Top.Mail.Ru

Як урач з Туркменістана знайшоў свой дом у Беларусі

«Падумаў: прырода прыгожая, значыць, і краіна будзе такая ж»


Усё часцей замежнікі выбіраюць нашу краіну для вучобы і наступнага працаўладкавання. Сярод іх — Рэджэпаў Джанмырат Чары аглы, урач-траўматолаг Светлагорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Чым жа 13 гадоў таму Беларусь прывабіла юнака з Туркменістана, і што здзіўляе яго да гэтага часу?

Выбар на карысць Сінявокай 

Джанмырат нарадзіўся ў туркменскай вёсцы Бай. Пасля школы і службы ў арміі вырашыў рэалізаваць даўнюю мару — стаць урачом. Для вучобы выбраў Беларусь, прычым невыпадкова: у Віцебску ўжо вучыўся сын дзядзькі Джанмырата, які адклікаўся аб нашай медыцынскай адукацыі выключна станоўча.

— Да таго ж многія мае сябры і знаёмыя прайшлі тут навучанне. Яны таксама пацвердзілі: узровень падрыхтоўкі высокі. Менавіта таму я і прыняў рашэнне ехаць сюды, — тлумачыць наш герой.

На лячэбны факультэт Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ён паступіў у 2013 годзе:

— Людзі ў Беларусі вельмі душэўныя і добразычлівыя. Рускую мову я спачатку не ведаў, і калі чагосьці не разумеў, мне цярпліва тлумачылі, перакладалі, дапамагалі. Як і сябры-туркмены, такія ж студэнты. Потым, на працы, была такая ж атмасфера: дружны калектыў, узаемадапамога.

Прывабныя ўмовы

Статыстыка пацвярджае: наш герой — не адзіны, хто робіць такі выбар. Па даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у канцы 2025 года больш за палову ўсіх замежных работнікаў у Беларусі складалі грамадзяне Туркменістана і Узбекістана. Каля 70 % усіх замежных работнікаў (у асноўным гэта мужчыны) сканцэнтраваны ў Мінску і Мінскай вобласці — у 2025 годзе тут працавала каля 10 тысяч замежных грамадзян.

Колькасць ахвотных працаваць у Беларусі працягвае расці, што зусім не дзіўна: для замежных спецыялістаў у нашай краіне створаны ўсе ўмовы. Наймальнік абавязаны заключыць з работнікам працоўны дагавор, дзе прапісаны зарплата, рэжым працы і адпачынку, дадаткова павінны быць прапісаны медыцынская страхоўка і ўмовы пражывання.

Берагчы традыцыі і быць адкрытымі да новага

— Яшчэ самалёт не прызямліўся, а ў ілюмінатар ужо было відаць: усюды лес, — успамінае Джанмырат сваё першае ўражанне ад Беларусі. — Падумаў тады: прырода прыгожая, значыць, і краіна будзе такая ж.

З 2021 года ён жыве ў Светлагорску, працуе ўрачом-траўматолагам у мясцовай бальніцы. Атрымаў арэнднае жыллё — двухпакаёвую кватэру. Дарэчы, урачы-спецыялісты ўваходзяць у пералік найбольш запатрабаваных для прадастаўлення арэнднага жылля камунальнага жыллёвага фонду. Замежныя грамадзяне — не выключэнне.

Джэрэн Бабаева, жонка нашага суразмоўніка, таксама родам з Туркменістана. Як і ён, яна прыехала ў Беларусь атрымліваць адукацыю. Так два прадстаўніка далёкай краіны і знайшлі адно аднаго на нашай зямлі. Вяселле згулялі ў 2021-м — тады ж прынялі рашэнне застацца ў Беларусі надоўга.

Праз год у пары нарадзілася дачка, якой далі імя Арзыгуль — так завуць і маці нашага героя. Двума гадамі пазней нарадзілася Айгуль. Джанмырат Рэджэпаў з асаблівай цеплынёй тлумачыць значэнне гэтых імёнаў:

— Арзыгуль у перакладзе з туркменскага азначае «недасяжная ружа», а Айгуль — «месяцавая ружа».

Сапраўдны кветнік!

У Беларусі сям’я мае адчувальную падтрымку: як замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, яны атрымліваюць на дзяцей дзяржаўную дапамогу.

У сям’і дзве мовы: дзеці разумеюць туркменскую, але гавораць пакуль больш па-руску. Джанмырат не турбуецца: дома дзяўчынкі ўсё роўна чуюць родную мову, а руская дае ім магчымасць камфортна адчуваць сябе ў дзіцячым садку: потым лягчэй будзе ў школе і сярод аднагодкаў.

— Старэйшая дачка ходзіць у садок з велізарным жаданнем, — расказвае ён. — Сама просіцца: «Вядзіце мяне ў садок!» Таму што супрацоўнікі там цудоўныя, дзяцей добра вучаць, правільна выхоўваюць. Я ім вельмі ўдзячны за іх працу і душэўныя адносіны.

Стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні

Дарэчы, родныя традыцыі ў сям’і нашага героя шануюць і старанна выконваюць:

— Напрыклад, мы ядзім, як ядуць туркмены. Сядзім за агульным сталом, усе разам пачынаем і ўсе разам заканчваем трапезу, — дзеліцца Джанмырат. — Гэтыя і іншыя звычаі не забылі і не плануем забываць.

Калі ж у госці з Туркменістана прыязджаюць родныя ці сябры, у першую чаргу сям’я знаёміць іх з нашай прыродай. Дзіўна прыгожыя лясы Беларусі, паводле слоў Джанмырата, нікога яшчэ не пакідалі абыякавым. Вядома, куды без экскурсіі і па ўжо добра знаёмых гарадах: Мінск, Гомель, Светлагорск — кожны выдатны па-свойму!

Таму, зазначае суразмоўнік, за трынаццаць гадоў ён ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. І астатнім іншаземцам раіць прыгледзецца да Беларусі:

— Тым, хто хоча цішыні, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, тут сапраўды спадабаецца. Мы з жонкай пазнаёміліся і пажаніліся ў Беларусі, тут нарадзіліся нашы дзеці. Таму гэта краіна для нас асаблівая.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з асабістага архіва героя

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю