У выніку даследчай работы ў асобную электронную базу тут сабраны грунтоўны матэрыял па тэме Вялікай Айчыннай вайны. На падставе даных былі знойдзены землякі, якія раней лічыліся зніклымі без вестак. У рамках краязнаўчай дзейнасці бібліятэкай таксама выдадзена кніга з цікавымі гістарычнымі звесткамі старажытнага мясцовага храма.
Найперш важна адзначыць сам будынак Мастоўскай бібліятэкі. Ён вельмі адметны і ўяўляе сабой разгорнутую кнігу. Як расказала дырэктар бібліятэкі Таццяна Стэльмах, гэта быў першы тыпавы будынак бібліятэк у Беларусі. І будаваўся ён 40 гадоў таму менавіта ў Мастах.
З цягам часу з’явілася патрэба ў мадэрнізацыі ўстановы. І такая работа пачалася ў 2020 годзе. Праз два гады адкрылі ўжо адноўлены будынак.
Аб тым, што тут месціцца менавіта кніжніца, можна зразумець па тэматычным яркім мурале на фасадзе. Побач з будынкам створана арыгінальная фотазона «У мудрай савы». Нестандартнае і начынне бібліятэкі: мэбля, патайныя стэлажы, інтэр’ер. Значная доля сродкаў — бюджэтныя.
— Нам стварылі вельмі сучасныя ўмовы. Вельмі ўнікальны дызайн памяшканняў як дзіцячага, так і дарослага аддзела. Абсталявалі канферэнц-залу. Ёсць і свая «фішка» — вялікі макет знакамітага падвяснога моста, які зрабіла наша супрацоўніца. Мы ў сваёй рабоце часта выкарыстоўваем гэтую асаблівасць горада падчас мерапрыемстваў, — расказала Таццяна Іосіфаўна.
Брэндавым мерапрыемствам стаў бібліякараван пад назвай «Кнігі будуюць МАСТЫ», які праходзіць раз у два гады. У яго рамках адбываюцца сустрэчы з творчымі асобамі — мастакамі, паэтамі, пісьменнікамі, музыкантамі. Адкрываюць тут і маладыя таленты. Пасля леташняга каравана мясцовая паэтэса Таццяна Абухоўская ўзяла ўдзел у конкурсе вершаў, прысвечаных Году якасці, які праводзіў Саюз пісьменнікаў Беларусі, і заняла першае месца. У адным з караванаў пісьменнік Міхась Пазнякоў расказаў аб ваеннай гісторыі сваёй сям’і, якая ўвайшла ў адну з кніг серыі «Дзеці вайны». Дарэчы, такіх выданняў ужо каля 40. У бібліятэцы таксама вядзецца краязнаўчая работа па ваеннай тэматыцы.
— Мы даўно збіралі матэрыял на гэтую тэму і нядаўна стварылі электронную базу «Далёкай мужнасці памяць». У ёй 12 раздзелаў. Гэта і генацыд, і спаленыя вёскі, і помнікі... Алічбаваны кнігі аб Мастоўскім раёне, артыкулы з газет аб ветэранах, спіскі загінулых, справы КДБ, з якіх зняты грыф сакрэтнасці. Правялі даследчую работу па пошуку нашых землякоў і дапамаглі знайсці родных мастаўчан, якія лічыліся зніклымі без вестак. Па выніках работы мы занялі першае месца на абласным конкурсе інтэрнэт-рэсурсаў, — паведаміла дырэктар.
А вось вынікам краязнаўчага даследавання па Свята-Пакроўскай царкве ХІХ стагоддзя, што ў вёсцы Белавічы, стала паўнавартаснае выданне «Летапіс Свята-Пакроўскай царквы в. Белавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці». Па словах суразмоўніцы, аб’екту 200 гадоў, ён унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, з’яўляецца помнікам архітэктуры, але інфармацыі аб ім было мала. Супрацоўнікі бібліятэкі ездзілі ў архівы, збіралі гісторыю храма. Былі знойдзены старыя дакументы, якія чысцілі, расшыфроўвалі. На праваслаўным конкурсе работа заняла першае месца ў намінацыі «Гісторыя роднага краю». А нядаўна з дапамогай спонсара выдалі кнігу.
Бібліятэка — лаўрэат Гродзенскага абласнога конкурсу «Бібліятэка года», дыпламант шэрагу фестываляў і конкурсаў Міністэрства культуры. А па выніках мінулага года загадчыца Таццяна Стэльмах стала лаўрэатам прэстыжнага абласнога конкурсу імя Аляксандра Дубко ў намінацыі «Бібліятэкар года». Яна лічыць узнагароду заслугай усяго калектыву і падставай для новага развіцця бібліятэчнай справы.
Фота Лізаветы ГОЛАД