Top.Mail.Ru

Як у МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі ставяць людзей на ногі пасля інсультаў

Інсульт — цяжкае захворванне, якое з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для аховы здароўя ў Беларусі, як, зрэшты, і ва ўсім свеце. Сярод прычын інвалідызацыі яно стаіць на першым месцы. Аднак сёння сучасныя метады лячэння дазваляюць настолькі мінімізаваць наступствы інсульту, што, напрыклад, амаль 80 % пацыентаў пасля своечасова праведзенага трамбалізісу (увядзенне прэпарату, які рассмоктвае тромб) ужо на момант выпіскі са стацыянара праяў інваліднасці не маюць. Паводле даных Еўрапейскай арганізацыі інсультаў (ESO), па выніках 2023 года беларуская сістэма аховы здароўя ўваходзіць у топ-5 у рэйтынгу па дапамозе пацыентам з інсультам сярод краін Еўропы. Адным з вядучых у Беларусі цэнтраў па лячэнні інсультаў з’яўляецца Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. З пачатку года тут дапамаглі больш за 1,6 тысячы пацыентаў з інсультамі.


Паспець у «залатыя» гадзіны

Штогод у Беларусі з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту ў стацыянары паступае каля 41 тысячы чалавек. Каля 85 % інсультаў — ішэмічныя (пры іх тромб ці эмбал перакрывае прасвет цэрэбральнай артэрыі), і толькі каля 15 % — гемарагічныя (калі адбываецца разрыў сасуда і кроў трапляе ў рэчыва галаўнога мозгу ці пад яго абалонкі, адпаведна наступствы куды больш цяжкія).

— Такія суадносіны — пэўнае дасягненне нашай сістэмы аховы здароўя. Дзякуючы таму што праводзяцца дыспансерызацыі, людзі ведаюць пра свае хранічныя хваробы, імкнуцца змагацца з імі і кантралююць, гемарагічных інсультаў у нас усяго 15 %. Напрыклад, у краінах Цэнтральнай Азіі гемарагічных інсультаў больш за палову, — адзначае загадчык аддзела неўралогіі і нейрахірургіі МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, галоўны пазаштатны ангіянеўролаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей МАРЧАНКА.

Для пацыентаў з інсультам неўралагічныя аддзяленні функцыянуюць у стацыянарах розных гарадоў. У Мінску, напрыклад, такіх бальніц усяго тры. У цэлым жа з 35 бальніц у краіне 24 аснашчаны ангіёграфамі. У іх маецца больш за 2 тысячы ложкаў для інсультных пацыентаў, з іх звыш 160 — рэанімацыйныя. Гэтай колькасці цалкам дастаткова.

Дапамога пацыентам з інсультам аказваецца паэтапна. Пры з’яўленні першых сімптомаў (сярод самых распаўсюджаных — перакошаны твар, слабасць у руцэ і пагаршэнне маўлення) варта неадкладна выклікаць хуткую дапамогу. Аператар «103» высвятляе сімптомы і накіроўвае брыгаду медыкаў. На сёння ў краіне своечасова па медыцынскую дапамогу — у так званыя «залатыя» 4,5 гадзіны ад пачатку сімптомаў — звяртаецца ўсяго 25–30 % пацыентаў. З дапамогай праграмы сацыяльнай рэкламы, якую мяркуецца запусціць, медыкі спадзяюцца палепшыць сітуацыю з раннімі зваротамі, што дасць эфект і ў лячэнні.

«Зялёны» калідор

Пры своечасовым звароце, калі пацыент знаходзіцца ў тэрапеўтычным акне, для яго арганізуюць так званы «зялёны» калідор, які дазваляе не губляць ні хвіліны каштоўнага часу ні на адным з этапаў. Яшчэ падчас транспарціроўкі медыкі тэлефануюць у стацыянар, дзе загадзя рыхтуюцца аказваць дапамогу. У прыёмным аддзяленні не толькі робяць неабходныя аналізы, але і вырашаюць пытанне правядзення рэперфузійнай тэрапіі. Адзін з яе варыянтаў — механічная тромбэктамія, калі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў праз невялікі доступ у цэрэбральную артэрыю тромб выдаляюць. Але гэта методыка магчымая толькі на вялікіх магістральных артэрыях. Яшчэ больш шырока прымяняецца трамбалізіс, ён магчымы на сасудах любога дыяметра.

Праўда, трамбалізіс вымагае зладжаных і хуткіх дзеянняў. У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі больш чым палова пацыентаў атрымлівае яго на працягу першай гадзіны, 30 % — на працягу 45 хвілін.

— Чым хутчэй спрацуем, тым лепшыя вынікі, — кажа Сяргей Марчанка. — Пры своечасовым трамбалізісе 75–80 % пацыентаў на момант выпіскі са стацыянара сімптомаў інваліднасці не маюць ці выходзяць з мінімальнымі парушэннямі, якія не ўплываюць на іх паўсядзённае жыццё.

Роўныя магчымасці для рэгіёнаў

У апошнія гады рэперфузійная тэрапія перажывае бурны рост. У 2024 годзе ў краіне яе атрымалі амаль 4 тысячы пацыентаў, а сёлета за 9 месяцаў — ужо 3,7 тысячы. Сёлета істотна павялічылася колькасць тромбэктамій: за 9 месяцаў іх выканана больш, чым за ўвесь 2024 год. У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі каля 30 % пацыентаў з ішэмічным інсультам атрымліваюць трамбалізіс або тромбэкстракцыю, па краіне гэта лічба складае 15 %. Аднак рэгіёны паступова падцягваюцца: напрыклад, Віцебская вобласць па гэтым паказчыку ў хуткім часе дагоніць Мінск. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы падрыхтоўцы спецыялістаў. Больш як 300 неўролагаў прайшлі адпаведнае навучанне методыкам рэперфузійнай тэрапіі на базе МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі за апошнія тры гады.

Яшчэ адна навацыя цэнтра — першы ў краіне інсультны блок, адкрыты два гады таму. Гэта аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання, дзе пацыенты, якія не маюць патрэбы ў рэанімацыі, знаходзяцца ад 24 гадзін да 3-4 сутак пад назіраннем медперсаналу.

— Дзякуючы актыўнаму назіранню і своечасоваму рэагаванню на розныя праблемы нам сур’ёзна ўдалося знізіць лятальнасць і пашырыць прымяненне рэперфузійнай тэрапіі, — адзначае намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Вадзім МАЦЮШКО, дадаючы, што распаўсюдзіць вопыт такіх аддзяленняў плануецца на ўсю краіну.

Паводле аналізу медыкаў, інсульт не маладзее. За 11 апошніх гадоў колькасць гэтых захворванняў у людзей ад 18 да 44 гадоў нязменна складае ўсяго каля 3,7 %. А вось «унёсак» пацыентаў ва ўзросце 75+ — 37 %. Пры гэтым уплывае не толькі і не столькі ўзрост, колькі лад жыцця. Фактары рызыкі інсульту даўно вядомыя: артэрыяльны ціск (больш за 95 % пацыентаў з інсультам пакутуюць ад высокага ціску), халестэрын, лішняя вага, арытмія, цукровы дыябет, курэнне, злоўжыванне алкаголем, начныя апноэ і маларухомы лад жыцця.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Чытайце таксама: Беларускія кардыяхірургі валодаюць поўным спектрам аперацый, якія выконваюць у лепшых сусветных клініках

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю