Top.Mail.Ru

Як васьмёра дзетак дапамагаюць спасцігаць таямніцу боскай любові

Бесперапынны клопат Матушкі Ганны


Маладая модна апранутая жанчына з немаўляткам на руках чакала мяне каля ўладкаванай дзіцячай зоны з арэлямі, што створана ў прыходзе святых Пятра і Фяўронні ў Пінску. Чым не мадонна?! Яе муж, настаяцель храма, які будуецца па вуліцы Сонечнай у мікрараёне Вясёлкавы, айцец Аляксандр Сыцэвіч, — адзін з самых крэатыўных свяшчэннікаў Беларусі, умее зацікавіць моладзь і дзяцей. І ў гэтым яму дапамагае матушка Ганна: наладжаная праца ў сацсетках, шмат падпісчыкаў на ютуб-канале. Прыцягваюць запісы, калі прыгожыя сужэнцы спяваюць дуэтам пра любоў, дадзеную Богам, да іх далучаюцца і дзіцячыя галасы.

Рамантычнае

Ганна і Аляксандр сябравалі яшчэ са школы, разам з бацькамі хадзілі ў адзін храм, кожны з маленства атрымаў дома прыклад веры. Аляксандр з васьмі гадоў быў памочнікам і архірэйскім дыяканам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана. Праўда, у юнацтве марыў стаць ваеннаслужачым.

— Было разуменне, што я кахаю гэтага чалавека і хачу быць з ім побач. А кім ён будзе, для мяне тады не мела значэння, — успамінае Ганна. — Аляксандр скончыў ваенна-патрыятычны клас пры другой гімназіі ў Пінску, казаў, што хоча быць не проста ваеннаслужачым, а капеланам — ваенным свяшчэннікам, дзеля гэтага рыхтаваўся паступаць у Ваенную акадэмію. Калі ён здаваў экзамены, я за яго трымала кулачкі.

У выніку ў спісе на паступленне юнак быў 51-м, а набіралі 50 — вось тая самая сітуацыя, калі чалавека «вядзе» Божы промысел, адзначае айцец Аляксандр. Каб не губляць год, ён паступіў у духоўную семінарыю ў Жыровіцах, але меў намер усё ж ажыццявіць сваю мару. Аднак так і застаўся ў семінарыі. Сюды паступіла і Ганна — на рэгента царкоўнага хору. На другім курсе яны ўзялі шлюб, павянчаліся. Пад канец вучобы ў маладой сям’і нарадзілася дачка Васіліса. Дыплом Ганна атрымлівала з немаўлём на руках. Маладога бацюшку накіравалі служыць на радзіму, у Пінск. Ролю матушкі Ганна «прымярала» ўжо па жыцці: спачатку адказвала за царкоўны хор, але паступова разумела, што галоўная яе праца — быць маці.

— Мэты стаць шматдзетнай мамай не было, нават прыкладу такога не мела перад вачыма, хоць муж казаў, што хоча вялікую сям’ю. Яго маці шкадавала, што Гасподзь даў ёй толькі трох дзяцей. А яго бабуля нарадзіла семярых і нам на вяселлі таго ж пажадала, — расказвае Ганна. — Мы ўжо перасягнулі: пасля Васілісы нарадзіліся Сілуан, Адрыян, Герман, Эмілія, Эсфір, Аляксандр і маленькі Елеазар. І так 16 гадоў бесперапыннага клопату: памперсы, калыханкі, бяссонныя ночы...

Штодзённае

Самы складаны перыяд, калі на руках было чацвёра дзетак: усе маленькія, ні на каго не пакінеш. Ужо пачалося будаўніцтва храма, адпаведна — матэрыяльныя праблемы. Здавалася, нічога не паспяваюць... Добра, што ёсць бабулі, але з цягам часу прыходзіла разуменне, што з усім могуць спраўляцца самі. Як шматдзетная сям’я атрымалі магчымасць пабудаваць дом, бо жылі ў кватэры, якая паступова запаўнялася двух’яруснымі ложкамі.

— Дзякуй Богу, дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем’і, — адзначае айцец Аляксандр Сыцэвіч. — Нам далі зямлю і субсідыю на будаўніцтва, атрымаўся цудоўны дом — гэта вялікая справа!

Ордэн Маці Ганна атрымала, калі чакала сёмае дзіця. Аднойчы яе запрасілі на ўрачыстую цырымонію ў гарадскі Дом культуры. Сабраліся і паехалі туды разам з мужам. А ён нечакана выйшаў павіншаваць жонку з букетам кветак — дзе толькі паспеў іх знайсці?!.

Тры гады таму, калі нарадзіўся Аляксандр, пераехалі ў новы дом. Вялікі, месца хапае, але як яго даглядаць? Гаспадыня ўсміхаецца: кожны з дзяцей стараецца мыць і прыбіраць за сабой, каб маме было лягчэй. Бо вялікая праца — нават гатаваць ежу, часам яна ў вялікай сям’і знікае значна хутчэй, чым меркавалася, і тэрмінова даводзіцца ўключаць «дадатковую магутнасць». А на наступны дзень хочацца іншых страў. Серада і пятніца ў гэтай сям’і — посныя дні. І ў кожнага ж яшчэ могуць быць свае пажаданні ў ежы, якія трэба ўлічваць, бо калі дзіцяці нешта не падабаецца, то яно можа застацца галоднае.

— Я нібыта салдат — усё раблю на хуткасць, — прызнаецца жанчына. — Нават падрыхтоўку строяў для мужа ў храм — усё трэба з вечара адпрасаваць. Побыт, вядома, забірае час. 

А дзецям яшчэ хочацца падзяліцца ўражаннямі ад школы ці садка, каб мама выслухала, дала параду. Я не ведаю слова «дэпрэсія», бо няма калі нават задумацца пра гэта. Здзіўляюся, калі нехта кажа пра сямейныя сваркі: напэўна, людзі, якім няма чаго рабіць, пачынаюць высвятляць адносіны. Мы з Божай дапамогай ідзем наперад. Нас ніхто не вучыў быць шматдзетнымі мамай і татам. Калі штосьці не атрымліваецца, стараемся выпраўляць памылкі. Лічу, што жанчына, якая стала маці, можа адаптавацца і справіцца з усім, калі робіць усё з любоўю. А гэтаму мы з мужам вучымся штодня разам з дзецьмі.

Выхаваўчае

Для дзяцей у гэтай сям’і тата — безумоўны аўтарытэт, які маці старанна падтрымлівае. Дома абавязковая вечаровая малітва, і гэта час, калі можна паразмаўляць з татам. Аляксандр мала бывае дома апошнія 12 гадоў, пакуль будуецца храм. Дарэчы, гэта адзіны храм у Пінску, дзе кожны дзень вядуцца набажэнствы.

Трэба ўтрымліваць вялікі прыход, настаяцель усё імкнецца рабіць на самым высокім узроўні — як для сябе. Каля ўвахода ў сабор прыцягвае ўвагу клетка з трусікамі. Крыху далей — дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, якія дзеці Сыцэвічаў апрабавалі першымі. Гэта не проста храм, а сапраўды сямейны цэнтр, дзе могуць знайсці сабе заняткі і дзеці, і дарослыя. Ганна і ў жаночым клубе актыўная ўдзельніца, у розных творчых і дабрачынных акцыях. А ў нядзелю і ў вялікія святы дзеці Сыцэвічаў разам з бацькамі ў храме. З маленства ў пэўнай сістэме каардынат.

— Калі ты як бацька ці маці робіш заўвагі дзецям, а сам пры гэтым паступаеш інакш, то яны засвояць гэты не лепшы прыклад і будуць думаць, што так можна. А часам у іх можа быць супрацьлеглы погляд, бо мы ж жывём сярод людзей. Мая жонка ніколі не рабіла макіяжу, у джынсах не ходзіць. А наша старэйшая дачка — абсалютная супрацьлегласць, і прыклад маці не ўплывае на яе выбар. У перспектыве, спадзяемся, яна ўсё ж звернецца да яго, — падключаецца Аляксандр Сыцэвіч. — Кожнае дзіця паказвае, што Гасподзь яго стварыў са сваім стылем паводзін, пачуццямі, асабовымі якасцямі. Часам цяжка стрымаць сябе, бывае, дзеці не рэагуюць на заўвагі таты ці мамы. То бок прымайце і любіце мяне такім, які я ёсць. Таму што кожнае дзіця — індывідуальнасць.

Ганна стараецца разгледзець у дзецях талент і накіраваць, сама развозіць іх па школах, садках, гуртках. Старэйшая Васіліса ўжо самастойная, з маленства актыўная, вучыцца ў ліцэі пры Палескім дзяржаўным універсітэце. Сілуан больш удумлівы, дапамагае тату ў храме. Айцец Аляксандр лічыць, што сын павінен спачатку асвоіць нейкую прафесію, а потым выбраць свой жыццёвы шлях. Адрыян — аматар анатоміі і медыцыны, паралельна захапляецца робататэхнікай. Герман вельмі спартыўны хлапчук, хоча ў МНС, але пры храме атрымлівае асновы музычных ведаў, настаўніца па сальфеджыа вельмі яго хваліць. З задавальненнем ходзяць на хор Эмілія і Эсфір, якая да таго ж вельмі любіць маляваць. 

І маленькі Аляксандр разам з усімі спявае, прынамсі, у кліпе, які сям’я запісала, калі збіраўся нарадзіцца Елеазар...

Але ці не самы прыгожы праект, што ладзіць прыход на ўладкаванай адкрытай пляцоўцы, значны наогул для Пінска, — Траецкі баль. Сёлета адмыслова рыхтаваліся танцаваць 65 пар старэйшай групы, плюс сярэдняя і малодшая. Наперадзе звычайна пара Аляксандра і Ганны — найлепшы прыклад, што сучасныя і прыгожыя людзі могуць мець многа дзяцей і з Божай дапамогай гадаваць іх, маючы ўсё неабходнае для шчаслівага жыцця.

— Нашы дзеці вельмі падтрымліваюць адзін аднаго, часам чую, як шушукаюцца па вечарах, — распавядае Ганна. — Старэйшыя дапамагаюць мне з маленькімі, прыходзяць дадому — і бягуць да іх, абдымаюць, цалуюць. 

А калі вярталася з радзільні, то мяне сустрэлі словамі: «Хто ў нас будзе наступны?..»

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю