Top.Mail.Ru

Як у Гродзенскай вобласці падтрымліваюць студатрадаўскі рух

На Гродзеншчыне размешчаны тры буйныя ўніверсітэты, якія штогод фарміруюць працоўныя атрады. Даведаліся, як гэта робіцца і дзе моладзь Прынямоння будзе шчыраваць гэтым летам. Дарэчы, студатрады Гродзенскай вобласці штогод забіраюць узнагароды па выніках працоўных семестраў.


Куды паедуць аграрыі?

Студатрадаўскі рух быў і застаецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Да мая гэтага года ўжо адпрацавала 9 атрадаў у колькасці 70 чалавек. Плануецца, што ў цэлым каля 200–250 студэнтаў у складзе прыкладна 20 атрадаў адпрацуюць гэтым летам.

— Традыцыйна студэнты адпраўляюцца на перадавыя прадпрыемствы Гродна і вобласці. Напрыклад, ТАА «Біякам», філіял «Парэчанка» ад ААТ «Гродзенскі мясакамбінат», ААТ «Беллакт», у СПК «Путрышкі» студэнты ўдзельнічаюць у збожжаўборачнай кампаніі. Увосень нас запрасілі на ўборку яблыкаў у Вялікую Бераставіцу. Мінулую восень і сёлетнюю вясну студэнты працавалі на Скідзельскай птушкафабрыцы. Што датычыцца горада Гродна, традыцыйна задзейнічаны на прадпрыемствах «Гродназелянбуд», «Юніфуд», «Малочны Свет». На ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» будуць працаваць адразу тры атрады, — расказалі ў ГДАУ.

Працу прапануюць усім ахвотным па профілях, якія цікавяць. З-за спецыфікі аграрнай ВНУ найбольш развіты чатыры кірункі студэнцкіх атрадаў: будаўнічыя, сэрвісныя, вытворчыя і сельскагаспадарчыя.

— Напрыклад, у АТК «Каробчыцы» кожнае лета працуе наш сэрвісны атрад «Авангард». Студэнты падтрымліваюць парадак на комплексе, даглядаюць расліны і жывёлу, катаюць турыстаў на конях.

Дзе чакаюць медыкаў?

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце існуе некалькі кірункаў работы ў летні час. Моладзь працуе ў медустановах, дапамагае ў рабоце прыёмнай камісіі, а таксама задзейнічана ў будаўнічых работах. Кожны арыентуецца на тое, што яму бліжэй.

— Хлопцы і дзяўчаты, якія выбіраюць медыцынскія атрады, працуюць малодшым і сярэднім медыцынскім персаналам у лячэбных установах як Гродзенскага рэгіёна, так і ў цэлым па краіне. Напрыклад, у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і ў іншых клінічных бальніцах Гродна, у гродзенскіх паліклініках. Нашы студэнты-педыятры працуюць у Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Не першы год моладзь працуе на базе Гродзенскай універсітэцкай клінікі сярэднім і малодшым медперсаналам, — расказалі ва ўніверсітэце.

Таксама арганізаваны выязныя медыцынскія атрады. Так, гродзенскія медыкі далучацца да рэспубліканскага медыцынскага працоўнага праекта «Медыкус-2025», які збірае студэнтаў у Наваполацку. 

медунивер.jpg

Няпрофільныя студатрады працуюць на базе навучальных карпусоў універсітэта, інтэрнатаў, выконваючы рамонтныя і дапаможныя работы.

— Створаны два студатрады на базе Прафесарскага кансультатыўнага цэнтра. Адзін дапаможа медыкам у перыяд адпускной кампаніі, а другі будзе займацца рамонтнымі работамі. Зноў запрацуе сэрвісны атрад у перыяд прыёмнай кампаніі: студэнты суправодзяць абітурыентаў і іх бацькоў, якія прыехалі падаваць дакументы ў перыяд уступнай кампаніі. Упершыню студэнцкі атрад сфарміраваны на базе ўніверсітэцкага здраўпункта, яго члены дапамогуць у правядзенні аглядаў перад засяленнем у інтэрнаты. Таксама гродзенскія студэнты будуць працаваць у Расійскай Федэрацыі.

Усяго ў ГрДМУ плануюць, што каля 300 хлопцаў і дзяўчат будуць працаваць у складзе больш як 20 атрадаў на працягу лета.

Купалаўскае лета

У ГрДУ імя Янкі Купалы больш за 800 купалаўцаў зусім хутка пачнуць працоўную дзейнасць у складзе студэнцкіх атрадаў. Штогод студэнты зарабляюць свае першыя грошы на прадпрыемствах і ў арганізацыях не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй краіны. 

Студатрадаўскі рух з кожным годам набірае абароты і прыцягвае ўсё больш моладзі. Працуюць будаўнічыя, педагагічныя, сэрвісныя, вытворчыя і сельскагаспадарчыя атрады. Самы шматлікі кірунак — педагагічны.

— У гэтым годзе цесна супрацоўнічаем з ДАЛ «Зубраня», нашы студэнты вельмі актыўна туды ездзяць.

З новых арганізацый: СТАА «Контэ Спа», ТАА «Медватфарм», КУП «Тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс», — адзначылі ва ўніверсітэце.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіваў ВНУ


Студэнты дзеляцца ўражаннямі

Студэнтка 4 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Вікторыя Арцукевіч расказала, што ўжо трэці год выбірае работу ў педагагічным атрадзе і праводзіць лета ў дзіцячым аздараўленчым лагеры ў ролі важатай:

Арцукевич.jpg

— Пра студатрадаўскі рух даведалася яшчэ на першым курсе, вельмі хацела быць важатай у дзіцячым лагеры. І вось з другога курса кожнае лета працавала ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Сузор’е». Працоўны семестр — гэта важны крок у жыцці студэнта, які дапамагае ў самавызначэнні, у атрыманні вопыту. І проста выдатна, што апроч досведу, новых знаёмстваў ёсць яшчэ і заробак.

Студэнтка 3 курса ГДАУ Бажэна Букейка сёлета будзе працаваць у сельскагаспадарчым атрадзе «Парачанка» ў якасці камандзіра:

Букейко.JPG

— Студатрады — гэта магчымасць паспрабаваць нешта новае, выйсці з зоны камфорту і набыць навыкі, якія не атрымаеш ва ўніверсітэце. Гэта асаблівая атмасфера: многія знаходзяць блізкіх сяброў і нават ствараюць сем’і. Да таго ж гэта рэальная работа з аплатай — выдатны спосаб падзарабіць падчас канікулаў. Даведалася пра студэнцкія атрады ад людзей, якія ўжо пабывалі там, і адразу ж вельмі загарэлася гэтым рухам.

Студэнт 3 курса ГрДМУ Арцём Мандзік таксама не першы год аддае перавагу працоўнаму лету. Кажа, што на першым курсе не адважыўся далучыцца да руху, а на другім зразумеў, што трэба паспрабаваць:

Мандик.jpg

— Паслухаў сябра, пагутарыў з іншымі студэнтамі. Усе казалі, што гэта здорава, моладзь займаецца вельмі крутымі справамі. У гэтым годзе я ўжо стаў камандзірам студэнцкага медыцынскага атрада «Сінапс». Ён быў сфарміраваны ў 2023 годзе, працаваў у Шчучынскім раённым шпіталі, летась — на базе гарадской паліклінікі № 3 горада Гродна. А сёлета далучымся да рэспубліканскага праекта «Медыкус». Рады, што ў мяне ёсць магчымасць атрымаць практычныя навыкі, а таксама зарабіць падчас канікулаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю