На мехдвары ААТ «Дзераўное» Стаўбцоўскага раёна — апошнія прыгатаванні перад выездам у поле. Камбайны завяршаюць абслугоўванне, механізатары яшчэ раз правяраюць тэхніку, уважліва прыглядаюцца да неба — ці не падвядзе надвор’е. Пашанцавала: дождж так і не сабраўся, нават сярод аблокаў вызірнула сонца. Тут сустракаемся з галоўным аграномам гаспадаркі, маладым і вельмі зацікаўленым сваёй працай Паўлам ТАРАСЮКОМ. Ён абмяркоўвае з механізатарамі апошнія дэталі. Некалькі хвілін — і каманда гучыць: «Выязджаем!»
НА ВАРЦЕ ЎРАДЖАЮ
Мы рухаемся следам. Дарога вядзе ў поле, дзе сёння вырашаецца лёс азімага рапсу. Жніво ў разгары, і кожная хвіліна на вагу золата. На полі разгортваецца зладжаны механізм: камбайны адзін за адным заходзяць у залацістае мора, пакідаючы за сабой роўныя рады ржышча. «Глядзіце, рассыпаецца — даспеў. Трэба ўбіраць, нельга чакаць. Яшчэ дзень-два — і страты будуць», — кажа Павел Мікалаевіч, размінаючы ў руках спелы стручок рапсу.

Гаспадарка пачала жніво 12 ліпеня з азімага ячменю. Засеялі 177 гектараў. На круг атрымалі 49,8 цэнтнера з гектара — лічба, якая для мясцовых зямель здаецца фантастычнай. Мінулымі гадамі ледзь дабіралі да 35 цэнтнераў, расказаў нам галоўны аграном.
«Пасяўныя работы правялі годна, склаліся і надвор’е, і нашы намаганні», — тлумачыць Павел. У гаспадарцы шэсць камбайнаў, чатыры працуюць на рапсе. За два дні тут плануюць убраць 110 гектараў — калі надвор’е не падвядзе. Усяго пад уборачную — 1815 гектараў збожжавых плюс рапс.
«За 20-24 дні павінны справіцца», — кажа аграном, але ў голасе — насцярожанасць. Надвор’е сёлета капрызнае. Дажджы зрываюць планы. Ужо не раз бывала: выехалі ў поле, нажалі па бункеры — і пачаўся лівень. Потым два дні ліло, проста стаялі, чакалі.

Менавіта такі рэжым — знаёмы кожнаму, хто працуе на зямлі. Галоўнае ў жніве, кажуць тут, — не хуткасць. Галоўнае, за што перажываюць, — страты. І кожны камбайнер ведае: трэба ехаць асцярожна, каб захаваць кожнае зерне. Павел Тарасюк сам часта сядае за штурвал камбайна, гэты год не выключэнне, ён як аграном разумее ўсе тонкасці ўборкі любой культуры. І гэта — вялікі плюс для гаспадаркі, калі спецыяліст ведае тэхніку не толькі ў тэорыі, але і можа працаваць на ёй.
ЛЯСНІК ЗА ШТУРВАЛАМ
Раман БЕЦЬ, які дапамагае гаспадарцы на жніве ўжо не першы год, пацвярджае: «Мы ж не на хуткасць працуем, а на якасць. Калі паспяшаешся — пачнуцца страты. А тут ураджай добры, ад 40 цэнтнераў — для нашых зямель гэта падарунак».
Раман — егер са Стаўбцоўскага лесагаспадарчага прадпрыемства. У жніво ён мяняе лясныя сцяжыны на камбайн. Кажа, цягне да тэхнікі з дзяцінства. Яго камбайну ўсяго два гады. Сучасная кабіна з кандыцыянерам і блютузам, які дазваляе падключыць да тэлефона бесправадныя навушнікі.
«Музыку слухаць не трэба — трэба слухаць камбайн (усміхаецца). А калі нехта звоніць, блютуз дапамагае не адцягвацца», — тлумачыць ён. Смяецца, калі пытаю пра звяроў, ці даводзіцца іх бачыць з кабіны камбайна: «Бывае, касулю ўбачым, але звяры ўцякаюць ад камбайна — відаць, егера баяцца!»

ЯК РАТАВАЛЬНІКІ СЦЕРАГУЦЬ ЗБОЖЖА АД АГНЮ
За бяспекай на полі сочаць ратавальнікі. Уладзіслаў ГАРЭЛІК, майстар-ратавальнік Стаўбцоўскага РАНС, разам з напарнікам дзяжурыць на полі з самай раніцы. Задача — не дапусціць узгаранняў. У спякоту колы камбайнаў могуць лопнуць, і гэта небяспечна. Пакуль такіх выпадкаў не было, але расслабляцца нельга.
«Час рэагавання — хвіліна. Пад’язджаем бліжэй, чакаем, пакуль не сажнуць поле. Іншы раз да 11 ночы», — кажа Уладзіслаў.

АД РАЗМЕРКАВАННЯ — ДА ПРЫЗВАННЯ
Пасля палёў едзем на ток. Тут кіпіць сваё жыццё. Зерне сушаць, чысцяць, рыхтуюць да захоўвання. Галоўная тут — Валерыя САВІЦКАЯ, аграном і загадчыца склада.
Родам з Нясвіжа, яна прыехала сюды па размеркаванні з Ляхавіцкага аграрнага каледжа і засталася. Хоць абавязковы тэрмін адпрацоўкі ўжо скончыўся, яна не вярнулая на радзіму — прыкіпела і да месца, і да работы
«Сельская гаспадарка — гэта складана, але мне падабаецца на прыродзе, свежае паветра. І галоўнае — я прыношу карысць», — кажа Валерыя.
Яна расказвае, як працуе зернесушыльны комплекс: прымае 75-80 тон сырога зерня і выдае 65-70 тон сухога. Тут ужо перапрацавалі 760 тон ячменю, цяпер сушаць рапс.

«Калі малоціцца ў дзень па 350 тон, а сушылка можа ўзяць 180, то зерне назапашваецца. Але мы паспяваем. Рапс не ляжыць, не мокне — адразу ў сушылку», — тлумачыць спецыяліст.
ПАДМЯТАЮЦЬ, ШУФЛЮЮЦЬ, ДАПАМАГАЮЦЬ
На таку гаспадарцы дапамагаюць мясцовыя школьнікі. Іх 11 чалавек. Юныя хлопцы і дзяўчаты падмятаюць, прыбіраюць, шуфлююць зерне. У іх няма складаных абавязкаў, але яны ведаюць: без іх не абысціся. У гаспадарцы кажуць, што гэта — добрая школа. Тут вучацца адказнасці, працавітасці і любові да зямлі.
Дар’я ЦЫРКІНА — адна з іх. Яна ўжо скончыла 11 класаў і ў верасні паедзе ў Ляхавічы — паступаць на агранома, бо бачыць, якая гэта цікавая і карысная прафесія для сельгаспрадпрыемстваў. На таку ўжо другі сезон. " Летась мне спадабалася, а дома сядзець сумна. Вось і вырашыла яшчэ папрацаваць«, — усміхаецца дзяўчына.
Раман ГАЛЫНСКІ прыйшоў упершыню. Ён пераходзіць у 9 клас. Жыве з бабуляй, вырашыў, што летам трэба працаваць. «Хачу мець свае грошы, каб не прасіць. На камп’ютар, думаю абнавіць, тэлефон», — кажа ён.
Аднакласнік Рамана Максім ЕСІС — таксама на таку першы раз. Яго мама — даярка ў гаспадарцы, падтрымала сына. «Мне тут нічога не цяжка. Усё спакойна, аб’ём работы ў самы раз», — кажа ён.
А Паліна КАМАРОЎСКАЯ, якая таксама пераходзіць у 9 клас, прыйшла па парадзе старэйшай сястры, якая некалі таксама працавала на зернетаку. «Яна сказала: ідзі, не пашкадуеш, з грашыма не пакрыўдзяць. І мама падтрымала», — расказвае дзяўчына. Паліна хоча звязаць сваё жыццё са службай у МНС. Яна бачыла тут ратавальнікаў, і ёй гэтая прафесія здаецца сур’ёзнай і паважанай.
Школьнікі працуюць з дзевяці раніцы да чатырох гадзін дня, з абедам у сталовай. І галоўнае — яны бачаць, што сучасная тэхніка палягчае працу. Яны разумеюць: сельская гаспадарка сёння — гэта не ручная праца, а тэхналогіі, веды і каманда.

СУМЯШЧЭННЕ ПРАФЕСІЙ ЯК СТАНДАРТ ЯКАСЦІ
За тэхнічным бокам справы сочыць галоўны энергетык Ілья КУТАС. Ён сам кіруе сушыльным комплексам, сочыць за бесперабойнай работай. «Я энергетык, аднак яшчэ абслугоўваю КЗС, лішнюю капейку зараблю ў такі гарачы сезон», — смяецца ён.
Добра, калі такія маладыя, амбіцыйныя людзі застаюцца на прадпрыемствах. Разам з імі гаспадарка дасягае высокіх паказчыкаў. Ілья Кутас, Валерыя Савіцкая, Павел Тарасюк — таму прыклад. Падчас жніва маладыя людзі не проста сумяшчаюць сумежныя прафесіі, а як прафесіяналы сваёй справы складаюць зладжаны механізм — гэта дазваляе ім лепш бачыць усе тонкасці ўборачнай кампаніі...
Надвор’е не песціць: хмары ходзяць па небе, і аграрыі, як руплівыя пчолкі, спяшаюцца скарыстаць кожны пагодны момант. Яны ведаюць: калі прапусціць час — страты будуць непазбежныя. Таму камбайны гудуць без перапынку, людзі працуюць да позняй ночы, каб паспець сабраць хлеб да чарговай непагадзі. І калі апошняе зярнятка ляжа ў засекі, можна будзе выдыхнуць. А пакуль — руплівая праца ў полі дзеля добрага будучага ўраджаю!
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ