У Дзень ведаў больш як 2,5 тысячы школ адчынілі дзверы для навучэнцаў у Беларусі, паведамляе Міністэрства адукацыі.
Да заняткаў прыступіла каля 1 млн 25 тыс. школьнікаў. У ведамстве адзначылі, што з агульнай колькасці 87,5 тыс. — першакласнікі, 54,5 тыс. — навучэнцы 10-х класаў.
Ва ўсіх установах адукацыі праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў. Тэма першага ўрока — «Веды сёння — сіла і працвітанне Беларусі заўтра!».
У новым навучальным годзе больш за 2,5 тыс. беларускіх школ і гімназій сустракаюць вучняў абноўленай інфраструктурай, сучаснымі адукацыйнымі прасторамі. Сярод іх адкрываюцца дзве школы-новабудоўлі ў Мінскім раёне (Прылукі і Смалявічы). У новых будынках навучальны год пачынаюць сярэдняя школа № 6 Магілёва і сярэдняя школа № 3 Смалявіч.
Акрамя таго, з пачатку навучальнага года для 56 тысяч вучняў арганізавана перавозка да месцаў навучання прыкладна на 1,6 тыс. аўтобусах. У 2026 годзе на дарогі краіны выйдуць 155 новых транспартных сродкаў. У арсенале — тры сучасныя мадэлі МАЗ, уключаючы спецыялізаваны транспарт з пад’ёмнікамі для дзяцей з інваліднасцю. Найбольшую колькасць тэхнікі атрымаюць Брэсцкая (10 аўтобусаў), Віцебская (8) і Мінская (4) вобласці.
Дарога да ведаў для кожнага дзіцяці была камфортнай і бяспечнай.
Цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання адкрылі ў МІПСА
У Міжнародным універсітэце МІПСА адкрылі цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання.

У цэнтры ёсць сучасная спецыялізаваная аўдыторыя, якая ўключае тры функцыянальныя зоны — музейна-гістарычную экспазіцыю, адукацыйныя тэматычныя блокі і электронны стралковы трэнажор. У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі і іншыя экспанаты, якія расказваюць аб перыядзе Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівы акцэнт зроблены на рабоце падполля ў Мінску.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра прыняў ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў.

«Для ўсіх людзей у нашай краіне сёння свята. Калі я ехаў у МІПСА, то бачыў, як ідуць з букетамі бацькі, вядуць за руку малых, старэйшыя хлопцы ідуць на першыя навучальныя заняткі ў ВНУ, ССНУ. І гэта сапраўды свята ведаў. У якім бы ўзросце ні быў, дзе б ні працаваў — 1 верасня ты сам адчуваеш сябе вучнем або студэнтам», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.
«Гэты цэнтр захоўвае гістарычную праўду, вучыць моладзь памятаць і ганарыцца подзвігамі нашых продкаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў невыносных умовах рабілі ўсё магчымае, каб наблізіць Перамогу. Многія з іх аддалі свае жыцці, будучы ў такім жа ўзросце, як і студэнты, якія сёння вучацца ў МІПСА.
Цэнтр таксама дапаможа маладым людзям набыць навыкі, каб у цяжкі момант (не дай бог будзе такая неабходнасць) устаць на абарону і выканаць свой грамадзянскі абавязак. Такія цэнтры цікавыя моладзі, таму што яе заўсёды цягне да вывучэння гісторыі», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўказаў, што практыку па стварэнню такіх цэнтраў трэба маштабаваць на ўсе ВНУ краіны. «У многіх вышэйшых навучальных установах такія цэнтры ёсць. Створаны кафедры, факультатыўныя заняткі па ваенных і ваенна-медыцынскіх спецыяльнасцях. Упэўнены, што для маладых людзей атрыманне такіх навыкаў, асабліва ў наш час, лішнім не будзе», — падкрэсліў ён.

Плануецца, што цэнтр будзе працаваць цягам усяго каляндарнага года. Адукацыйны і выхаваўчы працэс ахопіць не толькі студэнтаў, але і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Кубракоў павіншаваў навучэнцаў Магілёўскага ліцэя МУС
У Магілёўскім спецыялізаваным ліцэі МУС з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова прайшло ўрачыстае мерапрыемства да Дня ведаў, паведамілі ў прэс-службе МУС.

Разам з ліцэістамі і іх бацькамі ў ведамаснай установе адукацыі прысутнічалі ганаровыя госці: начальнік Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Шапялёў і начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Ігар Шчарбачэня.
Адным з самых хвалюючых момантаў мерапрыемства быў вынас сцяга. Упершыню гэты ўрачысты рытуал убачылі 38 навабранцаў ліцэя.
«Сёння па ўсёй краіне адзначаецца самае добрае і значнае свята — Дзень ведаў. За парты сядуць школьнікі і, вядома, ліцэісты Міністэрства ўнутраных спраў. Хлопцы, якія знаходзяцца ў страі, вырашылі звязаць сваё жыццё з абаронай Радзімы. Гэта сур’ёзны і адказны крок. Упэўнены, у вас усё атрымаецца», — сказаў навабранцам Іван Кубракоў.

Міністр уручыў начальніку ліцэя Валерыю Палішчуку сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі.
Перад строем навучэнцаў выпусцілі ў неба галубоў. Прыгожы рытуал стаў абяцаннем берагчы спакой на зямлі і працягваць гісторыю Беларусі з падзякай да подзвігу папярэднікаў.
Камфортная, сучасная і з басейнам: новую школу на 1020 месцаў адкрылі ў Дзень ведаў у Магілёве

Школа размясцілася ў раёне вуліцы Гагарына ў абласным цэнтры. У новы будынак пераехала сярэдняя школа № 6 імя А.В. Асмалоўскага, памяшканні якой за гады эксплуатацыі маральна састарэлі. А таму было прынятае рашэнне аб будаўніцтве новага будынка ў гэтым жа мікрараёне.
Новая школа складаецца з трох блокаў: крыло для малодшых школьнікаў, яшчэ адно — для сярэдняга і старэйшага звяна, і цэнтральны блок — актавая, спартыўныя залы, зала харэаграфіі, сталовая, бібліятэка, канферэнц-зала і іншае. У школе ёсць свой басейн з двума чашамі: вялікі і малой.
У Дзень ведаў школа прыняла сваіх першых вучняў. На ўрачыстую лінейку хлопцы прыходзілі са сваімі роднымі і блізкімі. Для многіх жыхароў мікрараёна Дзень ведаў стаў падвойным святам — бо новую школу тут вельмі чакалі. Свята атрымалася вельмі кранальным і душэўным.
Павіншаваў усіх са святам старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. "Першага верасня — гэта асаблівы, хвалюючы дзень для ўсіх без выключэння. Для тых, хто ідзе ў першы клас, хто павінен вызначыцца з выбарам будучай прафесіі і хто ўжо вызначыўся. Мне хочацца пажадаць усім усяго самага найлепшага: цярпення, удачы, увагі. Бо навучальны працэс складаны. Для таго, каб выхаваць дзіця, трэба працаваць усім без выключэння: і настаўнікам, і бацькам. Самае галоўнае — стварыць такія ўмовы, каб дзіця ішло ў школу з радасцю. Каб яно разумела, што гэта яго другі дом, дзе яго чакаюць, дзе яго сустракаюць, — сказаў ён.
У Брэсцкай вобласці за парты селі 13,7 тысяч першакласнікаў
У Брэсцкай вобласці 1 верасня за парты селі 13,7 тыс. першакласнікаў, паведаміў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.

Кіраўнік вобласці зазначыў, што ў паўднёва-заходнім рэгіёне змянілі падыход да падрыхтоўкі да навучальнага года. «Пачынаючы ўжо з мая-чэрвеня глядзім, што трэба зрабіць да наступнага навучальнага года — 2027/2028. Выдатна разумеем, як правільна размеркаваць рэсурсы, якімі валодае наша вобласць, — расказаў ён. — У нас сёлета 456 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. За парты селі 163 тысячы навучэнцаў.»
Па словах старшыні Брэсцкага аблвыканкама, у рэгіёне правялі актыўную работу па падрыхтоўцы да навучальнага года. Асаблівая ўвага надаецца невялікім школам, якія ў тым ліку размешчаны ў сельскай мясцовасці. «Будзем будаваць, абнаўляць школы. У нас існуе праграма, вядуцца праектныя работы ў Альшанах Столінскага раёна і Бярозе, ідзе падрыхтоўка да перапланіроўкі школы ў Давыд-Гарадку, чакаецца рэканструкцыя сярэдняй школы ў вёсцы Вялікая Турна Камянецкага раёна», — адзначыў Пётр Пархомчык.

На Брэстчыне на будаўніцтва, капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі, набыццё абсталявання з розных крыніц накіравана звыш 170 млн. рублёў. Капрамонт выкананы ў харчаблоку СШ № 3 Брэста, у 14 школах вобласці зроблены бягучы рамонт харчаблокаў і абедзенных залаў, набыта новае абсталяванне. Для перавозкі 12,2 тысяч навучэнцаў у сельскай мясцовасці задзейнічаюць 316 школьных аўтобусаў, у тым ліку 49 новых.
У Гродзенскай вобласці сёння за парты селі 113,5 тысячы школьнікаў, сярод якіх каля 9 тысяч — першакласнікі
Урачыстыя лінейкі прайшлі ва ўсіх школах вобласці, а ў Бераставіцы, дзе адкрыўся новы басейн, свята наведаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.
Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што басейн у Бераставіцы ўзводзіўся ў рамках абласной праграмы па будаўніцтве такіх аб’ектаў ва ўсіх раённых цэнтрах, дзе іх раней не было. Ключавая ідэя — жыхары райцэнтра павінны мець доступ да тых жа магчымасцяў, што і жыхары абласнога цэнтра.

Губернатар падкрэсліў: гэта не проста басейн, а паўнацэнны аздараўленчы комплекс з трэнажорнай залай, чашамі для навучання плаванню і свабоднага наведвання. Наперадзе адказны этап: фарміраванне прафесійнай каманды супрацоўнікаў, настройка сістэм і заключэнне дагавораў на абслугоўванне, падрыхтоўка аб’екта да паўнацэннай работы. У хуткім часе ён будзе даступны як для ўсіх школьнікаў, так і дарослых жыхароў райцэнтра.

Губернатар прыняў удзел у школьнай лінейцы і павіншаваў навучэнцаў, педагогаў і бацькоў з пачаткам новага навучальнага года.
У Вялікабераставіцкай сярэдняй школе імя С.В. Прытыцкага сёлета будуць вучыцца 609 дзяцей. У першы клас пайшлі 49 хлопчыкаў і дзяўчынак. Вучыць іх будуць 58 кваліфікаваных спецыялістаў. Школа поўнасцю гатова да пачатку заняткаў, сустрэла вучняў і настроена на плённую работу.
Новая сучасная школа сустрэла вучняў у Чонках Гомельскага раёна
Сёння ў адукацыйным кампусе «Чонкі-парк» заняткі пачалі больш за 400 школьнікаў і 149 выхаванцаў дзіцячага сада. Гэта ў два разы больш, чым яшчэ пяць гадоў таму.
На ўрачыстай лінейцы сабраліся школьнікі пасёлка, настаўнікі і бацькі, а таксама ганаровыя госці. «Мы адкрываем не проста школу. Тут створана адукацыйная прастора „Чонкі-парк“, дзе дзецям зручна расці, вучыцца, развівацца і выбіраць свой шлях», — прывітаў прысутных старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Гісторыя Чонкаўскай школы пачалася ў 1952 годзе. «Тады гэта была невялікая пачатковая школа, якая размяшчалася ў звычайным вясковым доме. А сёння — два карпусы дзіцячага сада, пачатковая школа, школа мастацтваў, спартыўная пляцоўка. І вось з’яўляецца яшчэ адзін важны завяршальны элемент гэтага навучальнага комплексу — сучасны корпус базавай школы. Па сутнасці новая школа для дзяцей старэйшага ўзросту», — зрабіў акцэнт кіраўнік рэгіёна.

Некалькі гадоў таму былы дзіцячы аздараўленчы лагер сталі рэканструяваць у прастору для навучання і развіцця дзяцей. У 2025 годзе прынята рашэнне аб узвядзенні прыбудовы для навучальнага блока для дзяцей, якія да нядаўняга часу навучаліся ў будынку ў больш за 3 км ад гэтага кампуса.

У новай школе абсталяваны ўсім неабходным для практычных заняткаў кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі. «Упэўнены, школьнікі па заслугах ацэняць майстэрні для працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі, спартыўнай і актавай залы», — сказаў старшыня аблвыканкама. Ён звярнуў увагу, што будынак пачатковай школы і новы корпус злучаны галерэяй, тым самым ствараецца адзіная прастора сталення дзіцяці.
Галоўнай падзеяй Дня ведаў у Віцебску стала адкрыццё гімназіі № 1 імя Ж.І. Алфёрава
У будынку першай гімназіі абласнога цэнтра адбылася маштабная рэканструкцыя. Будаўнікі аднавілі існуючы і ўзвялі новы корпус з улікам сучасных патрабаванняў. Каб навучэнцы атрымлівалі якасную адукацыю, для іх створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы.
Нагадаем, што восенню 2024 года з-за руху грунтоў у адной са сцен пачала ўтварацца расколіна. Настаўнікі вымушаны былі працягваць заняткі з дзецьмі на базе іншых устаноў адукацыі.
Тым часам была падрыхтавана неабходная пректна-каштарысная дакументацыя, выдаткаваны сродкі — і ў лістападзе 2025-га будаўнікі прыступілі да рэканструкцыі. Згодна з тэхнічным рэгламентам, на ажыццяўленне работ адводзіўся роўна год. Аднак генеральны падрадчык, УТБПП «Будсфера» і субпадрадчыкі, працавалі з апераджэннем графіка, што дазволіла здаць аб’ект у эксплуатацыю на тры месяцы раней, 31 жніўня.
Больш за тысячу навучэнцаў, педагогі, тэхнічны персанал вярнуліся ў родныя і адначасова новыя сцены. 2025-2027 навучальны год для дружнага калектыву асаблівым яшчэ і таму, што сёлета гімназія адзначае сваё 35-годдзе.

— З вялікім задавальненнем гляджу на адноўлены будынак. Прыемна бачыць такіх маленькіх вучняў — сэрца напаўняецца радасцю, бо даражэй за дзяцей у нашым жыцці нічога няма. Для кожнага з бацькоў дзіцяці — часцінка яго сэрца, для дзяржавы — наша будучыня, — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстай лінейкі старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік.
Гімназія № 1 імя Ж.І. Алфёрава вядомая моцнымі ведамі, якія тут атрымліваюць дзеці. Так, за тры апошнія гады 30 % выпускнікоў сталі медалістамі. Навучэнцы — пераможцы, лаўрэаты, прызёры многіх адукацыйных і творчых праектаў міжнароднага, рэспубліканскага узроўню.
Багатая гімназія і на традыцыі. Глыбокі сэнс мелі многія дзеянні падчас урачыстай лінейкі — ад перадачы сімвалічнага ключа, асвячэння і бласлаўлення будынка і калектыву да перадачы Факела ведаў і Гімназічнага агню ад 11-класнікаў першакласнікам.
Націсканне сімвалічнай кнопкі на пульце актывацыі дало сігнал да пачатку ўсіх сістэм новага будынка: асвятлення, вентыляцыі, інфармацыйных панэляў у класах... У добры шлях!