Нядаўна ў Навукова-даследчым інстытуце гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі створана тэст-сістэма, прызначаная для адначасовага выяўлення віруса грыпу А, В і каранавіруса SARS-CoV-2 у рэжыме рэальнага часу, што стала адной з самых перспектыўных навуковых распрацовак мінулага года. Усяго інстытут вырабляе больш за 100 найменняў прэпаратаў для дыягностыкі розных вірусных і бактэрыяльных захворванняў. У найбліжэйшай перспектыве — рэалізацыя навуковага праекта па распрацоўцы дыягнастычнай сістэмы, які дазволіць выяўляць дзясятак узбуджальнікаў пазабальнічнай пнеўманіі.
Грып і SARS-CoV-2 — у адным тэсце
Менавіта супрацоўнікі інстытута першымі ў Беларусі распрацавалі дыягнастычны набор для COVІD-19 і выявілі яго першыя выпадкі ў нашай краіне, арганізавалі каранцінныя мерапрыемствы. Трэба сказаць, што дыягностыку многіх інфекцый тут праводзяць у асноўным на ўласных распрацоўках. Першыя дыягнастычныя наборы для дыферэнцыяльнай дыягностыкі грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый былі зарэгістраваны яшчэ ў 2015 годзе. Не так даўно быў распрацаваны набор рэагентаў для выяўлення мікаплазмы і бактэрыі Chlamydophіla pneumonіae.
Апошняя распрацоўка — набор рэагентаў для адначасовага выяўлення вірусаў грыпу А, В і SARS-CoV-2. За адну рэакцыю ён дазваляе вызначыць, які рэспіраторны вірус у пацыента, што скарачае тэрмін правядзення дыягностыкі і дае магчымасць прызначыць супрацьгрыпозную тэрапію ці спецыфічную тэрапію супраць SARS-CoV-2.
— Супраць гэтых вірусаў, калі хвароба праходзіць у цяжкай форме, неабходна праводзіць спецыфічную тэрапію. Для віруса грыпу гэта інгібітары нейрамінідазы. І для таго каб разумець, наколькі будуць працаваць гэтыя прэпараты, мы вывучаем спектр вірусаў, якія цыркулююць, на прадмет іх адчувальнасці да інгібітараў нейрамінідазы. Намі распрацаваны методыкі для выяўлення мутацыі рэзістэнтнасці, якая адказвае за развіццё неадчувальнасці вірусаў грыпу H1N1, H3N2, В да прэпаратаў дадзенай групы, — расказвае загадчык лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў Навукова-даследчага інстытута гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Наталля ШМЯЛЁВА, дадаўшы, што цяпер такіх вірусаў не выяўляецца, апошні раз яны цыркулявалі ў 2008 годзе.

Пакуль тэст-сістэмы для адначасовага выяўлення вірусаў грыпу і каранавіруса будуць выкарыстоўвацца для дазорнага сачэння ў нашай краіне, пазней будуць шырока ўкаранёны ва ўсіх медыцынскіх установах. У найбліжэйшай перспектыве супрацоўнікі інстытута прыступяць да рэалізацыі навуковага праекта, у рамках якога будзе распрацавана дыягнастычная сістэма для якаснага і колькаснага вызначэння бактэрыяльных узбуджальнікаў пазабальнічных пнеўманій, а гэта каля дзясятка бактэрый.
У цэлым жа навукоўцы гатовыя да любых эпідэмічных пагроз. Гэта як і шэраг санітарна-эпідэміялагічных і каранцінных мерапрыемстваў, якім навучыла нядаўняя пандэмія, так і пастаянная навуковая работа, якая не спыняецца.
— Сусветная арганізацыя аховы здароўя апошнім часам акцэнтуе ўвагу на магчымым развіцці новай пандэміі. Часта мы чуем пра хваробу Х — гэта такі эмпірычны ўзбуджальнік, які стане крыніцай новай пандэміі. Найбольшую верагоднасць эксперты цяпер надаюць вірусу грыпу. Можа быць, ім стане H5N1. Вірус грыпу ўнікальны: ён зменлівы і здольны рабіць сюрпрызы, — адзначае Наталля Шмялёва.
Галоўная пагроза — грып H3N2
Супрацоўнікі інстытута ажыццяўляюць так званае дазорнае сачэнне за рэспіраторнымі вірусамі, якія цыркулююць у нашай краіне. Якраз цяпер мы знаходзімся ў разгары эпідэмічнага сезона, які стартаваў у кастрычніку і будзе доўжыцца да мая. Па даных эпідэміёлагаў, за час эпідэмічнага сезона ў краіне, як правіла, захворвае ледзь не кожны трэці. Існуе больш за 200 узбуджальнікаў рэспіраторных інфекцый, але найбольшую сацыяльную небяспеку ўяўляюць вірусы грыпу, паколькі менавіта яны здольны выклікаць пандэміі, апошняя з якіх была ў 2009 годзе.
— У бягучым эпідэмічным сезоне, як і ў папярэднім, мы назіраем вяртанне вірусаў грыпу ў традыцыйную экалагічную нішу. Традыцыйны ўздым захворвання ў нас — гэта другая палова студзеня — люты. Мы прагназавалі цыркуляцыю вірусаў грыпу H3N2, паколькі ў папярэднім эпідэмічным сезоне ў нас цыркуляваў вірус грыпу H1N1, — і бачым, што нашы прагнозы спраўдзіліся. Вірус грыпу H3N2 з’явіўся ў сезоннай цыркуляцыі ўжо ў канцы 2025 года, калі мы пачалі выяўляць першыя выпадкі інфіцыравання. Цяпер таксама ў 99 % выпадкаў мы выяўляем менавіта вірус H3N2. Рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі віруса грыпу H1N1 і В. Акрамя гэтага, працягваюць сваю цыркуляцыю SARS-CoV-2, а таксама іншыя негрыпозныя ўзбуджальнікі, такія як бокапарвавірус, метапнеўмавірус, рынавірус. Яны цяпер займаюць лідзіруючыя пазіцыі сярод негрыпозных узбуджальнікаў. Таксама рэгіструюцца выпадкі захворвання адэнавірусам і вірусамі парагрыпу, — расказала Наталля Шмялёва.
У бліжэйшыя тыдні — пад’ём захваральнасці
У цэлым жа сітуацыя па вострых рэспіраторных інфекцыях у Беларусі цяпер характэрная для гэтага перыяду года.
— Сёння паказчыкі захваральнасці знаходзяцца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, але ў бліжэйшыя тыдні мы чакаем павелічэння колькасці захварэлых. Такая сітуацыя заканамерная, паколькі штогод у перыяд навагодніх і калядных свят адзначаецца зніжэнне колькасці хворых, бо ў гэты час канікулы ў дзіцячых арганізаваных калектывах. А калі дзеці і дарослыя вяртаюцца ў свае калектывы, то ў канцы студзеня — пачатку лютага мы адзначаем найбольшы ўзровень захворвання на рэспіраторныя інфекцыі, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала ДАШКЕВІЧ.

Яна нагадала асноўныя меры прафілактыкі. Галоўная з іх спецыфічная прафілактыка — вакцынацыя. Яна ў краіне ўжо завершана, і ў рамках чарговай кампаніі было прышчэплена больш за 1,38 мільёна чалавек.
— Цяпер акцэнт мы робім на мерах неспецыфічнай прафілактыкі — тых мерапрыемствах і дзеяннях, якія дазволяць нам мінімізаваць рызыку заражэння. Па-першае, гэта па магчымасці скараціць знаходжанне ў месцах масавага збору людзей. Па-другое, выконваць правілы рэспіраторнага этыкету. Значыць, кашляць, чхаць у сурвэтку альбо ў выгін локця, а пасля выкарыстання аднаразовай сурвэткі яе варта выкінуць. Па-трэцяе, гэта прытрымліванне правіл здаровага ладу жыцця: рацыянальнае харчаванне, паўнавартасны сон, пасільная фізічная нагрузка.
На першы погляд, гэта банальныя мерапрыемствы, але яны дазволяць папярэдзіць заражэнне пры сустрэчы з вірусамі. Калі ж пазбегнуць заражэння не ўдалося, тады неабходна застацца дома, не наведваць калектывы для таго, каб не прынесці інфекцыю ў дзіцячы ці ў свой працоўны калектыў. Пры неабходнасці трэба звярнуцца па медыцынскую дапамогу: у залежнасці ад стану — у арганізацыю аховы здароўя або выклікаць урача на дом.
Лячэнне таксама не варта прызначаць сабе самастойна. Трэба прытрымлівацца рэкамендацый урача-спецыяліста.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД