Сёння інтэрнэт і камп’ютарныя тэхналогіі імкліва пранікаюць ва ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека. З аднаго боку, гэта адкрывае перад грамадзянамі шэраг перспектыў, з другога — цягне за сабой з’яўленне новых рызык і пагроз, галоўная з якіх — кібермахлярства. На кручок да ашуканцаў усё часцей трапляюць непаўналетнія, асабліва актуальна гэта цяпер, калі дзеці вярнуліся з канікул. Пра тое, якія схемы сёння найбольш актуальныя і як абараніць сябе і сваіх блізкіх, карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі палкоўнік міліцыі Максім ГАМОЛА.
Ад замены дамафона да вынасу сейфа
Па словах праваахоўніка, часцей за ўсё аферысты тэлефануюць дзецям пад рознымі падставамі: замены чыпаў ад дамафонаў, лічыльнікаў, тарыфных планаў сотавага аператара ці атрымання заказнога пісьма. Падчас размовы яны пераконваюць дзіця назваць код з СМС, нібыта неабходны для пацвярджэння аперацыі або праверкі бяспекі.
— Пасля атрымання кода ў справу ўступаюць ілжэсупрацоўнікі розных службаў: праваахоўных органаў, службы фінансавага расследавання або Нацбанка. Яны пачынаюць запалохваць дзіця, сцвярджаючы, што бацькоў абвінавачваюць у махлярстве або іншых злачынствах. Для выратавання сям’і аферысты патрабуюць перадаць сямейныя зберажэнні, пераконваючы, што інакш іх адбяруць падчас вобыску.
Пры гэтым дзецям катэгарычна забараняюць расказваць пра званкі бацькам, — раскрывае алгарытм дзейнасці махляроў Максім Гамола.
Як адзначае суразмоўца, дзеці нярэдка аказваюцца не ў стане распазнаць ашуканскія схемы з-за недастатковага жыццёвага вопыту. Іх даверлівасць і эмацыянальная ўспрымальнасць робяць непаўналетніх лёгкай здабычай для зламыснікаў. Сітуацыю пагаршае і тое, што некаторыя дзеці ведаюць, дзе дома захоўваюцца грошы, або маюць доступ да банкаўскіх дадаткаў бацькоў.
Нядаўна ахвярай падобнай схемы стала 11-гадовая дзяўчынка. Спачатку ёй патэлефанавалі аферысты, якія прадставіліся супрацоўнікамі дамафоннай службы, і на падставе замены абсталявання выманілі код з СМС. Затым з дзіцем звязаўся ілжэправаахоўнік, які пераканаў дзяўчынку, што яна нібыта размаўляла з ашуканцамі, дзеліцца падрабязнасцямі Максім Гамола:
— Каб узмацніць ціск, аферыст прыгразіў праверкай: нібыта да сям’і прыйдуць з вобыскам, каб высветліць, ці замешаныя бацькі ў чым-небудзь. Спалохаўшыся, дзяўчынка сабрала ўсе сямейныя зберажэнні — 24 тысячы рублёў — і пакінула іх ва ўмоўленым месцы. Кур’ера, які забраў грошы, аператыўнікі затрымалі. Ім аказаўся 31-гадовы мінчанін, які раней сам стаў ахвярай махляроў. Паверыўшы ў гісторыю пра замену электралічыльнікаў, ён аформіў крэдыт на 65 тысяч рублёў і перадаў грошы зламыснікам. Па ўказанні куратараў мужчына забраў грошы ў дзяўчынкі і перадаў іх наступнаму пасярэдніку.
Праваахоўнік прывёў яшчэ адзін прыклад. У міліцыю звярнулася мама 11-гадовага хлопчыка, якога ашуканцы прымусілі вынесці з дому сейф з грашыма і каштоўнасцямі. Спачатку дзіцяці патэлефанавалі ілжэсупрацоўнікі аператара сотавай сувязі і пацікавіліся, з кім ён жыве. Затым іншыя ашуканцы прыгразілі: калі ён не будзе іх слухацца і выконваць заданні, то бацькоў арыштуюць, а яго самога адправяць у дзіцячы дом. Хлопчык аддаў сейф кур’еру — 32-гадоваму жыхару Гомельшчыны, які і сам стаў ахвярай падману. Распачата крымінальная справа.
Як прадухіліць трагедыю?
Праваахоўнік падкрэслівае: абараніць дзіця ад падобных злачынстваў можна толькі дзякуючы пастаяннай увазе і адкрытым адносінам у сям’і:
— Растлумачце дзецям, што сапраўдныя супрацоўнікі банкаў, міліцыі або дзяржаўных органаў ніколі не патрабуюць па тэлефоне тэрмінова перадаваць грошы, паведамляць коды з СМС або выконваць якія-небудзь фінансавыя аперацыі. Нагадайце, што дарослыя здольныя вырашаць фінансавыя і прававыя пытанні без дапамогі непаўналетніх. Навучыце дзіця пры любым падазроным званку адразу завяршаць размову і абавязкова паведамляць пра яго бацькам або ў міліцыю.
Максім Гамола заклікае бацькоў рэгулярна абмяркоўваць з дзецьмі распаўсюджаныя схемы махлярства, абмежаваць выкарыстанне дзецьмі прылад, праз якія можна атрымаць доступ да фінансавых аперацый, і не захоўваць сямейныя зберажэнні ў месцах, пра якія ведаюць непаўналетнія. Акрамя таго, бацькам варта ўстанавіць на тэлефоны дзяцей бацькоўскі кантроль і фільтры званкоў, падрыхтаваць план дзеянняў, які дапаможа хутка і правільна адрэагаваць на пагрозу.
Каб смартфон не пераўтварыўся ў камень
Праваахоўнік прывёў яшчэ адзін прыклад махлярства ў сеціве. У міліцыю звярнуўся бацька 12-гадовага хлопчыка — яго сына падманулі ашуканцы ў інтэрнэце. Усё пачалося з таго, што дзіця шукала спосаб устанавіць папулярную камп’ютарную гульню бясплатна і наткнулася на прывабную прапанову ў сацсетках. Перайшоўшы па спасылцы, школьнік пачаў перапісвацца з «тэхнічным спецыялістам», які паабяцаў дапамагчы з устаноўкай. Той патлумачыў, што для гэтага трэба выйсці са свайго іCloud-акаўнта і ўвайсці ў іншы. Хлопчык выканаў інструкцыю — і яго смартфон тут жа заблакаваўся.
Далей ад ашуканцаў прыйшло патрабаванне: 90 долараў за разблакіроўку. Аднак падлетак не стаў плаціць, а адразу расказаў пра ўсё бацьку. Мужчына неадкладна звярнуўся ў міліцыю.
— Ніколі не ўводзьце на сваіх прыладах чужыя логіны і паролі, кім бы ні прадстаўляўся ваш суразмоўца, — звяртае ўвагу Максім Гамола. — Спампоўвайце дадаткі толькі ў афіцыйных крамах, нават калі здаецца, што вы знайшлі больш выгадны спосаб. Праяўляйце асцярожнасць і не ўводзьце на сваім смартфоне звесткі чужога Apple ІD або іCloud.
Адправілі геалакацыю — страцілі грошы
Непаўналетніх падманваюць і па іншым метадзе. Аферысты знаёмяцца з імі ў інтэрнэце і просяць адправіць геалакацыю — нібыта для сустрэчы. Атрымаўшы каардынаты, пачынаюць запалохваць, быццам бы па гэтых пазнаках ужо накіраваныя ваенныя дроны, з-за чаго бацькоў пасадзяць у турму. Спалохаўшыся, дзеці згаджаюцца «выкупіць свабоду» блізкіх і выносяць з дому зберажэнні.
— На лінію «102» звярнулася 13-гадовая мінчанка, якая аддала аферыстам сямейныя каштоўнасці, — прыводзіць прыклад з геалакацыяй суразмоўца. — Школьніцу падманулі па схеме, звязанай са знаёмствам у інтэрнэце і адпраўкай геалакацыі. Устаноўлена: дзяўчынка ведала, дзе бацькі захоўваюць грошы, і па ўказанні фэйкавай супрацоўніцы Следчага камітэта аддала іх незнаёмаму 15-гадоваму хлопцу — «кур’еру Нацбанка».
Ён таксама стаў ахвярай махляроў. Дадаўшы да перададзенай сумы назапашванні сваіх бацькоў, адвёз усё іншай 13-гадовай «супрацоўніцы банка» нібыта для дэкларавання. Тая, у сваю чаргу, дапоўніўшы змесціва пасылкі канвертам ад яшчэ адной 14-гадовай школьніцы і наяўнымі з бацькоўскага сейфа, адвезла заплечнік ва ўмоўленае месца. Пацярпелыя ўвесь час знаходзіліся на сувязі са зламыснікамі і верылі, што дапамагаюць сваім сем’ям выратаваць грошы.
У суме яны перадалі аферыстам каля 80 тысяч рублёў у эквіваленце.
— Каб пазбегнуць падобных сітуацый, дзеці не павінны ведаць, дзе захоўваюцца сямейныя зберажэнні! — звярнуўся да бацькоў Максім Гамола. — Рэгулярна расказвайце ім пра хітрасці махляроў. Тлумачце, што ў вырашэнні фінансавых і прававых пытанняў дарослыя здольныя абысціся без дапамогі непаўналетніх. Калі хтосьці па тэлефоне пагражае або патрабуе задэклараваць бацькоўскія грошы, трэба неадкладна пакласці трубку і паведаміць аб тым, што адбылося, вам ці ў міліцыю.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота ГУУС Мінгарвыканкама
.jpg)