Як унесці змяненні ў працоўную кніжку пры змене прозвішча або калі ў запісах дапушчана памылка, расказалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Памылку ў звестках аб рабоце выпраўляе наймальнік, які яе дапусціў, альбо новы наймальнік пры наяўнасці пацвярджаючых дакументаў. Самастойна выпраўляць запісы нельга. Калі наймальнік, які дапусціў памылку, ліквідаваны, то выправіць або дапоўніць запіс можа наймальнік па новым месцы работы або па месцы работы, дзе быў унесены апошні запіс у працоўную кніжку, — на падставе пацвярджаючых дакументаў. Калі арганізацыя рэарганізавана, звяртацца трэба да яе правапераемніка.
Каб выправіць памылковы запіс, наймальнік у радзеле «Звесткі аб працы» яго не закрэслівае, а пад наступным парадкавым нумарам указвае дату ўнясення выпраўлення і піша: «Запіс нумар... несапраўдны», затым — правільны варыянт. У графе 4 указваюць дату і нумар загада, на падставе якога ўносіцца запіс. Калі запіс прапушчаны, яго дабаўляюць пад чарговым нумарам на падставе пацвярджаючага дакумента. Фармулёўкі «Выпраўленаму верыць» і «Выпраўленае верна» выкарыстоўваць нельга.
Каб унесці змяненні пасля змены прозвішча, неабходна прад’явіць дакумент, які засведчвае асобу, ужо з новым прозвішчам, напрыклад пашпарт або ID-картку. Менавіта ён служыць падставай для змянення прозвішча ў працоўнай кніжцы. Пасведчанне аб шлюбе яго не замяняе.
Каб змяніць прозвішча, на тытульным лісце ранейшае закрэсліваюць і над ім запісваюць новае — на падставе дакумента, які засведчвае асобу. На ўнутраным баку вокладкі ўказваюць рэквізіты дакумента і завяраюць запіс подпісам наймальніка або ўпаўнаважанай асобы. Новыя звесткі аб адукацыі і навучанні дабаўляюць на падставе дакументаў аб адукацыі або навучанні, захоўваючы ранейшыя запісы. Рэквізіты пацвярджаючага дакумента таксама ўказваюць на ўнутраным баку вокладкі. Такія змяненні ўносіць наймальнік па апошнім месцы работы або пры прыёме на работу.
Прысваенне разраду, класа або катэгорыі адлюстроўваюць асобным запісам у раздзеле «Звесткі аб рабоце» на падставе загада наймальніка. Звесткі аб павышэнні кваліфікацыі ўносяць у адпаведны раздзел працоўнай кніжкі.