...Мы, жыхары аграгарадкоў Грынкі і Нязбодзічы Свіслацкага раёна, падарожнічалі і раней, а год таму стварылі адмысловы клуб: «Вецер вандраванняў» «падхапіў» не столькі моладзь, колькі людзей пажылых: многія з іх на заслужаным адпачынку, многія працуюць.
Марыя Чаславаўна Захарка, якая разам з мужам аб’ехала ўвесь былы Савецкі Саюз, прывяла ў клуб сваіх сябровак Галіну Уладзіміраўну Грушэўскую, Тамару Аляксандраўну Місюлю, Вольгу Емяльянаўну Забалоцкую, Ніну Станіславаўну Лінкевіч. Ніводную вандроўку не прапускае Надзея Мікалаеўна Карпюк, а разам з ёй у дарозе Ала Міхайлаўна Пажарыцкая і Ларыса Паўлаўна Гваздзялюк. У рабоце клуба з задавальненнем удзельнічаюць жыхары аграгарадкоў Вердамічы, Дабраволя, Вялікае Сяло.
Летась мы пабывалі на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы, у Лідскім замку, у доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку, на возеры Літоўка з цікавай сядзібай у стылі фэнтэзі. Вельмі спадабаўся старажытны Слонім і свята «Рыбны дзень» на возеры Свянціца...
Не так даўно зноў вярнуліся з вандроўкі: у Кобрыне цікава было пабываць на фабрыцы «Палессе» (уразіла, што яна пастаўляе дзіцячыя цацкі ў 32 краіны свету!), наведаць Дом-музей А. В. Суворава, прайсціся па гарадскім парку, дзе шмат жывых вавёрак і цікавых скульптур, і нарэшце цудоўна адпачыць у мясцовым аквапарку.
Пра свае вандроўкі мы з ахвотай распавядаем у сацсетках. Таму з намі можна вандраваць нават седзячы на канапе, але...
Напэўна, усім вядома, што жыццё — гэта не тыя дні, якія прайшлі, а тыя, што запомніліся. Хочацца, каб іх, вось такіх, было як мага больш: мы вельмі ўдзячны адміністрацыі мясцовай гаспадаркі «ВМК-АГРА» за падтрымку нашай ідэі і выдзяленне транспарту для вандровак.
Марыя Самалевіч, кіраўнік клуба, аг. Грынкі, Свіслацкі раён.