Top.Mail.Ru

Як у краіне ствараецца даступнае асяроддзе для інвалідаў

Жыццё без бар'ераў

Мінск з’яўляецца лідарам па колькасці даступнага нізкападлогавага транспарту — яго доля ў сталіцы складае больш як 92 %. Па ўсёй краіне гэты паказчык — 65 %. У цэлым жа даступнымі для людзей з інваліднасцю ў нас з’яўляюцца больш за 28 тысяч аб’ектаў. Cёлета іх долю плануецца павялічыць да 30,5 тысячы. А да 2030-га мяркуецца выйсці на паказчык не менш як 41 тысяча. Даступнае асяроддзе — сёння абавязковы крытэрый для прыёму любога аб’екта ў эксплуатацыю. Якія з іх найбліжэйшым часам стануць цалкам даступнымі і што змяняецца ў гэтым кірунку ў заканадаўстве, расказалі спецыялісты.

Максімальныя магчымасці

Як нагадаў начальнік галоўнага ўпраўлення архітэктуры, горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай, інавацыйнай палітыкі і лічбавай трансфармацыі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзіслаў КУЗЬМЯНКОЎ, для стварэння даступнага наваколля ў 2020 годзе былі зацверджаны будаўнічыя нормы «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб». Што датычыцца новага будаўніцтва, то такія патрабаванні ў нас сфарміраваны ў поўным аб’ёме і з’яўляюцца дастатковымі для забеспячэння даступнага асяроддзя. Пры гэтым пытанні застаюцца са змяненнем існага фонду.

— Не заўсёды магчыма прымяняць тыя нормы і патрабаванні, якія дзейнічаюць сёння. Таму нашымі праектнымі і навуковымі арганізацыямі распрацоўваюцца розныя метадычныя рэкамендацыі аб тым, як можна прымяняць рашэнні для забеспячэння максімальнай магчымасці па стварэнні даступнага асяроддзя, — расказаў Уладзіслаў Кузьмянкоў.

  • У сталіцы, напрыклад, у жылым фондзе з 2021 да 2025 года па 179 адрасах былі ўстаноўлены пад’ёмнікі і пандусы па месцы жыхарства людзей з інваліднасцю.

— Сёлета ў планах у нас 62 аб’екты жылога фонду. Я ўпэўнена, што з пастаўленай задачай мы справімся, — расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга ВАСІЛЕЎСКАЯ.

Што да астатніх аб’ектаў, то нядаўна пабудаваныя з іх ужо першапачаткова з’яўляюцца поўнасцю даступнымі для інвалідаў. Гэта новыя станцыі метрапалітэна, новыя комплексы і аб’екты гандлю. А вось сацыяльная інфраструктура паступова аснашчаецца элементамі даступнага асяроддзя. 

У першую чаргу гэта аб’екты аховы здароўя, сацыяльнай сферы, адміністрацыйныя будынкі, аб’екты культуры, гасцініцы і пункты гандлю.

Да канца 2025 года ў Мінску ўсе паліклінікі будуць абсталяваны даступным асяроддзем у поўным аб’ёме. Таксама плануецца завяршыць абсталяванне аб’ектаў органаў сацыяльнай абароны і паэтапна перайсці да гасцінічных устаноў і ключавых гандлёвых комплексаў. Напрыклад, сёлета запланавана абсталяванне ўнівермага «Беларусь».

Інклюзія ў законе і ў жыцці

  • Даступнае асяроддзе — неабходны аспект не толькі актыўнага жыцця інвалідаў, але і іх сацыяльнай інтэграцыі. Праблемы людзей з інваліднасцю пастаянна знаходзяцца ў полі зроку дзяржавы.

— Сёння ключавая мэта — інтэграваць людзей з інваліднасцю ў грамадства. Мы ўсе ведаем, што інклюзія пачынаецца перш за ўсё з даступнага асяроддзя, — адзначыла начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя ГРАЧЫХА.

Работа па стварэнні даступнага асяроддзя вядзецца з 2007 года. Ратыфікаваўшы ў 2016-м Канвенцыю аб правах інвалідаў, наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы па стварэнні для людзей з інваліднасцю ўмоў, роўных з усімі.

— Сёння вядзецца планамерная работа па ажыццяўленні палажэнняў гэтага дакумента. Штогод зацвярджаецца нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі. Мерапрыемствы, замацаваныя ў ім, прадугледжваюць работу па ўдасканаленні заканадаўства, прыняцці арганізацыйных мер па забеспячэнні рэалізацыі правоў інвалідаў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, — расказала Вікторыя Грачыха.

Працуе Рэспубліканскі міжведамасны савет па правах інвалідаў, паўнапраўнымі ўдзельнікамі якога з’яўляюцца старшыні грамадскіх 

аб’яднанняў інвалідаў, што ўзнімаюць праблемныя пытанні для разгляду на савеце. З 2020 года аналагічныя органы створаны ва ўсіх рэгіёнах, і ў іх склад у абавязковым парадку ўключаны прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў. Стварэнне даступнага асяроддзя на месцах — таксама сярод пытанняў, што разглядаюцца на саветах.

Многія з праблем, якія ўзнімаюцца, былі ўлічаны ў абноўленым у 2023 годзе Законе «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». У прыватнасці, закон ахоплівае атрыманне адукацыі, рэалізацыю права на працу, павагі правоў, свабод і годнасці інвалідаў. Асобныя палажэнні накіраваны на арганізацыю навакольнай прасторы, каб людзі з інваліднасцю маглі мець бесперашкодны доступ да паслуг, аб’ектаў і інфармацыі, а таксама свабодна перамяшчацца па выбраным маршруце

Напрыклад, важным аспектам зручнасці транспарту з’яўляюцца бясплатныя выдзеленыя месцы для інвалідаў на ўсіх аўтамабільных паркоўках. Істотнай дапамогай з’яўляецца і карта даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, што пачала працаваць з 1 студзеня. Звесткі аб элементах даступнага асяроддзя, якімі добраўпарадкаваны аб’екты на карце, пастаянна актуалізуюцца. Цяпер там каля 50 тысяч аб’ектаў. Пры гэтым праект карысны не толькі для людзей з інваліднасцю, але і для любога: маці з дзецьмі, пажылых або аслабленых людзей.

Інфраструктура населеных пунктаў у краіне пастаянна ўдасканальваецца з улікам патрабаванняў даступнага асяроддзя: усё больш вуліц абсталяваныя тактыльнай тратуарнай пліткай, павялічваецца колькасць святлафораў з сінхронным гукавым сігналам, на будынках з’яўляюцца гукавыя інфарматары, кантрасная маркіроўка дзвярэй і іншыя элементы. На працягу шэрагу гадоў у краіне таксама закупляецца нізкападлогавы транспарт, каб людзі з інваліднасцю маглі свабодна карыстацца аўтобусамі і тралейбусамі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю