Top.Mail.Ru

Як восень 1996-га стала вызначальнай у развіцці краіны

«Свой лёс мы будзем вызначаць самі»


30 гадоў таму, якраз гэтымі днямі —19—20 кастрычніка, у Мінску праходзіў першы Усебеларускі народны сход. Гэта падзея, без перабольшвання, стала паваротным момантам у новай гісторыі Беларусі і задала правільны вектар развіцця дзяржавы на дзесяцігоддзі наперад.

Каб ацаніць значнасць тых двух дзён, дастаткова ўзгадаць, у якой складанай сітуацыі знаходзілася краіна ў сярэдзіне 1990-х. Пасля распаду Савецкага Саюза эканоміка была ў глыбокім заняпадзе, у грамадстве панавалі трывога і няўпэўненасць, наспяваў і палітычны крызіс: паміж Прэзідэнтам і тагачасным Вярхоўным Саветам нярэдка ўзнікалі супярэчнасці ў тым ліку па жыццёва важных пытаннях. І тады Аляксандр Лукашэнка вырашыў гаварыць і раіцца непасрэдна з народам — у кастрычніку 1996 года ў мінскім Палацы спорту сабралася амаль пяць тысяч дэлегатаў з усёй краіны — рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя, прадпрымальнікі. Сход стаў магутным голасам народа, які падтрымаў курс Прэзідэнта на моцную і дзейсную дзяржаўную ўладу.

Аб тым, як адкрываўся сход і якім настроем ён быў прасякнуты, сведчаць старонкі «Звязды» таго часу. У артыкуле «Наша будучыня — у нашых руках» газета пісала: «Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сход, сардэчна вітаў яго ўдзельнікаў. «Каму, як не вам, — сказаў ён, — хто глыбока і ўсебакова ведае наша жыццё і праблемы, шукаць і знаходзіць іх вырашэнне».

Высокая ацэнка сходу гучала і ў наступных радках: «Па колькасці і глыбіні выказаных новых канструктыўных ідэй і прапаноў наш сход, адзначыў Прэзідэнт, з’яўляецца ўнікальным у сучаснай беларускай гісторыі і дасць фору многім сходам прафесіянальных палітыкаў».

І, нарэшце, зварот да тых, хто спрабаваў глядзець на народ звысоку: «Няхай сённяшні форум будзе прыкладам і дакорам для тых паноў, якія ва ўтульных кабінетах і офісах ужо даўно забыліся, на што здольны народ, аб дабрабыце якога на словах яны так клапоцяцца».


Аптымізмам і верай у людзей былі прасякнутыя і заключныя словы выступлення кіраўніка дзяржавы: «Запэўніваю вас — горшае мінула. Няма падстаў для адчаю і безнадзейнасці. Наша будучыня — у нашых руках. Я глыбока веру ў стваральныя сілы і мудрасць народа».

Сведкам таго, як гэтыя словы ўвасабляліся ў жыццё, стаў Уладзімір Дражын — дэлегат першых трох УНС, намеснік Прэм’ер-міністра у 2001–2005 гадах, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і горада Жодзіна. «Усенародны сход даказаў, што лёсавызначальныя рашэнні ў нашай краіне прымаюцца калегіяльна, адкрыта і выключна ў інтарэсах людзей. За тры дзесяцігоддзі УНС ператварылася ў надзейнага гаранта пераемнасці курсу, нашага суверэнітэту, у палітычны шчыт, які выключае любыя рызыкі расколу грамадства», — адзначыў ён у інтэрв’ю «Першаму інфармацыйнаму».

Галоўным пытаннем таго часу быў выбар паміж Прэзідэнцкай і парламенцкай рэспублікай. Праект, прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам, прадугледжваў прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі праз усенародны рэферэндум і ўмацаванне выканаўчай улады — што было жыццёва неабходна для хуткага выхаду з крызісу. Альтэрнатыўны варыянт Вярхоўнага Савета азначаў захаванне вяршэнства парламента і калегіяльнасці рашэнняў, што ў тых умовах вяло да бяздзейнасці і далейшага разладу. Сход стаў пляцоўкай, дзе народ зрабіў свой выбар на карысць мадэлі, прапанаванай Прэзідэнтам.

На сходзе Лукашэнка паставіў пытанне прама: «У гэтыя дні вырашаецца лёс не Прэзідэнта Лукашэнкі і не інстытута прэзідэнцтва, а лёс усяго беларускага народа». І народ адказаў падтрымкай. Пасля сходу ў лістападзе 1996 года адбыўся рэферэндум, на якім перамогу атрымаў праект Канстытуцыі, прапанаваны Прэзідэнтам. Менавіта гэта рашэнне заклала трывалую прававую аснову беларускай дзяржаўнасці і дазволіла краіне ў параўнальна кароткі тэрмін пераадолець хаос 1990-х і выйсці на шлях стабільнага развіцця.

Аб тым, чым сталі тыя два дні для людзей, якія былі ў зале Палаца спорту, лепш за ўсё расказваюць самі дэлегаты. Адной з іх была Зінаіда Пянькова, старшыня Магілёўскага гарадскога Савета ветэранаў. Яна ўспамінае, што першы сход быў масавым і вельмі прадстаўнічым, а галоўнае, што ўсіх аб’ядноўвала, — жаданне выратаваць краіну, якая апынулася на мяжы выжывання пасля развалу Савецкага Саюза. «Сход праводзіўся ў Палацы спорту, атмасфера была асаблівая — такая ўзнёслая, што ты сярод такіх людзей, якія разам вырашаюць будучыню краіны. Трэба было вызначыць стратэгію развіцця. Галоўнае, што Прэзідэнт тады паставіў задачы, якія мы пасля выконвалі, — падзялілася яна. — Гэта велізарны гонар. Я апынулася сярод найлепшых, самых годных людзей краіны. На першым сходзе адчувала ўзнёсласць, таму што разумела: мы разам вырашаем лёс краіны. Мы выжылі, пабудавалі дзяржаву. І цяпер, калі гляджу на тое, што зроблена за гэтыя гады, ганаруся, што была да гэтага датычная», — расказала жанчына.

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кандыдат біялагічных навук Віктар Пінчук, таксама быў сярод дэлегатаў першага УНС. «Памятаю, у той час многія кіраўнікі гаспадарак былі занепакоеныя: пасля развалу Саюза было незразумела, як будзе далей складвацца лёс краіны, — згадвае ён. — Але нас узрадавала, што на чале краіны стаў чалавек з нашай вобласці — Аляксандр Лукашэнка, які сам быў дырэктарам гаспадаркі ў Шклоўскім раёне. Ён ведаў не па чутках, што такое праца селяніна і цана хлеба. Самым яркім момантам стала яго адкрытая прамова, якая кардынальна адрознівалася ад прывычных партыйных дакладаў. Гэта быў жывы, шчыры зварот, у якім ён адкрыта выклаў рэальны стан спраў у краіне і даў зразумелыя арыенціры».

Менавіта тады ў зале Палаца спорту была зроблена стаўка на моцную мадэль дзяржаўнасці, і гэта стаўка вызначыла палітычны лад краіны на цэлае пакаленне.

А яшчэ на першым УНС прагучалі праграмныя словы кіраўніка дзяржавы, ад якіх за ўсе трыццаць гадоў ён не адступіў ні на крок: «У гэтым свеце мы нікому не павінны верыць на слова, павінны правільна выбіраць сяброў, саюзнікаў. І галоўнае — жыць сваім розумам, думаць аб інтарэсах беларускага народа, нікому не дагаджаць. Свой лёс мы будзем вызначаць самі, незалежна ад таго, падабаецца гэта камусьці або не».

Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю