Аб'ядналіся, каб зрабіць прыгожа
У вёсцы Хацькоўцы, якая адносіцца да Ваўкавыскага сельсавета, мясцовыя ўлады вырашылі, што абавязкова ў 2025 годзе трэба абнавіць пляж на мясцовым вадасховішчы, каб жыхарам было камфортна адпачываць. Даведаліся, як рыхтавалі зону,
а таксама якім чынам наладжана работа з насельніцтвам.
Можа здацца: што такога? Рэканструявалі пляж і добра — што асаблівага? Але гэта толькі на першы погляд. Дадзеная ініцыятыва аб’яднала вялікую колькасць людзей, якія жадаюць зрабіць сваю малую радзіму яшчэ больш прыгожай і ўтульнай. Як расказаў старшыня Ваўкавыскага сельсавета Казімір СУЕТА, прывялі ў парадак пляж за кошт сродкаў, сабраных на раённых суботніках, грашовую дапамогу аказалі і партнёры.
- — Работа над зонай адпачынку стала аб’яднаўчым момантам. Удзел у працы прыняло ТАА «Хацькоўцы» — арганізацыя дапамагла з тэхнікай, дзякуючы якой завезлі пясок на пляж. Цяпер ён стаў у два разы большы па плошчы. «Электрасеткі» забяспечылі зону асвятленнем, а «Белтэлекам» — відэаназіраннем. Важна, каб усё было па-сучаснаму. Наш лясгас зрабіў лавачкі з бярвення. Наогул, можна асобны тэкст зрабіць, прысвечаны ўсім партнёрам, якія дапамаглі ў добраўпарадкаванні пляжа. Было прыемна бачыць, наколькі твае землякі неабыякавыя. Для таго, каб да месца адпачынку было зручна дабірацца, паклалі асфальт. Раней гэта была жвіровая дарога. Цяпер жа тут сучаснае пакрыццё. Для зручнасці адпачывальнікаў у выхадныя дні пусцяць дадатковы транспарт.
У гэтым месцы ёсць усё неабходнае для актыўнага баўлення вольнага часу: гульнявыя зоны для дзяцей і пляцоўка для гульні ў валейбол, пірс з катамаранамі, зоны адпачынку з альтанкамі, мангаламі, шэзлонгамі, раздзявальнямі і душавымі.
Дарэчы, новая зона адпачынку актыўна выкарыстоўваецца для правядзення масавых мерапрыемстваў, расказала намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце ТАА «Хацькоўцы» Вольга Краўчанка-
Маханько. Тут прайшлі «PRО-жарка па-ваўкавыску», а таксама раённы і абласны турзлёты. У выхадны дзень колькасць адпачывальнікаў перавальвае за 1000.
Гэты аб’ект — гэта паказальны прыклад таго, што атрымліваецца, калі людзі на месцах аб’ядноўваюцца і разам працуюць на карысць свайго населенага пункта. Казімір Суета адзначыў, што сельсавет шчыльна працуе з насельніцтвам, імкнучыся зрабіць мясцовасць добраўпарадкаванай. Напрыклад, у аграгарадку Рупейкі ўстанавілі новую дзіцячую пляцоўку
— Асабліва актуальнае пытанне аварыйных дрэў. Вятры ў Беларусі бываюць вельмі моцнымі, людзі перажываюць за сябе і сваю маёмасць. Таму разам з лясгасам шчыльна працуем у гэтым кірунку. Напрыклад, у Рупейках летась прыбрана 35 аварыйных аб’ектаў. На сталай аснове камісія вызначае, якія дрэвы трэба ліквідаваць. Высечка праходзіць за кошт сродкаў сельсавета.
фота аўтара
г. Ваўкавыск