Жаданне і ўменне адстойваць свае законныя правы — падмурак, на якім стаіць цывілізаваны свет. Веданне ўласных правоў (і абавязкаў, вядома) — важны аспект не толькі асабістай бяспекі, але і псіхалагічнага дабрабыту сучаснага чалавека. Ну, а калі гарантаваныя Канстытуцыяй правы парушаны, на дапамогу прыйдзе адвакат. Як яго выбраць, у чым ён можа дапамагчы і ў якіх выпадках — бясплатна, мы спыталі ў адваката Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алены ГРОНСКАЙ.
Адвакат — не прадпрымальнік
— Ці ёсць у нашай краіне прыватныя адвакаты?
— Адвакатам у Рэспубліцы Беларусь можа быць фізічная асоба, якая з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, прайшла ва ўстаноўленых гэтым законам выпадках стажыроўку і здала кваліфікацыйны экзамен, атрымала ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці і з’яўляецца членам тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.
Адвакацкая дзейнасць не з’яўляецца прадпрымальніцкай. Такім чынам, ужыванне тэрміналогіі «дзяржаўны» і «прыватны» адвакат не будзе карэктным, бо заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжаны падзел адвакатаў на дзяржаўных і прыватных.
— Дайце параду: як выбраць адваката?
— Пры выбары адваката неабходна ўлічваць вопыт работы, дзелавую рэпутацыю, спецыялізацыю і асабістыя зносіны. Не сакрэт, што менавіта рэкамендацыі ад сяброў, знаёмых, сваякоў або калег, якім раней аказвалася юрыдычная дапамога, часта з’яўляюцца вырашальным фактарам пры выбары адваката. У ходзе сустрэчы з адвакатам варта ацаніць яго прафесіяналізм і асабістыя якасці, абмеркаваць сітуацыю і задаць пытанні. Вывучэнне інфармацыі ў вольным доступе ў сетцы Інтэрнэт таксама спрыяе выбару. Звесткі аб усіх адвакатах размешчаны на афіцыйным сайце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і на сайтах тэрытарыяльных калегій адвакатаў.
— Ці ёсць гарантыі, што праблемы кліента і асабістая інфармацыя не стануць «здабыткам грамадскасці»?
— Адвакацкая таямніца — гэта звесткі аб пытаннях, па якіх кліент звярнуўся па юрыдычную дапамогу, сутнасць кансультацый, тлумачэнняў, даведак, атрыманых кліентам ад адваката, звесткі аб прыватным жыцці кліента, інфармацыя, атрыманая ад кліента, пра абставіны здзяйснення злачынства па крымінальнай справе, па якой адвакат ажыццяўляў абарону правоў, свабод і інтарэсаў кліента, а таксама звесткі, якія складаюць камерцыйную тайну кліента.
Захаванне адвакацкай таямніцы — безумоўны прыярытэт дзейнасці адваката. Абавязак захавання адвакацкай таямніцы не абмяжоўваецца ў часе.
Платна або бясплатна?
— Дапамога адвакатаў — заўсёды платная?
— Паводле агульнага правіла, юрыдычная дапамога аказваецца адвакатамі на платнай аснове, на падставе дагавора на аказанне юрыдычнай дапамогі. Але ў выпадках і парадку, прадугледжаных Законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» і іншымі заканадаўчымі актамі, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт сродкаў калегій адвакатаў, рэспубліканскага і (або) мясцовага бюджэтаў.
— А як вызначаецца памер аплаты за юрыдычную дапамогу?
— У адпаведнасці з п. 54 правілаў прафесійнай этыкі адваката, пры вызначэнні памеру ганарару прымаюцца да ўвагі наступныя фактары: вопыт і кваліфікацыя, патрэбныя для аказання юрыдычнай дапамогі; прафесійны аўтарытэт адваката; навізна і складанасць пытанняў; неабходныя выдаткі часу і працы; верагоднасць таго, што прыняцце дадзенага даручэння абмяжуе магчымасці адваката адначасова працаваць па іншых справах; тэрміны, устаноўленыя кліентам або абставінамі; неабходнасць прыцягнення спецыялістаў; выдаткі, звязаныя з аказаннем юрыдычнай дапамогі; практыка вызначэння памеру ганарару ў дадзеным рэгіёне, а таксама ў рэгіёне, у якім кліент пастаянна пражывае, і іншыя фактары.
— У якіх выпадках грамадзяне маюць права атрымаць юрыдычную дапамогу бясплатна?
— У адпаведнасці з артыкулам 28 Закона «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», юрыдычная дапамога грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства аказваецца за кошт сродкаў калегій адвакатаў:
-
істцам — пры складанні заяў і вядзенні спраў у судах першай інстанцыі, звязаных з працоўнымі праваадносінамі, аб спагнанні аліментаў, аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў;
-
удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў — пры дачы вуснай кансультацыі па пытаннях, не звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю;
-
грамадзянам — пры складанні заяў аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы за канкрэтны перыяд у пэўным памеры для прызначэння пенсій, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным;
-
інвалідам І і ІІ групы — пры дачы вуснай кансультацыі, якая не патрабуе азнаямлення з дакументамі;
-
малазабяспечаным — аднаму з бацькоў у няпоўнай сям’і, які выхоўвае дзіця ва ўзросце да васямнаццаці гадоў, бацькам (усынавіцелям, удачарыцелям) у шматдзетных сем’ях — пры дачы вуснай кансультацыі, якая не патрабуе азнаямлення з дакументамі;
-
непаўналетнім — у іх інтарэсах; бацькам (усынавіцелям, удачарыцелям, апекунам, папячыцелям) непаўналетніх — у інтарэсах іх непаўналетніх дзяцей;
-
пенсіянерам і інвалідам, якія знаходзяцца (пражываюць) ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, ажыццяўляюць стацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне, а таксама законным прадстаўнікам грамадзян, прызнаных судом недзеяздольнымі — пры дачы кансультацыі па пытаннях, звязаных з забеспячэннем і абаронай правоў і законных інтарэсаў названых грамадзян;
-
цяжарным жанчынам — пры дачы вуснай кансультацыі па пытаннях, звязаных з нараджэннем дзіцяці;
-
іншым катэгорыям грамадзян — па рашэнні калегіі адвакатаў. Юрыдычная дапамога па пытаннях сацыяльнай абароны і рэабілітацыі ахвярам гандлю людзьмі, а ў выпадку недасягнення імі чатырнаццацігадовага ўзросту — іх законным прадстаўнікам, асобам, якія пацярпелі ў выніку акта тэрарызму, аказваецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Юрыдычная дапамога падазраванаму або абвінавачанаму аказваецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту ў выпадку ўдзелу адваката ў дазнанні, папярэднім следстве і судовым разглядзе па прызначэнні праз тэрытарыяльную калегію адвакатаў па патрабаванні органа, які вядзе крымінальны працэс.
Аляксандра Анцэлевіч