Top.Mail.Ru

Як у горадзе энергетыкаў з'явіўся дзіцячы гарадок

Натхненне ствараць для сябе

У Белаазёрску Бярозаўскага раёна жывуць ініцыятыўныя людзі. Гэта было пацверджана ўжо неаднойчы, таму што ў горадзе паспяхова ажыццявілі некалькі праектаў, патрэбу ў якіх агучылі самі жыхары. У 2025 годзе, калі краіна асабліва клапацілася пытаннямі добраўпарадкавання, была выказана прапанова ўладкаваць у раёне цэнтральнай плошчы «дзіцячы гарадок».

Тэрыторыя для сем’яў

Гэтую грамадзянскую ініцыятыву паспяхова ажыццявілі, і цяпер у сэрцы горада энергетыкаў (так яшчэ называюць Белаазёрск, які ўзнік каля Бярозаўскай ГРЭС) збіраюцца мамы з дзеткамі. Дарослыя прыходзяць сюды паразмаўляць, адпачыць і паглядзець, як забаўляюцца малыя на пляцоўцы новага гульнявога комплексу. Уладкаванне забаўляльнай прасторы стала магчыма дзякуючы падтрымцы грамадзянскай ініцыятывы, што прайшла праз конкурс Брэсцкай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У дадзеным выпадку ўсе зоркі на небе сышліся ў спрыяльным моманце: горад тады якраз рыхтаваўся да абласнога фестывалю «Дажынкі», і цэнтральная плошча была цалкам рэканструяваная — яе зрабілі трохузроўневай, усталявалі сучасныя лаўкі і зоны адпачынку. Добра, але ж калі сюды прыйсці з малымі дзецьмі, то не асабліва разняволішся — як заняць іх? Нейкія гульнявыя зоны з мінулага калі і былі, то састарэлі да нашага часу і не падаваліся бяспечнымі. Ідэя нарадзілася натуральным чынам: трэба зрабіць так, каб сюды прыходзілі сем’ямі, а малыя маглі гуляць непадалёк на сучаснай бяспечнай пляцоўцы пад наглядам дарослых. Дзякючы актыўным жыхарам горада з’явіўся праект грамадзянскай ініцыятывы, быў падрыхтаваны праект, пасля падтрыманы супольнасцю і ўладамі — Бярозаўскім райвыканкамам і Белаазёрскім гарвыканкамам. Ажыццявіць яго дапамагла Бярозаўская ЖКГ.

  • Асноўную фінансавую падтрымку для будаўнічых работ і закупкі абсталявання выдаткавалі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Агульны каштарыс склаў 49 000 рублёў, 10 працэнтаў з іх — сродкі грамадзян.

Ужо сёлета з пачаткам цёплых дзён стала зразумела: новая пляцоўка стала адным з пунктаў прыцягнення гараджан. Шматфункцыянальная гульнявая прастора размясцілася ў пешаходнай зоне каля гарадской плошчы Белаазёрска, на ёй могуць гуляць 40-50 дзяцей адначасова. Яе ўпадабалі мамы з дзеткамі розных узростаў. Самыя маленькія могуць забаўляцца ў пясочніцы, на горцы альбо гойдацца на арэлях. Больш старэйшыя бавяць час у вяровачным гарадку. Тут бяспечна — мяккае гумовае пакрыццё на ўсёй пляцоўцы, спецыяльная агароджа. Камфортна і бацькам: зручныя лаўкі, сучаснае асвятленне. Прылеглыя тэрыторыі былі добраўпарадкаваныя, набылі эстэтычны выгляд, «абраслі» кветкамі. Дзіцячы гарадок па факце стаў сямейнай тэрыторыяй.

Паспяховы досвед

— Неабходную суму (больш за 4000 рублёў) мы змаглі сабраць за тры дні! Людзі адгукнуліся і актыўна ўключыліся ў працэс, зрабілі ўнёсак прадстаўнікі прафсаюзаў, прадпрыемстваў, актыўныя прыватныя прадпрымальнікі. Не трэба было дадаткова пераконваць кагосьці ў важнасці праекта, таму што гэта ж клопат пра дзяцей, а значыць так ці інакш датычыцца кожнага гараджаніна, — гаворыць Уладзімір ПІЛІПЕЦ, старшыня Белаазёрскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў. — Мы нават не сумняваліся, што людзі далучацца, таму што ў 2024 годзе таксама дзякуючы ініцыятыве знізу разам з актыўнымі грамадзянамі здолелі стварыць у гарадскім парку спартыўна-гульнявую варк-аўт пляцоўку з сілавымі трэнажорамі, што актуальна для людзей любога ўзросту. На гэты праект усю суму цалкам (!) сабралі людзі, а тады спатрэбілася 60 тысяч рублёў. Адгукнуліся многія прадпрыемствы, асабліва актыўна дапамагаў наш мясцовы металургічны завод «Белінвестгандаль-Сплаў», які спецыялізуецца на перапрацоўцы свінцовых адходаў, — гэта прыклад адказнага стаўлення да горада і асяроддзя, у якім мы жывём разам. Вялікую суму выдаткаваў індывідуальны прадпрымальнік Кірыл Усанін, акрамя таго яшчэ і ўласныя сілы прыклаў падчас работ. Жыхары горада збіраліся на суботнікі. З такімі людзьмі можна розныя смелыя ідэі ажыццяўляць. Цяпер мы задумалі па-новаму аформіць сквер, хочам прысвяціць яго воінам-афганцам — і тым, хто загінуў, і тым, хто вярнуўся дадому. У гэтым пытанні актыўна супрацоўнічаем з Бярозаўскай раённай асацыяцыяй ветэранаў Афганістана і іншымі асобамі, якія апякуюцца ўшанаваннем памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Магчыма, да 2028 года здолеем гэта зрабіць — ці як грамадзянскую ініцыятыву, ці проста як значны для нас грамадзянскі праект, бо маем паспяховы досвед, калі ідэя аб’ядноўвае і натхняе людзей.

Стварэнне сучаснай гульнявой прасторы для дзяцей — адзін з прыкладаў таго, як актыўнасць мясцовых жыхароў мяняе гарадское асяроддзе. Уладзімір Уладзіміравіч лічыць, што карысна не толькі тое, што людзі ўдзельнічаюць у праектах праз фінансы, але і калі яны выходзяць на суботнікі, сваімі рукамі нешта робяць — тады яны больш беражліва ставяцца да таго, што бачаць навокал. Бо не толькі мясцовыя ўлады, але і самі жыхары адказныя за тое, наколькі ўтульны і камфортны іх горад.


Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю