Top.Mail.Ru

Як у Мінску праходзіць Фестываль навукі‑2026

Навука без межаў

5 і 6 верасня Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі стаў галоўнай навукова-забаўляльнай пляцоўкай краіны. Фестываль навукі, які праводзіцца ў восьмы раз і ўпершыню ў двухдзённым фармаце, сабраў тысячы гасцей — ад школьнікаў да дарослых, ад аматараў робататэхнікі да тых, хто заўсёды марыў пагутарыць з касманаўтам. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на месцы падзей і даведалася, чым арганізатары здзіўляюць сёлета.

Свята навукі — маштабна і відовішчна

Ужо з раніцы суботы батанічны сад нагадваў вялікі навуковы горад. Пляцоўкі, якія ахопліваюць самыя розныя галіны — ад касмічных тэхналогій да робататэхнікі, ад медыцыны да экалогіі, — былі запоўненыя наведвальнікамі. І гэта не выпадкова: фестываль упершыню праходзіць у двухдзённым фармаце, каб як мага больш людзей маглі далучыцца да свята навукі.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік падкрэсліў галоўную мэту мерапрыемства:

«Мы вельмі спадзяёмся, што сярод тысяч юных беларусаў у кагосьці, хто ўбачыць розныя эксперыменты, розныя яркія праявы падзей і з’яў, загарацца вочы і ўзнікне жаданне стаць адным з даследчыкаў».

Ён таксама адзначыў, што фестываль — гэта яшчэ і магчымасць для маладых навукоўцаў падзяліцца ідэямі:

«Стасункі на Фестывалі навукі могуць прывесці да таго, што з часам мы ўбачым новыя навуковыя міждысцыплінарныя калектывы з маладых даследчыкаў, якія зробяць важкі ўнёсак у развіццё нашай навуковай школы».



Навука праз гульню

Для самых маленькіх наведвальнікаў на тэрыторыі фестывалю арганізатары падрыхтавалі займальны квэст. Як распавяла вядучы спецыяліст упраўлення адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці апарата Акадэміі навук Зарына Фёдарава, на лакацыях размешчана некалькі пунктаў, дзе можна прайсці забаўляльныя квэсты на лакацыях «Смак навукі», «Тэхнасфера», «Экалогія», «Біясфера». «Дзеці праходзяць іх, выконваюць заданні. У лістоўцы адзначаюць балы ў выглядзе „дракончыкаў“. Пасля гэтага ўдзельнікі вяртаюцца да нас, мы выдаём ім прызы».

У якасці прызоў — кубак для чаю з сімволікай фестывалю, налепкі і нават шкарпэткі. Такія дробязі робяць удзел у квесце яшчэ больш запамінальным.

Эканоміка праз казку — прыгодніцкія дзённікі для дзяцей

Сваю ўнікальную распрацоўку прадставіў і Інстытут эканомікі НАН Беларусі. Малодшыя навуковыя супрацоўніцы Яна Дзяўго і Ганна Качан расказалі аб праекце «Прыгодніцкія дзённікі касмічнай эканомікі і фінансавай адукаванасці».

«Мы прадставілі гатовыя ілюстраваныя дапаможнікі для дзяцей ад 8 да 12 гадоў, — тлумачаць дзяўчаты. — Падчас чытання дзеці выконваюць місіі і ў гэтым выпуску асвойваюць такія паняцці, як „інфляцыя“, „беспрацоўе“, „даход“, „расход“, „зберажэнні“, „назапашванні“».

Адметнасць праекта ў тым, што інфармацыя падаецца не ў сухім навуковым стылі, а праз займальны сюжэт.



«Звычайна падручнікі па эканоміцы часта складаныя, напісаныя сухой мовай. Наш пабудаваны як добрая казка, як гісторыя з пэўным сюжэтам. Дзеці пагружаюцца ў яго, праходзяць місіі разам з галоўнымі героямі і больш інтуітыўна разумеюць, што такое даход, а што — расход».

Дапаможнікі можна бясплатна спампаваць на сайце Савета маладых навукоўцаў Інстытута эканомікі НАН Беларусі.

Кітайска-беларуская лабараторыя

На фестывалі была прадстаўлена і сумесная кітайска-беларуская лабараторыя. Як расказала навуковы прадстаўнік інстытута Акадэміі навук правінцыі Шаньдун Таццяна Ян Ціньбінь, іх Акадэмія навук правінцыі Шаньдун сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі стварылі кітайска-беларускую сумесную лабараторыю з інтэлектуальным рэзаніраваннем у экстрэмальных умовах у рамках ініцыятывы «Пояс Беларусі». На гэтым фестывалі яны прадставілі прэзентацыю гатовых прадуктаў сумеснай навуковай дзейнасці.

Таццяна Ян Ціньбінь адзначыла, што іх інстытут займаецца не толькі навукова-тэхнічнымі даследаваннямі, але і вытворчасцю канкрэтнай прадукцыі:

«У нас ужо ёсць вытворчасць вельмі канкрэтных прадуктаў: кампактнае абсталяванне для правядзення аперацый, лазерная ачыстка, лазернае адытыўнае вытворчасць, лазерная зварка, лазерная рэзка. Прычым іх лазернае абсталяванне ўжо экспартуецца».



Побач з гэтай лакацыяй звяртае ўвагу на сябе Навукова-практычны цэнтр па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі, які прадставіў адразу дзве ўражлівыя распрацоўкі. Як расказаў загадчык лабараторыі фізіка-хімічных тэхналогій Ігар Разанаў, у іх шатры прадстаўлены дзве часткі. Першая — аўтаномная лабараторыя. Гэта злучэнне робатызаваных частак са штучным інтэлектам — дэманстрацыя аўтаномнай сістэмы, якая працуе і праводзіць вопыты без чалавека. Тут ёсць набор робатызаваных «рук», якія могуць перастаўляць прабіркі, дазаваць электраліты, зліваць адпрацаванае і вымяраць вынікі. А штучны інтэлект аналізуе і змяняе стратэгію для аптымізацыі працэсу«.

Другая частка экспазіцыі прысвечана вугляродным матэрыялам.

«Тут прадстаўлены графіт — гэта слаісты матэрыял, які складаецца з мноства тонкіх слаёў вугляроду. Калі мы разбіраем яго на асобныя слаі, кожны слой — гэта ўжо графен. Гэты матэрыял выкарыстоўваем у розных кампазітах для паляпшэння электраправоднасці і механічных уласцівасцяў», — патлумачыў навукоўца.

Аэрастатны комплекс — 7 сутак у небе

На фестывалі быў прадстаўлены і прывязны аэрастатны комплекс, распрацаваны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Як патлумачыў, дырэктар навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі Максім Жураўлеў, на іх прадпрыемстве ёсць шмат распрацовак у галіне беспілотных лятальных апаратаў. «Перад вамі — прывязны аэрастатны комплекс. Прызначаны для таго, каб пры неабходнасці падымаць яго ў паветра на вышыню 100–150 метраў. Можна і больш — у залежнасці ад задач. Аэрастат можа несці розную мэтавую нагрузку. У дадзеным выпадку нагрузка складае 20 кілаграмаў і больш».

На аэрастаце ўсталявана аптыка-электронная станцыя з гірастабілізаванай платформай, вырабленая таксама ў Беларусі.

«Яна мае такія характарыстыкі, як далёкасць выяўлення — 20 кіламетраў, выяўленне і захват грузавых аўтамабіляў — 15 кіламетраў, чалавека — 7 кіламетраў. У станцыю ўбудаваны аўтамат захвата і суправаджэння. Яна не проста выяўляе, а аўтаматычна захоплівае і суправаджае паказаную мэту».

Такі комплекс можа выкарыстоўвацца ў народнай гаспадарцы — для кантролю лясных масіваў і палёў, для пажарнай прафілактыкі і своечасовага апавяшчэння аб надзвычайных сітуацыях.

«Асаблівасць гэтага комплексу ў тым, што ён можа знаходзіцца ў паветры да 7 сутак бесперапынна. Падняўшы яго аднойчы, можна 7 сутак днём і ноччу выконваць розныя задачы», — дадаў Максім Жураўлеў.

Катушка Тэсла і біялогія ў фарбах

Сваю пляцоўку прадставіў і фізічны факультэт БДУ. Тут наведвальнікі маглі ўбачыць сапраўдную катушку Тэсла, перадачу электрычнасці па паветры і эксперыменты з токамі Фуко.

Як распавёў прадстаўнік фізічнага факультэта БДУ Леанід Багданаў, што асноўная мэта — агітацыя дзяцей займацца фізічнай дзейнасцю.

«Прапануем ім паступіць у будучыні, падумаць пра тое, каб паступаць на фізічны факультэт у БДУ. Сёння шмат людзей цікавяцца».


Сваю пляцоўку прадставіў і біялагічны факультэт БДУ. Тут можна было ўбачыць экспанаты, звязаныя з мікракланальным размнажэннем бактэрый і раслін. А самым незвычайным аказаліся малюнкі на чашах Петры, створаныя з дапамогай жывых бактэрый.

Як расказала стажор малодшага навуковага супрацоўніка, магістрантка біялагічнага факультэта Аліна Вачынская, сярод экспанатаў ёсць кішачная палачка, залацісты стафілакок жоўтага колеру і серацыя марцэсцэнс чырвоная. Мы бралі стэрыльную бактэрыялагічную пятлю, апускалі ў пэўны від бактэрый і наносілі на чашу па контуры. Праз суткі бактэрыі вырастаюць у такі дзіўны малюнак«, — расказала навукоўца.

Неньютанаўская вадкасць і загадкі ДНК

Сваёй пляцоўкай не менш здзівіў прысутных і Інстытут фізікі НАН Беларусі. Тут наведвальнікаў чакала не зусім звычайнае відовішча — басейн з неньютанаўскай вадкасцю. Гэта сумесь вады з крухмалам і харчовым фарбавальнікам.

«У звычайнай вадкасці, калі вы ўваходзіце, вы проста правальваецеся. А тут усё залежыць ад ціску, які ствараеце. Калі ціск кароткачасовы і моцны — вы ідзяце як па цвёрдай паверхні. Калі ж запавольваецеся — вадкасць абгортвае ногі, і выцягнуць іх адтуль ужо праблематычна», — патлумачыў загадчык аддзела Інстытута фізікі Дзяніс Шаброў.

Асобнай папулярнасцю карысталася пляцоўка «Смак навукі», дзе можна было даведацца пра альтэрнатыўныя бялкі, паспрабаваць іх, паслухаць лекцыі аб правільным і збалансаваным харчаванні.

На фестывалі былі прадстаўлены і гуманітарныя напрамкі. На пляцоўцы «Гісторыя і традыцыі» можна было пагрузіцца ў археалогію, сярэдневяковую моду і народныя рамёствы.

Навукова-забаўляльнае мерапрыемства прыцягнула не толькі арганізатараў, але і гасцей, якія самі займаюцца папулярызацыяй навукі. Сярод іх — Крысціна Заўгародняя, урач-гематолаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра, якая ўжо не першы год выступае на фестывалі з лекцыямі.

Падчас выступлення яе на сцэне, дзе сабралася шмат гледачоў, пагаварылі з яе мужам, Алесем Стружкам, які расказаў аб навуковым захапленні жонкі.

«Крысціна расказвае гледачам пра двайнікоў з навуковага пункту гледжання: як растлумачыць іх з’яўленне, а таксама развенчвае тэорыі змоваў», — тлумачыць Алесь.

Сябар сям’і, які таксама прыйшоў на івэнт разам з Алесем, Макс Беларэцкі, па адукацыі псіхолаг, дадаў, што ўсё жыццё таксама цікавіцца навукай і медыцынай. «Такія фестывалі вельмі важныя, каб папулярызаваць навуку. Каб дзеці глядзелі, спрабавалі, мацалі, пазнавалі навуку навобмацак. Каб ведалі, як навука прымяняецца ў жыцці, каб з’яўляўся навуковы погляд на жыццё», — падзяліўся думкай аматар навукі.

«Нават у дождж хочацца сюды прыйсці»

Сярод наведвальнікаў фестывалю — сямейная пара Раман і Кацярына з маленькім сынам Леанардам. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, яны прыйшлі ў батанічны сад, каб паўдзельнічаць у свяце навукі.

«Нам вельмі радасна, што батанічны сад адкрыў свае дзверы ў выхадны дзень. Нават нягледзячы на дрэннае надвор’е, тут так прыгожа, што ўсё роўна хочацца прыйсці», — падзялілася яны.

Пра фестываль сям’я даведалася з Інстаграма. Яны толькі пачалі сваё знаёмства з лакацыямі, але ўжо адчуваюць, што гэта будзе цікавае правядзенне часу.

Сярод тых, хто прыйшоў на фестываль, — студэнты Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа. Захар Панчык і Максім Андронік прыехалі з групай, каб паглядзець на выстаўкі.


«Нам вельмі спадабалася. Больш за ўсё запомніўся „Хобі-парк“ — там былі розныя цікавыя гульні. Мы ўбачылі, наколькі развілася навука», — падзяліўся Захар Панчык.

Яго аднакурснік Максім Андронік дадаў, што асабліва цікава было паглядзець на экспазіцыі, звязаныя з касманаўтыкай. «Тут шмат розных навуковых выставак, многае звязана з энергетыкай і навукай у цэлым. Прыйшлі, паглядзелі — усё вельмі спадабалася».

Сярод тых, хто не звярнуў увагі на дажджлівае надвор’е былі і Анастасія Максімовіч з мужам Мікітам і двума сынамі. Старэйшаму Уладзіславу чатыры гады, малодшаму Арцёму — усяго чатыры месяцы.

— Мы заўсёды ходзім са старэйшым на ўсе мерапрыемствы, нават калі непагадзь, таму што сыну цікава, — расказвае Анастасія. — Мы толькі зайшлі, але ўжо спадзяёмся, што сённяшні дзень прынясе новыя адкрыцці і, магчыма, вызначыць будучыя захапленні сына.

Пагуляўшы па лакацыях фестываля неўпрыкмет заўважаеш, што ўсіх — і навукоўцаў, і аматараў аб’ядноўвае тут адно: цікавасць да навукі, жаданне пазнаваць новае і праводзіць час з сям’ёй і сябрамі. Фестываль навукі яшчэ працягваецца, і кожны, хто прыйдзе 6 верасня ў Цэнтральны батанічны сад, зможа адчуць сябе часткай гэтага захапляльнага свету адкрыццяў.

Кульмінацыяй першага дня стане вечаровая праграма, якая пройдзе з 19.00 да 22.00. Наведвальнікаў чакае начное шоу пра электрычнасць, навуку феерверкаў і выступленне музычнага гурта пад акампанемент катушкі Тэсла.

Батанічны сад запрашае ўсіх, хто нераўнадушны да навуковых дзівосаў! Уваход на ўсе пляцоўкі — бясплатны.

Надзея ЗУЕВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю