Top.Mail.Ru

Як вярнуць Беларусь на траекторыю ўстойлівага росту ў Глабальным інавацыйным індэксе

На шляху да інавацый

Каб паскорыць інавацыйнае развіццё айчыннай эканомікі, неабходна пастаянна ўдасканальваць дзяржаўную палітыку ў гэтай сферы, пашыраць механізмы і інструменты, пераходзіць да комплекснай інавацыйнай стратэгіі, якая адпавядала б нацыянальным інтарэсам Беларусі. Пра гэта гаварылі на XXVІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця».

Розныя дарогі да адной мэты

Любая стратэгія інавацыйнага развіцця павінна адказаць на пытанне: як укараніць навінкі, павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі дзяржавы за кошт стварэння, асваення і распаўсюджвання інавацый у ёй? Якія інструменты і механізмы ўкараніць, каб гарантавана выйсці на зададзеныя індыкатары? Каб знайсці адказы на пытанні, у ход ідзе вывучэнне міжнароднага вопыту, пошук рашэнняў, якія ўжо зарэкамендавалі сябе ў іншых краінах, і спробы перанесці іх у прававое поле Беларусі. Але такі падыход далёка не заўсёды эфектыўны пры фарміраванні нацыянальнай стратэгіі.

Справа ў тым, што калі механізмы і інструменты, узятыя з інавацыйных стратэгій іншых рэгіёнаў, злучаюць у адну, яны раптам перастаюць працаваць, пачынаюць выключаць адно аднаго, спараджаць рэгуляторныя супярэчнасці. У выніку зніжаецца агульная эфектыўнасць такой дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі, адзначыў загадчык Цэнтра інвестыцыйнай і інавацыйнай палітыкі НДЭІ Міністэрства эканомікі Мікалай ДРАГУН. На жаль, пахваліцца высокімі месцамі ў міжнародных рэйтынгах інавацыйнай эканомікі, Глабальным інавацыйным індэксе (ГІІ) Беларусь пакуль не можа.

Даследаванне, праведзенае НДЭІ Міністэрства эканомікі, паказала: пазбегнуць падобных канфліктаў можна ў рамках так званых чыстых, або аднародных, стратэгій. Усяго, як адзначыў Мікалай Драгун, іх можна выдзеліць сем.

Так, такія стратэгіі, як падатковае стымуляванне, венчурная экасістэма, развіццё ІT-хабаў, адносяцца да рынкава арыентаваных. У гэтым выпадку на дзяржаве толькі стварэнне ўмоў і стымулаў для развіцця інавацый, развіццё нарматыўна-прававой базы. У сваю чаргу комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы (НІС), падтрымка нацыянальных чэмпіёнаў (хуткарослых кампаній з высокімі эканамічнымі і тэхналагічнымі паказчыкамі) — стратэгіі партнёрскія. Для іх характэрным з’яўляецца тое, што дзяржава ўжо каардынуе і выбарачна падтрымлівае, але ўсё яшчэ не падмяняе сабой рынак. Напрамую кіраваць інавацыйным развіццём дзяржава можа, выбіраючы стратэгіі тэхналагічнага суверэнітэту або прамога бюджэтнага фінансавання — так званыя дырыжысцкія стратэгіі.

«Малыя адкрытыя эканомікі, такія як Эстонія, часцей за ўсё рэалізуюць стратэгію падатковага стымулявання. Тэхналагічныя лідары з моцнай прадпрымальніцкай культурай (ЗША, Канада, Ізраіль) робяць стаўку на стварэнне венчурнай экасістэмы. Пераходныя эканомікі — В’етнам, Узбекістан — на фарміраванне ІT- і інавацыйных хабаў», —  расказаў Мікалай Драгун.

Беларусь, па яго словах, па сваім профілі — малая адкрытая эканоміка з развітым прамысловым комплексам і моцнай акадэмічнай навукай — аказваецца бліжэй за ўсё да краін, якія рэалізуюць стратэгію комплекснага развіцця НІС, — Фінляндыі, Швецыі, Нідэрландаў.

Недасягальны ідэал

Аднак па-сапраўднаму чыстай, як і ідэальнай стратэгіі, амаль не бывае на практыцы: усе яны носяць комплексны характар, уяўляючы сабой камбінацыю элементаў тых ці іншых стратэгій. І Беларусь не стала выключэннем: у нашай краіне спалучаюцца стратэгіі стварэння ІT-хабаў і прамога бюджэтнага фінансавання. Па словах Мікалая Драгуна, ключавая супярэчнасць такой стратэгіі заключаецца ў канфлікце інструментаў падтрымкі.

Напрыклад, з аднаго боку, для развіцця высокатэхналагічных кампаній, павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі за кошт распрацоўкі і ўкаранення высокіх тэхналогій у нашай краіне больш за 20 гадоў таму быў заснаваны Парк высокіх тэхналогій. І падатковыя льготы, іншыя прэферэнцыі для рэзідэнтаў ПВТ шмат у чым спрыяюць інавацыйнаму развіццю той ці іншай галіны. Але з другога боку — наш рэальны сектар не змог адразу сфарміраваць попыт на лічбавыя рашэнні. Значыць, інавацыйным кампаніям часта даводзіцца арыентавацца на знешні рынак — як паказала практыка апошніх гадоў, крайне нестабільны.

Каб кампаненты комплекснай стратэгіі былі сумяшчальныя паміж сабой, яе інструменты павінны абапірацца на аднолькавую логіку прыняцця рашэнняў, адбору атрымальнікаў падтрымкі і адкрытасці рынку. «Найбольшы прагрэс у ГІІ назіраецца ў краін, якія рэалізуюць стратэгіі градыентнай падтрымкі нацыянальных чэмпіёнаў, фарміравання тэхналагічнага суверэнітэту пры ёмістым унутраным рынку і паслядоўныя стратэгіі стварэння ІT-хабаў, падатковага стымулявання», — адзначыў загадчык Цэнтра інвестыцыйнай і інавацыйнай палітыкі НДЭІ Міністэрства эканомікі.

У той жа час жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне, характэрнае для дырыжысцкага падыходу, рэдка прыводзіць краіны да поспеху. Дарэчы, невялікія шанцы і ў тых, хто аддае перавагу падатковым ільготам — ужо занадта вялікая рызыка «гонкі льгот». Паказальны ў гэтым сэнсе вопыт Узбекістана, дзе так жа, як і ў Беларусі, стварылі свой ПВТ, але пайшлі шляхам паступовага скарачэння ўмяшання дзяржавы ў гэту сферу. І сёння Узбекістан устойліва дэманструе прагрэс у ГІІ.

Які выбар зрабіць?

Для Беларусі спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі бачаць выхад у тым, каб зрабіць інавацыйную стратэгію краіны больш аднароднай, узяўшы за аснову партнёрскую стратэгію комплекснага развіцця нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Для гэтага спатрэбіцца выкарыстаць рынкавы патэнцыял ІT-сектара ў якасці каталізатара для ўсёй эканомікі, адмовіцца ад узаемавыключальных механізмаў дзяржаўнага рэгулявання, паступова развіваючы інстытутыпазабюджэтнага фінансавання навукова-інавацыйнай сферы, устанавіць стымулы для інавацыйнага развіцця прадпрыемстваў. Паралельна ПВТ і ІП «Вялікі камень» даследчыкі прапануюць ператварыць у тыпавую мадэль, а іх найлепшыя рэгуляторныя практыкі маштабаваць на ўсю нацыянальную эканоміку.

Асобна падкрэсліваецца неабходнасць кіравання рызыкамі пераходу. Справа ў тым, што падобная стратэгія дасць аддачу не адразу і запатрабуе значныя пачатковыя ўкладанні. Але, па ацэнцы інстытута, менавіта такі падыход дазволіць павысіць устойлівасць інавацыйнай сістэмы да знешніх выклікаў і вярнуць Беларусь на траекторыю ўстойлівага росту ў Глабальным інавацыйным індэксе.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю