Лета на парозе, а значыць настае сезон вясковых свят — падзей, якія збіраюць на малую радзіму людзей з розных куткоў краіны і нават планеты. Вельмі важна, калі чалавеку ёсць куды вяртацца, калі яму там рады, калі яго чакаюць. Органы мясцовага самакіравання клапоцяцца, каб такія сустрэчы былі добра арганізаваны, каб кожны жыхар вёскі, кожны дарагі госць адчуваў сябе ўтульна, ганарыўся месцам свайго паходжання, зноў планаваў прыехаць.
Увага — кожнаму
Відамлянскі сельсавет Камянецкага раёна складаецца з 25 населеных пунктаў. У некаторых з іх засталося зусім няшмат жыхароў. Каб падтрымаць такія вёскі, у тым ліку ў плане добраўпарадкавання, у свой час быў задуманы фестываль малых вёсак пад назвай «Вёсачка мая — чараўніца». І вось ужо амаль паўтара дзесяцігоддзя кожнае лета фестываль збірае землякоў.
Старшыня Відамлянскага сельскага Савета Марына КАРАЛЮК гаворыць, што ў пачатку года вызначаецца населены пункт, дзе будзе праводзіцца свята.
— Падрыхтоўка да фестывалю ідзе працяглы час. Землякі камунікуюць у сацыяльных сетках, дамаўляюцца аб сустрэчы на малой радзіме. На фэст збіраюцца ўсе пакаленні вяскоўцаў. Дзеці, унукі едуць нават здалёк. Нярэдка прыязджаюць і тыя, у каго ўжо не засталося родных. Былі выпадкі, калі землякі з блізкага замежжа набывалі пуцёўкі ў найбліжэйшыя санаторыі з тым разлікам, каб трапіць на дзень роднай вёскі.
Спонсарамі свята, як правіла, выступаюць сельгаспрадпрыемствы. Падарункі ўручаюць усім калгасным пенсіянерам, ушаноўваюць цяперашніх працаўнікоў, калі такія ёсць. Не абыходзяць увагай маладыя сем’і, шматдзетных бацькоў. Абавязкова ўспамінаюць тых, хто дабіўся вялікіх поспехаў у розных галінах народнай гаспадаркі, кім можа ганарыцца малая радзіма.
Да гэтага дня гаспадыні дастаюць з куфраў вышыванкі, посцілкі, іншыя прадметы рукадзелля, афармляюць выставы. Кожнае свята атрымлівае сваю назву. Напрыклад, у праграме фестывалю былі ўжо «Грушаўскі світанак», «Баранкаўскі завітанак», «Млыноўскі беражок», «Куфар Радасці», «Гасцёўня на Лясной», «Мядовы чай на Панскім» і іншыя. Прайшлі яны душэўна, цікава, пакінулі ўдзельнікам яркія ўспаміны. У сельскім Савеце захоўваюцца цэлыя альбомы са здымкамі з мерапрыемстваў, там жа стос падзячных водгукаў — найбольш ад нашчадкаў сталых жыхароў, якія прыехалі на свята, дзе сустрэліся з аднакласнікамі, аднавяскоўцамі, і нібы вярнуліся ў сваё юнацтва.

Фестываль увесь час развіваецца. Цяпер яго абавязковым складнікам становіцца кулінарны фэст «Вясковыя пачастункі», дзе гаспадыні адна перад адной дэманструюць кулінарныя таленты. Мае значэнне не толькі смак традыцыйных вясковых страў, але і іх знешні выгляд, афармленне. У ход ідуць бабуліны рэцэпты, гатуюцца стравы, характэрныя менавіта для гэтай мясцовасці. І дэгустацыя становіцца адным з прыемных момантаў фэсту. Ну і, вядома, асаблівае месца займае культурнае суправаджэнне. Работнікі гэтай сферы прывозяць канцэрты з бадзёрымі песнямі і танцамі.
— Куды б ні завяло чалавека жыццё, малая радзіма застаецца домам назаўжды. Сведчаннем таму падобныя святы вёскі, — разважае Марына Каралюк. — А яшчэ такія сустрэчы яднаюць як саміх вяскоўцаў, так і іх нашчадкаў. Людзі пачынаюць перапісвацца, сябраваць у сацыяльных сетках.
Жыхары чакаюць свята, цікавяцца, калі яно прыйдзе ў іх вёску. Летась фестываль завітаў у Дзямянчыцы, сёлета пачалася падрыхтоўка ў Задвор’і.
Ахоўваючы традыцыі
Выпечка караваяў на Слонімшчыне — старажытная традыцыя, якая сыходзіць каранямі ў глыбокае мінулае і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Гэта майстэрства ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэтай традыцыі прысвяцілі фестываль «Паўлаўскія караваі» ў Паўлаўскім сельскім Савеце, які праходзіць штогод з 2017 года. Ён быў рэалізаваны ў рамках мясцовай ініцыятывы «Адраджэнне і папулярызацыя нематэрыяльнай спадчыны Слонімскага раёна» ў праекце «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» па праграме развіцця ААН. Адна з умоў удзелу — правядзенне мерапрыемстваў для папулярызацыі традыцый. Першы фестываль прайшоў сціпла, у мясцовым Доме культуры. Але потым стала зразумела, што імпрэза можа набыць значна большыя маштабы.
— Ладзілі фестываль у розных месцах, а ў мінулым годзе ў яго з’явілася пастаянная пляцоўка, — расказвае старшыня сельсавета Марыя Кашко. — Была незадзейнічаная пустка паміж трасай і адміністрацыйным будынкам. Лакацыя спадабалася, мы аб’ядналіся і вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, каб пабудаваць сцэну і ўладкаваць месцы для гледачоў. Нашу ідэю падтрымалі, ініцыятыва была рэалізавана. Месца размяшчэння ў фестывалю вельмі ўдалае. Траса М11 — міжнародная, і турысты, праязджаючы міма, змогуць спыніцца і зазірнуць на свята.
Ядро фестывалю — народны фальклорны калектыў
«Чараўніцы-каравайніцы», які захоўвае і перадае старажытныя рэцэпты маладому пакаленню.
— Я лічу, што ў кожным сельсавеце ёсць свая разыначка. І мы сваю знайшлі, — працягвае суразмоўца. — Садзейнічаем таму, каб моладзь пераймала веды нашых бабуль, каб ім на змену прыйшлі новыя майстры і перадалі досвед далей. У нас ёсць творчая гасцёўня, якую празвалі каравайняй, дзе праходзяць майстар-класы. Зусім нядаўна прыязджалі турысты з Мінска, дзеці са Слоніма. А фестываль становіцца акумулюючым пунктам. У нас ёсць і іншыя святы, напрыклад, Свята вёскі, але мы вырашылі, што фестываль будзе самастойным мерапрыемствам.
Марыя Кашко адзначае, што мясцовыя ўлады ў Паўлаўскім сельскім Савеце заўсёды імкнуцца чуць насельніцтва. Вынікам гэтай уважлівасці і стала правядзенне фестывалю. Канешне, рэалізуюцца і іншыя праекты.
— Стараемся згуртаваць жыхароў сельсавета, падключыць іх да грамадскіх спраў. У месенджары стварылі групы па населеных пунктах, каб можна было хутка праінфармаваць людзей, параіцца па якіх-небудзь пытаннях, таму што жыццё — гэта не толькі святы, — заўважае старшыня. — Ёсць і працоўныя моманты. Сельсавет — цэнтр населенага пункта, да нас прыходзяць па парады, дапамогу. Калі мы не можам даць адказ, то выступаем сувязным звяном паміж іншымі структурамі.
Марыя Кашко адзначыла, што гэтыя мясціны — не яе радзіма, але людзі даверыліся ёй і выбралі старшынёй. Чаму яна вельмі рада, бо па сваёй натуры чалавек гаспадарлівы, любіць работу з людзьмі. І гэту неабыякавасць нясе праз усё жыццё. Заўважае, што калі б не цудоўныя людзі, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета, не было б ні «Паўлаўскіх караваяў», ні іншых праектаў, а іх рэалізавана нямала. Роля мясцовых улад заключаецца ва ўменні слухаць, аналізаваць і, калі неабходна, дапамагаць.
Свята аб’ядноўвае пакаленні
У Язоўках, што на Міншчыне, Свята вёскі адзначаецца штогод 12 ліпеня, расказаў старшыня Лядзенскага сельскага Савета Чэрвеньскага раёна Сяргей ЦЕРАШ. Традыцыйна мерапрыемства праводзіцца ў Музеі сялянскага быту. Ён быў створаны ў 2011 годзе і размяшчаецца на прыдамавой тэрыторыі адной з вяскоўцаў — 74-гадовай Валянціны Ладуцькі.
Жанчына пэўны час працавала ў Мінску спецыялістам аддзела кадраў у інстытуце «Ваенпраект», дзе і пачала сваю творчую дзейнасць. Праз некаторы час вярнулася на малую радзіму. Пенсіянерка ўжо больш за 20 гадоў піша вершы, вывучае гісторыю роднага краю і людзей, якія тут пражываюць.
«Валянціна — вельмі гасцінны і сардэчны чалавек, таму ў свята вёскі, ды і не толькі, на тэрыторыі яе сядзібы шматлюдна і пануе надзвычай душэўная атмасфера, — тлумачыць старшыня сельсавета. — Каля дома размяшчаецца міні-сцэна, дзе штогод выступаюць запрошаныя творчыя калектывы, рыхтуецца дзіцячая забаўляльная праграма, конкурсы, выстаўкі».
Для камфортнага размяшчэння ўсіх ахвотных прадугледжаны альтанкі. Акрамя таго, у жыхароў вёскі склалася цудоўная традыцыя — конкурс дамашняй кухні. Мясцовыя кулінары частуюць гасцей рознымі стравамі і напоямі: дранікамі, мачанкай, квасам... Кожны год стравы розныя, але заўсёды ўсё вельмі смачнае.

«На свята запрашаюцца ганаровыя госці, з асаблівым трапятаннем сустракаем таксама нашых пажылых землякоў, — працягвае аповед Сяргей Цераш. — Акрамя таго, гэты дзень важны і для тых ураджэнцаў Язовак, якія пераехалі жыць у сталіцу або іншыя гарады, але не забываюць свой родны кут і прыязджаюць, выказваюць вялікую падзяку арганізатарам гэтага штогадовага мерапрыемства за неабыякавасць і ўвагу да землякоў. Свята аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў. Людзі яго сапраўды чакаюць».
Сёлета, па словах старшыні Лядзенскага сельскага Савета, Свята вёскі пройдзе, як звычайна, у Язоўках.
А 19 ліпеня яно запланавана ў Велікаполлі і Дубніках — гэтыя населеныя пункты размешчаны побач адзін да аднаго. «План мерапрыемстваў падрыхтаваны насычаны. Напрыклад, чакаецца выступленне фальклорнага калектыву з Горкаўскага сельскага дома культуры. Упэўнены, землякам гэта мерапрыемства прыйдзецца па душы!» — запэўніў суразмоўца.
Святлана ЯСКЕВІЧ, Вераніка Казлоўская, Яна ВАЛАСАЧ