Top.Mail.Ru

Як выглядае партрэт сярэднестатыстычнай беларускі і як яна ўсё паспявае?

У нашай краіне жыве каля 4,9 мільёна жанчын, а гэта 54 % насельніцтва. Сярэднестатыстычны партрэт беларускі выглядае так: гэта гараджанка, якая мае вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, працуе ў сферы аховы здароўя, адукацыі, фінансавай ці страхавой дзейнасці або на дзяржслужбе, у вольны час займаецца спортам, знаходзіцца ў шлюбе і выхоўвае дзяцей. Як і дзякуючы чаму ў беларусак атрымліваецца быць актыўнымі, падтрымліваць баланс паміж сям’ёй і кар’ерай, напярэдадні Дня жанчын расказалі спецыялісты, а міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка падзялілася асабістым сакрэтам, як усё паспяваць.


Меры для максімальнай рэалізацыі

У нашай краіне каардынацыяй усяго жаночага парадку дня займаецца Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, які разглядае пытанні ўдзелу жанчын у жыцці грамадства. І, як заўважыла Наталля Паўлючэнка, няма такой сферы ў нашай дзяржаве, дзе б ні былі задзейнічаны жанчыны. Адзін з яскравых прыкладаў — летась першай беларускай жанчынай-касманаўткай стала Марына Васілеўская. А па індэксе гендарнай няроўнасці Беларусь стабільна знаходзіцца на 29-м месцы ў рэйтынгу са 166 краін.

— Дзяржава сёння робіць усё магчымае, каб жанчыны маглі сябе рэалізаваць максімальна эфектыўна. Падтрымліваць такі рэйтынг нам дазваляюць тыя меры, якія рэалізоўваюцца, — адзначыла Наталля Паўлючэнка.

І гэта пацвярджаюць лічбы: больш за 50 % студэнтаў ВНУ складаюць дзяўчаты. Сярод занятых у эканоміцы прадстаўніц прыгожай паловы 40 % маюць вышэйшую адукацыю, 30 % — сярэднюю спецыяльную. Сярод парламентарыяў больш як 35 % — жанчыны, а дзяржслужба ўвогуле мае жаночае аблічча: на 70 % яна складаецца з прадстаўніц прыгожай паловы. Больш за 60 % занятых у эканоміцы жанчын да 49 гадоў выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

— Гэта сведчыць аб тым, што ў нас выбудавана эфектыўная сістэма, якая дазваляе трымаць гарманічны баланс паміж сям’ёй і работай і рэалізоўвацца ва ўсіх сферах жыцця, — падкрэсліла міністр.

У прыватнасці, жаночае беспрацоўе ў Беларусі скарачаецца: калі ў 2023 годзе яно складала 3,3 %, то летась — 2,7 %. Значныя сродкі выдаткоўваюцца на выплату дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана 3,4 мільярда рублёў, сёлета плануецца выплаціць 3,7 мільярда. Узровень дапамогі на дзіця да трох гадоў у нашай краіне прывязаны да сярэдняй зарплаты і павялічваецца двойчы ў год. На другое дзіця дапамога, напрыклад, складае 985 рублёў, што на 35 % вышэй за мінімальную зарплату. Летась была падоўжана праграма «Сямейны капітал», якая спрыяе павелічэнню колькасці шматдзетных сем’яў у краіне. На сёння іх больш за 123 тысячы.

Жанчыны ў ІT і на кіруючых пасадах

Пераважна жанчыны заняты ў сферы паслуг. Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі працы Нацыянальнага статыстычнага камітэта Ірына Бандарэнка, самымі «жаночымі» сферамі дзейнасці з’яўляюцца ахова здароўя і адукацыя, дзе іх доля складае 84 %. Крыху менш жанчын занята ў фінансавай і страхавой дзейнасці — 73 %, у аказанні паслуг па часовым пражыванні і харчаванні — 68 % , гандлі — 67 %. У ІT-сферы доля жанчын складае 37 %, менш за ўсё іх у горназдабыўной прамысловасці — 12,1 % і ў будаўніцтве — 13 %. Больш актыўна жанчыны сталі займаць кіруючыя пасады: амаль кожны другі кіраўнік — жанчына. Пры гэтым у кожнай шостай з іх ёсць дзіця дашкольнага ўзросту. Акрамя таго, сярод кіраўнікоў — першых асоб арганізацый на долю жанчын прыпадае 40 %.

Расце доля жанчын сярод прадпрымальнікаў — на сёння яна складае 40 %. Сусветная статыстыка паказвае, што жаночы бізнес у 4 разы менш схільны да банкруцтва, чым бізнес у сярэднім. З агульнай колькасці жанчын-прадпрымальніц кожная сёмая з’яўляецца работадаўцам, гэта значыць, прыцягвае на пастаяннай аснове наёмных работнікаў. Сярэдні ўзрост прадпрымальніц — 41 год. З іх 68 % знаходзяцца ў шлюбе.

Як расказала старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, актыўныя жанчыны і ў грамадскім жыцці. Беларускі саюз жанчын аб’ядноўвае 186 тысяч прадстаўніц прыгожай паловы, летась іх было 176 тысяч. Жанчыны ўдзельнічаюць у розных акцыях грамадскага аб’яднання: «Здаровая жанчына — здаровая нацыя», «Быць мамай крута», «Іншая глыбіня» і інш.

Бярыцеся за многае — і ўсё атрымаецца

Напрыканцы міністра папрасілі падзяліцца асабістым сакрэтам, як усё паспяваць і не стамляцца.

— Чым больш ты загружаны, чым больш аддаеш сябе, асабліва калі любіш тое, чым займаешся, бачыш перспектывы гэтага кірунку, каштоўнасць дапамогі людзям, то сапраўды гэтым падсілкоўваешся, гэта надае энергіі і дапамагае рухацца наперад, — падзялілася Наталля Паўлючэнка.

Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што беларускі пазней сталі ўступаць у шлюб і нараджаць дзяцей. Калі жанчына ў 30 гадоў нараджае першае дзіця, то толькі ў 27 % выпадкаў ёсць верагоднасць, што яна народзіць другое, а калі да 24 гадоў, то такая верагоднасць — амаль 70 %.

— Не трэба баяцца станавіцца матуляй у 20 з невялікім. Гэта выдатна, калі ў 40 ты маладая і актыўная, але ў цябе дарослае дзіця, з ім кантактуеш на роўных, можаш даць сучасную мудрую параду. Дзіця ні ў якім разе не стане перашкодай для далейшага развіцця і жыцця. Галоўнае — не баяцца і правільна расстаўляць прыярытэты. Бярыцеся за многае — і ўсё атрымаецца, — рэзюмавала Наталля Паўлючэнка.

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Трымае баланс паміж сям’ёй і работай і рэалізоўваецца ва ўсіх сферах

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю