Top.Mail.Ru
112

Як у сталіцы будуць кантраляваць гандаль кветкамі ў святочны перыяд, расказалі ў Мінгарвыканкаме

Аб тым, за што ў Мінску могуць пазбавіць часовага дазволу на гандаль кветкавай прадукцыяй і як будуць спыняць нелегальны гандаль, расказала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная пасля аператыўнай нарады, перадае БелТА.

Алена Нагорная адзначыла, што фізічным асобам і прадстаўнікам прадпрыемстваў, якія атрымалі дазвол і плануюць ажыццяўляць гандаль кветкамі, вырашчанымі ў Рэспубліцы Беларусь, у перадсвяточныя дні і 8 Сакавіка, трэба сачыць за сваімі рабочымі месцамі. «Мы рады бачыць усіх прадаўцоў і загадзя дзякуем ім за тое, што яны вырошчваюць сваю прадукцыю і радуюць нашых жанчын самымі прыгожымі беларускімі кветкамі. Аднак я прашу ўсіх, хто будзе ажыццяўляць гандаль, штодзённа прымаць неабходныя меры па прыбіранні свайго рабочага месца пасля завяршэння работы», — сказала яна.

Начальнік падкрэсліла, што ў гэтым годзе, улічваючы вопыт мінулых гадоў, прынята рашэнне: калі будзе выяўлена, што які-небудзь прадавец не выканаў гэтага патрабавання, яго дазвол на гандаль будзе ануляваны. «Мясцовы выканаўчы орган, улічваючы, што арганізацыя такіх пляцовак з’яўляецца ініцыятывай горада, мае поўнае права прымаць рашэнне аб ануляванні такіх дазволаў», — адзначыла Алена Нагорная.

Акрамя таго, яна звярнула ўвагу, што ў перыяд актыўных продажаў кветкавай прадукцыі ў перадсвяточныя дні актывізуецца і нелегальны гандаль. «Найбольш масавымі месцамі продажаў будуць падземныя пераходы каля станцый метрапалітэна. Таму загадзя хачу папярэдзіць аб магчымых сітуацыях і паведаміць, што сумесна з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Мінску прадстаўнікамі органаў унутраных спраў і раённымі адміністрацыямі будуць праводзіцца рэйдавыя мерапрыемствы. Таксама хачу папярэдзіць, што за нелегальную рэалізацыю кветкавай прадукцыі накладаецца адміністрацыйная адказнасць, якая прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь», — дадала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. 

«У святочныя дні попыт на кветкавую прадукцыю значна ўзрастае, але ў Мінску няма недахопу ў кветкавых магазінах, як стацыянарных, так і ў інтэрнэце», — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг. Пры гэтым яна адзначыла, што пры куплі прадукцыі ў інтэрнэце трэба звяртаць увагу на наяўнасць на сайце наймення суб’екта, УНП, юрыдычнага адраса і ўзору плацежнага дакумента. «Будзьце асцярожныя і не пападайцеся на вуду махляроў, каб потым не было крыўдна», — звярнулася да жыхароў сталіцы Алена Нагорная


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю