Завяршаецца першы месяц Года добраўпарадкавання, які дае старт Пяцігодцы якасці. У азначаным кірунку будуць прыкладацца намаганні дзяржавы, арганізацый, усіх грамадзян. Размова — пра развіццё інфраструктуры, навядзенне парадку, захаванне навакольнага асяроддзя. Такая работа сёлета павінна стаць больш эфектыўнай, а мерапрыемствы больш маштабнымі і ахопліваць розныя сферы і аб’екты.
Аб планах рэгіёна на сёлета расказаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Адаменка.
З «зялёным» акцэнтам
Важнае месца ў найбліжэйшыя 12 месяцаў адводзіцца азеляненню тэрыторый. На сённяшні дзень усе населеныя пункты вобласці па гэтым паказчыку дасягнулі 40 %, што забяспечвае спрыяльныя ўмовы для пражывання. Але колькасць зялёных насаджэнняў будзе павялічвацца. У гэтым годзе мяркуецца азеляніць яшчэ больш за 10 тысяч квадратных метраў.
— Летась было пасаджана звыш 50 тысяч дрэў і кустоў. Сёлета планы не меншыя. Плануецца ў два разы больш азеляніць тэрыторыю населеных пунктаў. Мяркуецца правядзенне некалькіх рэспубліканскіх суботнікаў. Акрамя іх, будуць і лакальныя, у тым ліку арганізаваныя камітэтам прыродных рэсурсаў. Работу будзем працягваць і актывізаваць, — расказаў Аляксандр Адаменка.
Працягнецца закладка алей, пасадка дэкаратыўных кустоў, стварэнне і аднаўленне клумб і газонаў, устаноўка малых архітэктурных форм. Вялікая ўвага будзе аддавацца кампенсацыйным пасадкам і азеляненню мікрараёнаў новай забудовы, а таксама добраўпарадкаванню гарадскіх лясных зон.
Дарэчы, летась у вобласці было высаджана звыш мільёна кветак, сёлета гэта лічба павялічыцца ў 2,5 раза.
Парадак плюс выгада
У Гродзенскай вобласці 48 % цвёрдых бытавых адходаў ідзе ў перапрацоўку. Гэта самы высокі паказчык па рэспубліцы, у сярэднім па краіне ён складае 37 %. На сёлета планы яшчэ больш амбіцыйныя. Мяркуецца дабіцца перапрацоўкі 61 % адходаў. Гэта стане магчымым за кошт новых схем па рабоце з адходамі.
— У Ваўкавыску будуецца новы завод па сарціроўцы смецця, які будзе спрыяць дадатковым аб’ёмам перапрацоўкі. Летась пачала працаваць лінія па выпуску RDF-паліва (з адходаў). Плануецца, што сёлета яго аб’ёмы вырастуць. Будзе ўдасканальвацца лагістыка, закупляюцца новыя кантэйнеры і смеццевозы, — паясняе алгарытм работы суразмоўца.
Разам з тым шмат увагі аддаецца стыхійным сметнікам. За год іх па вобласці выяўляецца 10-15 тысяч. Вінаватых часта ўдаецца знайсці дзякуючы відэакамерам. Сёлета колькасць відэакамер павялічыцца.
— Калі знаходзім тых, хто стварыў сметнік, прыцягваем да адказнасці і застаўляем прыбіраць. Апошнім часам прадугледжана пакрыццё страты і за шкоду прыродзе незалежна ад таго, юрыдычная гэта асоба альбо фізічная. Многіх парушальнікаў можна вызначыць па нумарах машын, якія пападаюць на відэакамеры. Напрыклад, у лясным фондзе 100 % тэрыторыі ахоплены камерамі прагляду, — падкрэсліў прадстаўнік прыродаахоўнага ведамства.
«Гарачая лінія» і штрафы
Жыхары Гродзеншчыны неабыякавыя да навакольнага асяроддзя. Аб гэтым сведчыць і вялікая колькасць званкоў, якія паступаюць на «гарачую лінію» экалагічнага ведамства. Працуе яна з 9 да 18 гадзін штодня, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. Людзі тэлефануюць па розных пытаннях. Напрыклад, інфармуюць пра незаконную вырубку дрэў, стыхійныя сметнікі, пра дзікіх жывёл і птушак, якім патрэбна дапамога, альбо з якімі звязана небяспека…
Ёсць жыхары, якія супраць таго, каб хтосьці садзіў дрэвы. Такія пытанні вырашаюцца сумесна з землекарыстальнікамі. Калі гэта кампетэнцыя эколагаў, спецыяліст выязджае на месца.
— Нядаўна, напрыклад, быў званок з Мастоў, паведамлялі аб сцёках з прадпрыемства ў Нёман. Нашы спецыялісты знайшлі, адкуль ішлі сцёкі, выявілі, што гэта была ліўнёўка. Гэта парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства, таму будуць адпаведныя санкцыі, — паведаміў Аляксандр Адаменка.
Самы вялікі штраф летась дадзены сельскагаспадарчаму прадпрыемству ў Слонімскім раёне за забруджванне зямель ляснога фонду. Падлічана, што страта, якая нанесена прыродзе, склала 200 тысяч рублёў. Летась зафіксавана 1,5 тысячы правапарушэнняў, прад’яўлена больш за 270 прэтэнзій на суму амаль тры мільёны рублёў. Спагнана 95 % штрафаў.
— Сумы вялікія, і яны растуць з кожным годам, — заўважае прадстаўнік ведамства. — Гэта звязана з тым, што работа ў гэтым кірунку ўзмоцнена. Мы ўносім прапанову прымаць да парушальнікаў яшчэ больш жорсткія меры. Павялічваць штрафныя санкцыі, напрыклад.
Таксама ў камітэце паведамілі, што ў першым паўгоддзі спецыялісты ведамства возьмуць удзел у больш чым 40 праверках суб’ектаў гаспадарання Гродзенскай вобласці. Праверкі ўключаюць кантроль за выкарыстаннем і аховай водных і зямных рэсурсаў, атмасфернага паветра, звароту з адходамі, аховай раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. Большая частка праверак будзе датычыцца сферы АПК. Пры парушэннях прадугледжаны штраф для службовых асоб — 30 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў — 200, а для юрыдычных асоб штраф можа дасягаць 1000 базавых велічынь. Летась, напрыклад, было праверана 77 суб’ектаў гаспадарання, большасці з якіх выдадзены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў.
Фота аўтара