Як выбраць якасны салодкі навагодні падарунак, расказалі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, паведамляе БелТА.
Дзяржстандарт падрыхтаваў памятку — рэкамендацыі для спажыўцоў. «Каб свята для дзяцей і дарослых запомнілася толькі радасцю, важна адказна падысці да выбару салодкага навагодняга падарунка. Галоўны крытэрый — бяспека і якасць. Звяртайце ўвагу на ключавыя аспекты: упакоўку, маркіроўку, склад, а таксама ўлічвайце наяўнасць у наборах цацак», — адзначылі ў камітэце.
Па-першае, трэба зважаць на цэласнасць упакоўкі. «На паверхні не дапускаюцца расколіны, парывы. Таксама ад упакоўкі не павінен зыходзіць рэзкі хімічны пах (фарбы, клею). Па-другое — на маркіроўку. Яна павінна быць дакладнай і лёгкачытальнай. У абавязковым парадку абавязана змяшчаць наступныя звесткі: найменне і колькасць кожнага віду прысмакаў, якія ўваходзяць у набор, склад, найменне і месцазнаходжанне вытворцы харчовай прадукцыі і прадпрыемства-фасоўшчыка, дату вырабу, дату фасоўкі, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання, звесткі аб харчовай каштоўнасці, адзіны знак абарачэння прадукцыі «ЕАС», — падкрэслілі ў камітэце.
Акрамя таго, у Дзяржстандарце растлумачылі, на што глядзець у складзе. «Набываючы падарунак для дзяцей, схільных да алергіі, рэкамендуем асаблівую ўвагу ўдзяліць інфармацыі аб складзе. Вытворца абавязаны паказваць усе кампаненты, здольныя выклікаць алергічную рэакцыю. Да найболей распаўсюджаных алергенаў адносяцца: арахіс, арэхі, злакі з утрыманнем глютэну (пшаніца, жыта, ячмень), малако, соя, яйкі, аспартам (падсалоджвальнік), дыяксід серы (кансервант). Калі тэхналагічна немагчыма цалкам выключыць трапленне алергена, на ўпакоўцы павінен быць папераджальны надпіс, напрыклад: „Можа ўтрымліваць сляды арэхаў“, — дадалі ў камітэце. — Для паляпшэння спажывецкіх уласцівасцяў і падаўжэнні тэрміна прыдатнасці прадукту ў склад кандытарскіх вырабаў могуць уваходзіць кансерванты, фарбавальнікі, падсалоджвальнікі і іншыя харчовыя дабаўкі. Некаторыя сінтэтычныя фарбавальнікі аказваюць адмоўны ўплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей».
Унутры падарунка разам з кандытарскімі вырабамі можа знаходзіцца цацка. Яна павінна быць у асобнай упакоўцы, прызначанай для кантакту з харчовымі прадуктамі. Цацкі для дзяцей да трох гадоў не павінны змяшчаць натуральнае футра і скуру. Акрамя таго, яна павінна быць без шкла і іншых матэрыялаў, якія б’юцца, дробных дэталяў. Найбольш надзейны варыянт — фабрычныя наборы (пячэнне, мармелад, пасціла, зефір, вафлі, бісквіты), адзначылі ў Дзяржстандарце.