Top.Mail.Ru

Як у Валожыне выбіралі «Уладара сяла — 2025»?

Яркія эмоцыі, непаўторныя ўражанні, шмат песень, танцаў і пачастункаў — такая атмасфера панавала на Мінскім абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2025». Сам жа конкурс стаў сапраўдным святам сямейных традыцый, магчымасцю для маладых людзей гучна заявіць пра сябе. Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся бліжэй з вясковымі сем'ямі — гарантамі харчовай бяспекі краіны — і высветлілі, хто прадставіць Міншчыну на рэспубліканскім этапе, які пройдзе на свяце ў Александрыі.


Сем’і-ўдзельніцы з розных куткоў цэнтральнага рэгіёна атрымалі выдатную магчымасць пабываць у Валожыне, які летась істотна абнавіўся да фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Іх імправізаваныя падворкі пад адкрытым небам цэлым гарадком раскінуліся па вуліцы Партызанскай. Перад конкурсам мы пазнаёміліся з некаторымі.

1750327920926.jpg

«Нам ніколі не бывае сумна»

Сярод удзельнікаў вылучалася самая шматлікая сям’я Аляхновічаў з Нясвіжскага раёна, якая выхоўвае шасцярых дзяцей: пяцёра хлапчукоў і дачку. «Мы вельмі рады ўдзельнічаць у такім выдатным праекце. Многія думаюць, што жыццё ў вёсцы — гэта выміраючая тэндэнцыя. Але гэта зусім не так! Цяпер маладых сем’яў хапае ў вёсках. Магчымасці ёсць, трэба толькі жаданне. Мы працуем на зямлі і жывём каля лесу. Нам вельмі добра і ніколі не бывае сумна!», — дзеліцца сваімі ўражаннямі мама Паліна.

«Мы вырошчваем агурочкі, памідоры, зеляніну ўсякую. У нас вялікі агарод — 60 сотак!» — дадае тата Яўген. Ён расказаў, што паўдзельнічаць у сямейным конкурсе ім прапанавалі ў сельсавеце: «У нас вялікая і дружная сям’я, дзе кожны адзін за аднаго стаіць гарой. А яшчэ — асабістая падсобная гаспадарка. Толькі на гэтым і жывём, і зарабляем. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб добра жыць на вёсцы ды займацца фермерствам».
«Мы з усім абавязкова справімся!»

Ужо не першы раз удзельнічае ў абласным конкурсе сям’я Папікян з Крупскага раёна. З імі карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся яшчэ летась таксама на абласным этапе конкурсу. Тады дружная сям’я заняла ганаровае трэцяе месца. На гэтым маладыя людзі вырашылі не спыняцца. «Летась мы ўдзельнічалі ўпершыню, было напружана і нават рызыкоўна, вельмі перажывалі, — дзеліцца ўспамінамі галава сямейства Каруш. —  Тады занялі трэцяе месца, але гэтым разам будзем імкнуцца стаць найлепшымі! Прыехалі ў Валожын у баявым настроі! У нас дружная і вясёлая сям’я. Вядома, дачка трохі саромеецца, ды і надвор’е не зусім камфортнае, але мы з усім абавязкова справімся! Нягледзячы на ўсё, тут, у Валожыне, пануе вельмі дружная атмасфера».

Семья Папикян.jpg

  • Каруш працуе лесніком, яго жонка Анастасія — прадаўцом у краме. Дачка Сафія 1 верасня пойдзе ў першы клас. «Яна вельмі хацела прыехаць на конкурс, таму мы і пастараліся знайсці час, прадставіць гасцям і членам журы наш цудоўны падворак, наш раён. Ну і, вядома ж, вызначыцца, паспяхова паўдзельнічаць у конкурсах. Трохі перажываю наконт спавівання малога, даўно гэта было, але рукі яшчэ памятаюць.  Падрыхтаваліся да колкі дроў, завастрылі пілу, узялі добрую сякеру.  Лічым, што падрыхтаваліся добра, зыходзячы з вопыту мінулага года. Цяпер мы ўжо ведаем, што чакае нас наперадзе. І самае цікавае — прыгатаваць найсмачнейшыя дранікі. Гэта мы любім, умеем, практыкуем!»
Як паведаміла першы сакратар Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Клішэвіч, гэтым разам у абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» ўдзельнічалі 17 сем’яў з розных рэгіёнаў Міншчыны. Сёлетні конкурс, як правіла, традыцыйнага фармату. «Але менавіта самі падворкі мы стараемся мяняць у адпаведнасці з пазначаным годам. То-бок у нас 80-годдзе Перамогі і Год добраўпарадкавання, таму асноўны акцэнт быў зроблены на гэтым»
  «Галоўная апора — дзеці»

Сям’я Ліннік з Капыльскага раёна таксама ўдзельнічала ў праекце летась. Арцём працуе трактарыстам, яго жонка Надзея — аператарам машыннага даення, дзве дачкі — Мілана і Валерыя — яшчэ вучацца ў школе. «Мы — звычайная сям’я з вёскі, трымаем сваю падсобную гаспадарку. У нас ёсць авечкі, свінні, індыкі і куры, садзім агарод, з якога робім нарыхтоўкі. Летась, на жаль, удача крыху адвярнулася ад нас, але гэтым разам мы прыехалі, каб перамагчы. Да конкурсаў цалкам гатовыя, паколькі яны з’яўляюцца неад’емнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Секчы дровы, смажыць дранікі, збіраць агародніну і бегаць з каляскай — мы ўпэўненыя, што годна справімся з усімі выпрабаваннямі! Галоўную апору і падтрымку бачым і знаходзім у сваіх дзецях. З імі нам і горы ні па чым!»

Семья Линник.jpg

Цвік забіць — гэта вам не дзіця спавіць

Удзельнікаў чакала насычаная праграма, адметнасцю якой стаў конкурс «Сардэчна запрашаем да нас!». 

У гэтым творчым спаборніцтве сем’і прадставілі свае ўнікальныя тэатралізаваныя паказы, расказваючы пра сямейныя традыцыі, захапленні і сваякоў. Бацькі і дзеці дэманстравалі свае таленты: спявалі народныя песні, танцавалі, ігралі на музычных інструментах і чыталі вершы. Адчувалася, што кожнае выступленне было напоўнена душэўнасцю і любоўю да сваёй сям’і і роднага краю.

Наступнае выпрабаванне «Працуем у камандзе» складалася з чатырох этапаў, дзе адначасова ўдзельнічалі дзве сям’і. Тут удзельнікі праявілі сябе сапраўднымі майстрамі на ўсе рукі: спрытна кіравалі тачкай, хутка забівалі цвікі і пяшчотна спавівалі ляльку, нібы нованароджанае немаўля.

  • Не менш відовішчным стаў конкурс «Па дровах», дзе сем’і павінны былі прадэманстраваць сваю сілу і ўменне, распілоўваючы бервяно ручной пілой на казлах, а затым секчы дровы. Завяршальным выпрабаваннем спрыту і майстэрства стаў этап «На ўсе рукі майстар». У гэтым конкурсе крэатыўныя мамы і таты плялі вянкі з падручных матэрыялаў, дэманструючы свае майстэрства і фантазію.

Цвіком праграмы сталі «Дранікі на калодзе», дзе ўдзельнічалі ўсе сем’і адначасова. Кожная каманда прадэманстравала свае кулінарныя таленты, гатуючы традыцыйную беларускую страву.


* * *

Пераможцамі спаборніцтваў стала сям’я Аляхновічаў з Нясвіжскага раёна. Яны прадставяць Міншчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу ў Александрыі, а яшчэ атрымалі ў якасці прыза цяля. Другое месца ў абласным этапе конкурсу заняла сям’я Аляксандра і Наталлі Лапаткіных са Старадарожскага раёна — іх гаспадарка папоўніцца парасём. Заключыла тройку прызёраў сям’я Андрэя і Кацярыны Юркевічаў з Валожынскага раёна — у іх прыбудзе ў птушніку. Пераможцамі анлайн-галасавання сталі ўдзельнікі з Клецкага раёна — сям’я Андрэя і Крысціны Аляксейчык з дочкамі Ксеніяй і Дарынай — ім уручылі веласіпед.

Победители Семья Олехнович.jpg


Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

Фота Лізаветы ГОЛАД.

г. Валожын.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю