Патэлефанаваў брат, каб павіншаваць з днём нараджэння. Бачымся, на жаль, рэдка, хаця жывём не за белым светам, а толькі ў розных абласцях Беларусі. Голас у трубцы такі родны, знаёмы, цёплы, нібы брат стаіць побач, толькі не бачу, як змяніўся знешне, бо ён прынцыпова не хоча карыстацца інтэрнэтам. Пэўна, гэта ўзрост... Старэйшы ж за мяне аж на 10 гадоў.
Здалёк уяўляю сабе, як жыве яго сям’я. Перад вачыма паўстаюць малюнкі: вось іду па вуліцы невялікага гарадка да іх дома з новым бліскучым дахам, які літаральна патанае ў разнаквецці, бо нявестка вельмі любіць і рупліва даглядае свой вялікі палісаднік. Каля брамкі, на прыступках шырокага ганка таксама — ружы, петуніі, астры і іншыя кветкі розных колераў і сартоў. І я нібы адчуваю іх водар.
Замілаванне ад пачутых слоў, ад гэтых прыемных уяўленняў... Здаецца, гаварыў бы бясконца! Не абыходзіцца без успамінаў пра дзяцінства, пра бацькоў, якіх ужо больш чым дваццаць гадоў няма з намі.
— «Родны мой братка, ты такі ж , як раней, добры, просты.
Памятаеш, як ты, шаснаццацігадовы, адпраўляешся за чыстай пітной вадою з бітонам на саначках да саўгаснай вадакачкі, якая знаходзілася далекавата ад дома.
А мы, дзве малодшыя сястрычкі, бяжым побач. Калі вяртаемся, ты кажаш нам, каб таксама садзіліся на санкі, бо стаміліся. Шкадаваў, цяпер я разумею, што табе нялёгка было цягнуць і напоўнены бітон, і нас. А як ты вазіўся з намі, будаваў з драўляных абрэзкаў цэлыя палацы для лялек! Ты здаваўся нам такім вялікім, дарослым, сур’ёзным.
А тваё захапленне! Маляваў жа ўсюды: у школе, на вуліцы, у полі, калі пасвіў статак кароў... Маляванне цікавіла і нас, бо перадалося гэта ўсім ад бацькі. Потым стала тваёй і сястрычкінай прафесіяй. Жывапіс і зараз як складнік твайго жыцця. На сценах дома — шматлікія партрэты, нацюрморты, пейзажы. Пішаш таксама, каб падарыць свае творы іншым.»
Размаўляем на роднай мове, так, адчуваю, нітачка сувязі паміж намі яшчэ больш умацоўваецца. І ніякай табе крыўды, што рэдка бачымся. Думаецца адно: мне б толькі ведаць, што ў яго ўсё добра, а яшчэ, каб ва ўсіх было здароўе ды жылося без бед. Адчуваю, што брат проста любіць і жадае таго ж, бо ад кожнага яго слова сыходзіць дабрыня і спагада. Вось нагаварыліся і развіталіся па-сапраўднаму родныя. А ў галаве пульсуе іншая думка, не дае спакою. Чаму ў жыцці (нярэдка) адбываецца такое, што пярэчыць законам чалавечнасці, калі родныя становяцца зусім чужымі?
Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Пра што гэты ліст? Пра мінулае і сучаснасць. Пра выхаванне і цеплыню чалавечых зносін. А можа гэта і новая тэма для нашай «звяздоўскай» пошты, дзе кожны можа падзяліцца тымі ўспамінамі, якія саграваюць душу. Спрадвеку сям’я была захавальніцай важных чалавечых законаў, калі дзяцей вучылі паважаць дарослых, клапаціцца пра тых, хто побач, аберагаць жанчыну (маці, сястру, бабулю). Змалку кожны разумеў свае абавязкі, адчуваў наколькі важна падтрымліваць традыцыйны ўклад. Сям’я была і захавальніцай традыцый, некаторыя з іх у наш час, на жаль, пачынаюць знікаць. Але яны не забываюцца... А чаму б не паспрабаваць выцягнуць з успамінаў усе тыя дэталі з дзяцінства, якія сучаснаму маладому чалавеку могуць падацца экзотыкай, а вучоным элементам нематэрыяльнай культурна-духоўнай спадчыны. Як раней святкавалі вяселле, пяклі хлеб, клапаціліся пра ўраджай? Якія народныя прыкметы, пачутыя ў дзяцінстве, працуюць зараз. Якія запаветы бацькоў і дзядоў вы б хацелі перадаць дзецям. Можа разам збяром падборку рэцэптаў да Вялікадня ці ўзгадаем пра рэгіянальныя каляндарныя святы.
А іх дзіўным чынам падхопяць і адродзяць сучаснікі, пра якія будуць расказваць у школах і на экскурсіях. А можа і лепш зразумеем, адкуль моц нашага народа, яго трываласць у складаных выпрабаваннях, працавітасць, спагадлівасць, мудрасць.
Пошту чытае Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.