Top.Mail.Ru

Як унесці змены ў працоўную кніжку, калі ў запісах дапушчана памылка, расказалі ў Мінпрацы

Як унесці змены ў працоўную кніжку пры змене прозвішча або калі ў запісах дапушчана памылка, расказалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Памылку ў звестках аб працы выпраўляе наймальнік, які яе дапусціў, альбо новы наймальнік пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў. Самастойна выпраўляць запісы нельга. Калі наймальнік, які дапусціў памылку, ліквідаваны, то выправіць або дапоўніць запіс можа наймальнік па новым месцы працы альбо па месцы працы, дзе быў унесены апошні запіс у працоўную кніжку, — на падставе пацвярджальных дакументаў. Калі арганізацыя рэарганізавана, звяртацца варта да яе правапераемніка.

Каб выправіць памылковы запіс, наймальнік у раздзеле «Звесткі аб працы» яго не закрэслівае, а пад наступным парадкавым нумарам паказвае дату ўнясення выпраўлення і піша: «Запіс нумар... несапраўдны», а затым — правільны варыянт. У графе 4 пазначаюць дату і нумар загаду, на падставе якога ўносіцца запіс. Калі запіс быў прапушчаны, яго дадаюць пад чарговым нумарам на падставе пацвярджальнага дакумента. Фармулёўкі «Выпраўленаму верыць» і «Выпраўленае сапраўднае» выкарыстоўваць нельга.

Каб унесці змены пасля змены прозвішча, неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць асобу, ужо з новым прозвішчам (напрыклад, пашпарт або ID-карту). Менавіта ён служыць падставай для змены прозвішча ў працоўнай кніжцы. Пасведчанне аб шлюбе яго не замяняе.

Каб змяніць прозвішча, на тытульным лісце ранейшае закрэсліваюць і над ім запісваюць новае — на падставе дакумента, які сведчыць асобу. На ўнутраным баку вокладкі паказваюць рэквізіты дакумента і завяраюць запіс подпісам наймальніка або ўпаўнаважанай асобы. Новыя звесткі аб адукацыі і навучанні дадаюць на падставе адпаведных дакументаў, захоўваючы ранейшыя запісы. Рэквізіты пацвярджальнага дакумента таксама пазначаюць на ўнутраным баку вокладкі. Такія змены ўносіць наймальнік па апошнім месцы працы альбо пры прыёме на працу.

Прысваенне разраду, класа або катэгорыі адлюстроўваюць асобным запісам у раздзеле «Звесткі аб працы» на падставе загаду наймальніка. Звесткі аб павышэнні кваліфікацыі ўносяць у адпаведны раздзел працоўнай кніжкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю