Навагоднія святы часта спалучаны з гастранамічнымі лішкамі, нязвыклым графікам, празмернымі актыўнасцямі ці, наадварот, іх поўнай адсутнасцю. Вяртацца ў працоўны рытм бывае няпроста. Расказваем, як рабіць гэта правільна.
Беражыце сілы
Часам доўгачаканыя святы, у тым ліку традыцыйная сустрэча Новага года, аказваюцца сур’ёзным стрэсам, і для камфортнага вяртання ў рытм працоўных будняў патрэбны час. У першы дзень пасля свят імкніцеся па магчымасці абмежаваць нагрузку. Не варта адразу здзяйсняць працоўныя подзвігі, лепш пачакаць, пакуль арганізм прыйдзе ў норму. Тады вы паспееце зрабіць нашмат больш, чым калі перапрацуеце і сыдзеце на раптоўны бальнічны.
Знайдзіце матывацыю
Успомніце, як у дзяцінстве хацелася прыйсці ў школу пасля канікулаў з новым пеналам. Дзейнічаем па аналагічнай схеме: з задавальненнем апранайце новае адзенне і ўпрыгажэнні, выкарыстоўвайце толькі што падораныя духі і захапіце навагодні штодзённік. Дарэчы, новымі могуць быць не толькі рэчы, але і эмоцыі: ідзіце на працу з навінамі, якімі хочацца падзяліцца, няхай гэта будзе доўгачаканы падарунак, паход на ёлку з дзіцем, паездка за горад ці на каток, ідэальнае спатканне або рэкорд па прагледжаных фільмах і прачытаных кнігах.
Дамоўцеся з сабой
Калі вяртацца да спраў зусім не хочацца, а ваша ранішняя актыўнасць на працоўным месцы абмяжоўваецца кубачкам кавы і гутаркай з калегамі, можна дапамагчы сабе простым псіхалагічным прыёмам. Вырашыце, што будзеце займацца будучай справай усяго пяць хвілін. Праверыць пошту, пачаць разбіраць стос перадсвяточных дакументаў, звярацца з графікам у календары. Пяць хвілін — гэта зусім няшмат, можна і пацярпець. Праз гэты час зрабіце перапынак, пахваліце сябе і ўгаварыце на новы рэкорд. Такім чынам вы альбо ўцягнецеся ў работу на больш працяглыя перыяды, альбо праведзяце дзень з кароткімі працоўнымі этапамі, але гэта будзе больш прадукцыйна, чым шматгадзінная пракрастынацыя.
Рыхтуйцеся загадзя
Напярэдадні выхаду на працу пастаўце будзільнік, падрыхтаваўшы арганізм да больш-менш ранняга пад’ёму і не пакідаючы сабе шанцу легчы спаць пад раніцу. Харчаванне ў апошнія дні свят таксама павінна быць умераным, карысныя лёгкія прадукты дапамогуць аднавіць рытм. Выключыце прысмакі, газіраваныя і алкагольныя напоі. Арганізм паступова прывыкае да новага рытму, і самымі складанымі звычайна становяцца першыя дні, таму ёсць сэнс пачаць перабудоўвацца яшчэ падчас выхадных. (Дарэчы, калі вы гэтага не зрабілі цяпер, то можаце захаваць артыкул у закладкі і перачытваць перад водпускам ці іншымі святамі.)
Адпачывайце правільна
Парада на будучыню. У першы працоўны дзень жарты пра празмернасць навагодніх свят здаюцца зусім не смешнымі. Каб зберагчы свой арганізм і душэўнае здароўе, разбіце доўгія святы на некалькі этапаў, паступова прыводзячы сябе ў норму. Умоўна, да 2-га чысла ідзе першы, самы ўдарны ў адносінах да нагрузак на сістэмы арганізма перыяд, пасля яго можна ўжо пачынаць паступова прыводзіць сябе ў форму: харчавацца ўмерана, больш часу праводзіць на свежым паветры і высыпацца. Тады на працу вы выйдзеце адпачылым і поўным сіл.
Перагледзьце рацыён
Для некаторых святы — гэта безумоўная нагода расслабіцца і дазволіць сабе лішняга. Калі гэта пра вас, то падумайце, як за пару дзён адысці ад рацыёну, які стаў звыклым. Многія мараць пачаць правільна харчавацца з новага года, але калі не выйшла, то чаму б не прымеркаваць пераход на здаровы лад жыцця да першых працоўных дзён у студзені? Вазьміце абед з дому, удзяліце асаблівую ўвагу свежай агародніне, а замест салодкай кавы з круасанам па дарозе на працу купіце зялёную гарбату і натуральны ёгурт. Раім таксама назапасіцца правільнымі перакусамі, якія дапамогуць хутка вярнуцца ў працоўны рытм і з першых дзён вырашаць складаныя задачы.
Заплануйце што-небудзь прыемнае
Вяртанне да працы пасля працяглых свят ці водпуску асацыюецца з заканчэннем весялосці і пачаткам руціны. Каб не паддавацца паслясвяточнай маркоце, успомніце пра перспектывы, якія вас чакаюць апроч васьмігадзіннага графіка. Напрыклад, купіце білеты ў тэатр на бліжэйшыя выхадныя ці дамоўцеся з сябрамі сустрэцца ў пятніцу ўвечары, падбярыце яркі трэндавы манікюр і запішыцеся ў салон. А можна і зусім пачаць планаваць летні водпуск ва ўсіх дэталях, гэта дапаможа натхніцца яшчэ больш. Толькі не перастарайцеся з «поглядам у будучыню», бо жыццё — гэта тут і цяпер, і кожны дзень можа быць насычаным і цікавым, нават калі гэта не выхадны.
Дарэчы, псіхолагі сцвярджаюць: для таго, каб з радасцю выходзіць на працу са свят, чалавек павінен займацца сваёй справай. Гэта не павінна быць чымсьці, што вы церпіце з цяжкасцю, па неабходнасці. Вы павінны ўсведамляць, што, працуючы, вы не аддаяце частку свайго часу, мяняючы яго на грошы, вы ў гэты момант жывяце і развіваецеся, рэалізуецеся, становіцеся лепшым.