Top.Mail.Ru

Як Віктар Роўда ўзвышаў і жывіў душы

Яго называлі «генералісімусам харавой музыкі», а жыццёвы шлях маэстра нагадвае захапляльны раман, у якім цесна перапляліся духоўнасць, навука і бязмежная адданасць музыцы. Пра гэта нагадалі падчас сустрэчы ў рамках ІІ Міжнароднага конкурсу харавых дырыжораў імя Віктара Роўды, што праходзіць у сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Тут Віктар Уладзіміравіч больш за 40 гадоў узначальваў кафедру харавога дырыжыравання, падрыхтаваў шмат выдатных музыкантаў, якія цяпер працягваюць яго справы — іх на працягу жыцця было некалькі адначасова, і да ўсіх прафесар ставіўся вельмі адказна і патрабавальна, у першую чаргу да сябе самога...



Народны артыст Беларускай ССР, народны артыст СССР — здавалася, што гэтыя званні яму былі нададзены дзяржаўнымі ўладамі менавіта таму, што ўжо былі замацаваныя за ім у народзе: Роўду пазнавалі, ведалі, хадзілі на выступленні калектываў, якімі ён дырыжыраваў, адзначаючы дзівосную музычнасць, нібыта дадзеную Богам.

А можа так і было? Шлях хлопчыка, які нарадзіўся ў сям’і святара 105 гадоў таму, ды яшчэ і ў храме, здавалася, прадвызначаны. Можа, ён да канца сваіх дзён насіў у сэрцы гэтую падзяку за талент. Калі ў Смаргоні на месцы той цэркаўкі, што пасля вайны была разбураная, пабудавалі Спаса-Праабражэнскі храм, у ім з’явіўся звон з пазнакай: прафесар Роўда адліў яго ў памяць пра свайго бацьку.

З ранняга дзяцінства ў яго душы гучалі і царкоўныя спевы, і мілагучныя беларускія народныя мелодыі. Таму Віктар разам са сваім братам Анатолем паступіў вучыцца ў Віленскую духоўную семінарыю. 

У 1939 годзе скончыў яе, але аказалася, што дакументы пра заканчэнне гэтай установы савецкія ўлады не прызналі. Віктару прыйшлося паступіць у гімназію, каб атрымаць агульную адукацыю. Атэстат сталасці ён атрымліваў у мужчынскай гімназіі Вільнюса ў 1941-м. Маці Сцепаніда Фамінічна хацела даць сваім дзецям добрую адукацыю — яна марыла, каб яны сталі дактарамі. У Віктара схільнасць да медыцыны была, таму ён хацеў вучыцца на медыцынскім факультэце Вільнюскага ўніверсітэта. Жаданне быць доктарам было вялікае, нават падчас нямецкай акупацыі яны падпольна займаліся ў медыцынскім універсітэце. А сваім вучням-музыкантам ён пазней распавядаў, як падчас налётаў гестапа даводзілася нават хавацца ў «анатамічцы»... Пасля вайны паўстала пытанне: кім бы ён хацеў быць? Летам 1945 года паступіў на медыцынскі факультэт Вільнюскага ўніверсітэта і адначасова — у Літоўскую дзяржаўную кансерваторыю, дзе дырыжыраванне выкладаў прафесар Кавяцкас, цудоўны музыкант і арганіст, які вучыўся ў Парыжы і Ватыкане. Яго фота, як і іншых сваіх настаўнікаў, Віктар Уладзіміравіч з гонарам размяшчаў і стараўся захаваць на кафедры, якую ўзначальваў. Цяпер гэтая памяць падтрымліваецца, адзначыла дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Інеса Бадзяка, якая была вучаніцай майстра.

Але як ён вызначыўся з жыццёвым шляхам? Паколькі дзве прафесіі для яго былі аднолькава важныя, то ўсё вырашыў выпадак. З 1945-га Віктар Роўда быў рэгентам Свята-Духава сабора ў Вільнюсе. Аднойчы там гастраляваў Аляксандр Васільевіч Свешнікаў з Дзяржаўным акадэмічным рускім хорам, зайшоў у храм і быў уражаны ўзнёслымі спевамі. 

А вечарам пасля канцэрта Віктар Уладзіміравіч пайшоў і прадставіўся рэгентам хору — таго самага, які Свешнікаў ужо паслухаў. Так пазнаёміліся два цудоўныя музыканты. Аляксандр Свешнікаў запрасіў Роўду пасля заканчэння кансерваторыі да сябе ў аспірантуру.

Усё так і адбылося б, калі б не адна «неспадзяванка». У 1950-я гады яшчэ не было дазволена рэгентаваць адкрыта: камсамольскія сходы і камісіі ганьбавалі людзей, якія распаўсюджвалі «опіум для народа». Нехта данёс, што студэнты і Віктар Уладзіміравіч спявалі Велікоднае набажэнства. Студэнтаў выклікалі, абвясцілі вымову, а Віктара Роўду адлічылі напярэдадні дзяржаўных іспытаў. Ён тады ўжо працаваў у оперным класе кансерваторыі і быў канцэртмайстрам. У якасці пакарання прыйшлося адпрацаваць з хорам афіцэрскіх жонак...

Пасля так званага «віленскага перыяду» ўсё ж наступіў «маскоўскі», калі Віктар Роўда адначасова з вучобай у аспірантуры ў Аляксандра Свешнікава працаваў з хорам хлопчыкаў харавога вучылішча і быў хормайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору. Свешнікаў стаў для яго больш чым настаўнікам — яшчэ і сябрам па жыцці. Шчырыя сяброўскія адносіны ў яго былі з яшчэ адным выдатным чалавекам — мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, які ўпершыню ўбачыў Віктара Роўду ў Загорску разам з харавым калектывам Свешнікава. А праз шмат гадоў яны сустрэліся ў Мінску, і Уладыка пазнаў дырыжора па яго руках. У гэтага сяброўства была моцная духоўная аснова: Роўда быў і заставаўся вернікам усё жыццё, і дзякуючы яму ў многім духоўная музыка ў Беларусі прыйшла ў свецкае жыццё, стала выконвацца ў канцэртных залах. Дарэчы, як і беларускія песні, якія Віктар Уладзіміравіч вельмі любіў з дзяцінства, з бацькоўскай сям’і. Дзякуючы яшчэ аднаму легендарнаму музыканту Рыгору Шырме ён зразумеў, як яны могуць упрыгожыць прафесійную культуру. Хор Шырмы — гэта калектыў, які паўплываў на лёс Віктара Роўды. 

У хоры Шырмы яшчэ ў Вільнюсе ён пазнаёміўся са сваёй жонкай Соф’яй, праз 15 гадоў яны заключылі шлюб. 

А пазней, пасля заканчэння вучобы ў Маскве па вяртанні на Радзіму, Віктар Уладзіміравіч з 1956 па 1965 год працаваў з Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлай, той самай, што была створана Рыгорам Шырмай у 1940-м. І як у яго ўжо павялося, адначасова пайшоў выкладаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. А з 1965 года стаў кіраўніком хору Белтэлерадыёкампаніі, зноў-такі сумяшчаючы гэтую працу з выкладчыцкай. І там, і там тлумачыў выканаўцам, наколькі важна шанаваць высокую культуру і сваю спадчыну. Асобная ўвага прафесара Роўды была прысвечана працы над анталогіяй Рыгора Шырмы — сабраныя ім песні былі запісаныя на радыё.

Больш за сорак гадоў прафесар Роўда нязменна ўзначальваў Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі. Сёння ім кіруе Сямён Кліманаў, адзін з апошніх выпускнікоў прафесара. Яшчэ адно «харавое дзіця», у якое прафесар уклаў душу, — Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкім кіраўніком якога ён быў амаль 45 гадоў і які здолеў вывесці на сусветныя сцэнічныя падмосткі. Гэты калектыў здабыў шэсць Гран-пры міжнародных конкурсаў, у тым ліку харавога «Залатога Оскара» ў нямецкім горадзе Дармштаце. Цяперашні кіраўнік Студэнцкага хору БДАМ Інеса Бадзяка ўзгадвае:

— Прафесар быў педантычны і вельмі патрабавальны да сябе і іншых. Ён катэгарычна не прымаў любыя малакультурныя паводзіны, сам быў прыкладам для студэнтаў. Але пры гэтым іх кватэра заўсёды была гасціннай: разам з жонкай яны прымалі на Вялікдзень, на Ражджаство студэнтаў, усе чакалі славутых пончыкаў Соф’і Антонаўны. А ў класе ці з блізкімі людзьмі яго вылучала неверагоднае ўменне з гумарам ставіцца да сябе, усміхнуцца і парадавацца добраму жарту.

Ён так і застаўся доктарам, святаром і музыкантам у адной асобе — таму што займаўся тым, дзе ўсе гэтыя прызначэнні спалучаюцца. Спадчына прафесара жыве. У Баранавічах ёсць дзіцячая харавая школа мастацтваў, якая носіць імя Віктара Роўды, ёсць вуліца ў яго гонар. І конкурс харавых дырыжораў — у памяць пра чалавека, які ўзбагаціў і ўзняў на высокі прафесійны ўзровень харавое мастацтва Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю