны Каардынацыйны савет па пытаннях абыходжання з адходамі, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, суб’екты гаспадарання і прадстаўнікі бізнесу ў сферы абыходжання з адходамі.
- Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 50 млн т адходаў вытворчасці. Дзякуючы створанай сістэме рэгулявання, узровень іх выкарыстання з улікам буйнатанажных складае 33%, без іх — каля 90%. За 11 месяцаў 2024 года аб’ём утварэння цвёрдых камунальных адходаў склаў 3,8 млн т, узровень іх выкарыстання — 38,4%.
— Чым больш ствараецца аб’ектаў па выкарыстанні адходаў, тым большая колькасць адходаў уключаецца ў гаспадарчы абарот, што, у сваю чаргу, садзейнічае змяншэнню колькасці адходаў, якія захоўваюцца, і зніжэнню антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, — акцэнтаваў Сяргей Масляк.
Фота аўтара.