Top.Mail.Ru

Як вяртаюць да жыцця ўнікальнае народнае майстэрства

Белаўзорыстае ткацтва Лідчыны ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. За гэтым стаіць сістэмная праца Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці па адраджэнні тэхналогіі, якая лічылася страчанай. Сёння ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры працуюць пяць станкоў, а майстрыхі не толькі ствараюць вырабы, але і вучаць моладзь, праводзяць майстар-класы і збіраюць матэрыялы па вёсках рэгіёна.


Валянціна Сільвановіч не планавала станавіцца ткачыхай. Працавала ў розных месцах, 16 гадоў аддала педагогіцы. Пакуль аднойчы не прыйшла ў лідскую майстэрню.



«Памятаю з дзяцінства, як мая цётка ткала. Узімку ў вясковай хаце ўстанаўлівалі ткацкі станок і актыўна карысталіся ім да вясны. У сям'і трымалі авечак, стрыглі іх і запасалі воўну, а таксама ў вялікіх колькасцях закуплялі і каляровую пражу. За сезон бабуля і дзве цёткі паспявалі ператварыць іх у выдатныя ручнікі, пакрывалы і дываны. Мы, дзеці, стаялі побач, круцілі клубкі, размотвалі ніткі. Гэта былі 1980-я гады, калі ўжо мала хто ткаў. А ў нас ткалі. Старэйшыя не падпускалі дзяцей да кроснаў, баяліся, каб не папсавалі, а вось размотваць ніткі і навіваць цэўкі дазвалялі».

Майстрыха расказала, што калі прыйшла ў аддзел рамёстваў, за станкамі працавала маладая дзяўчына — Дар'я Маташук і хлопец Яўген Маркевіч, дзякуючы якому і адрадзілася ткацтва ва ўстанове. Але і ў Яўгена, і ў Дар'і былі іншыя планы на жыццё, таму трэба было камусьці сесці за станок яшчэ. «Загадчык аддзела, Алена Валянцінаўна, прапанавала зрабіць гэта мне. Вось тут і панеслася. Многае было незразумела, але вытрымка, настойлівасць і, галоўнае, жаданне зрабілі сваю справу. Побач заўсёды былі Яўген і Дар'я. Яны вучылі, дапамагалі, накіроўвалі», — падзялілася Валянціна Генрыхаўна.


Жанчына вярнулася да таго, што бачыла ў дзяцінстве побач з цёткай і бабуляй. І не проста вярнулася, але атрымала званне народнага майстра ў сваёй справе.

Калі дадаць да лёну яшчэ і шоўк...

— Адметнай рысай ручнікоў, выкананых у тэхніцы белаўзорыстага ткацтва, з'яўляецца багатае бялюткае палатно, па краях якога — каляровы ўзор і карункі, — распавядае майстрыха. — Аўтэнтычным матэрыялам для іх былі выбеленыя льняныя ніткі, а з цягам часу льняную нітку замянялі баваўнянай, што паскарала працэс ткацтва. Пазней, прыкладна стагоддзе таму, асаблівым шыкам лічылася дадаць да лёну яшчэ і шоўк. Шаўковую нітку не так проста было дастаць, але дзеля таго, каб палатно мела асаблівы бляск, мясцовыя жыхары ездзілі, а часам і хадзілі ў літоўскі Шальчынінкай. Яшчэ адзін элемент шыку таго часу — уплятанне ў тканіну ручніка рудых бліскучых нітак, вяроўкамі з якіх перавязвалі цюкі сена ці саломы пры нарыхтоўцы корму для жывёл на зіму.


Народны майстар аддзела рамяства і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Марыя Шылкоўская — калега і пераемніца ткацкага майстэрства Валянціны Генрыхаўны, выпускніца Мірскага вучылішча, спецыяліст па саломапляценні і роспісе па дрэве. У цэнтры працуе з 2004 года, з цягам часу лёс прывёў да работы за кроснамі. У яе руках — шыдэлак, якім вяжа карункі да саматканых ільняных вырабаў.


На Марыі — традыцыйны касцюм жанчыны — тканая спадніца (андарак), фартух, пояс і чапец. «Так выглядала адзенне лідчанкі ў мінулым. Усё гэта мы ткалі самі, — кажа рука-дзельніца. Марыя Мікалаеўна стварыла калекцыю ручнікоў белаўзорыстага пляцення Панямоння, якія дакладна паўтараюць аўтэнтычныя ўзоры. У яе ёсць яшчэ адна калекцыя — «зубы»: баваўняныя двайныя карункі, якімі ўпрыгожвае ніжні край ручніка. Запазычаны ўзоры з вывучаных ручнікоў Лідскага раёна і ўсёй Гродзенскай вобласці пачатку і сярэдзіны XX стагоддзя.

Тэхналогія, узноўленая па крупінках

Каб тэхніка была прызнана нематэрыяльнай культурнай спадчынай, неабходна было ўзнавіць да дзесяці відаў шматнітовага белаўзорыстага ткацтва. У 2018 годзе за праект «Ад мінулага да сучаснага» калектыў цэнтра быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Элемент «Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а імя носьбіта традыцыі Валянціны Сільвановіч занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці.


Пры цэнтры дзейнічае летняя школа па традыцыйным ткацтве, кансультатыўны цэнтр, гурткі. Майстрыхі право-дзяць майстар-класы: за два дні можна засвоіць асновы і забраць гатовы ўласны выраб. «Мы працуем на гісторыю, — падкрэслівае Валянціна Генрыхаўна. — Бабулі нам перадалі, мы перадамо далей. Гэта не проста тканіна, а яшчэ і памяць».

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю