Top.Mail.Ru

Як выглядае тыповы злодзей, які цягне маёмасць з аб’ектаў АПК?

Будзе вялікай памылкай лічыць, што крадуць з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу толькі п’яніцы, беспрацоўныя, альбо асобы, што характарызуюцца асацыяльнымі паводзінамі. У Брэсцкім абласным упраўленні Дэпартамента аховы МУС расказалі, што патэнцыяльны злодзей уяўляе сабой зусім іншы тып чалавека. 


Часцей за ўсё гэта даволі вопытны працаўнік, які ведае ўсе нюансы і тонкасці сваёй прафесіі, а таксама добра дасведчаны наконт знаходжання і захавання матэрыяльна-таварных каштоўнасцяў. Часам ён дакладна можа спланаваць і пралічыць парадак сваёй «аперацыі» па вынасу ці вывазу грузу. Часцей за ўсё ён не злоўжывае алкаголем, вядзе, на першы погляд, законапаслухмяны лад жыцця. Але такі грамадзянін не лічыць за грэх узяць сабе нешта з маёмасці сельгаспрадпрыемства, якую прынята называць калгаснай, ну як у той песні «Все вокруг колхозное — все вокруг моё». І нават не вельмі хаваецца, прыхапіўшы збожжа на складзе, корму на ферме альбо паліва з машыны, адразу пачынае збываць крадзенае аднавяскоўцам, знаёмым і не вельмі, што ў рэшце рэшт яго і выдае. 

Вось і не так даўно жыхар Баранавіцкага рэгіёна, вельмі нават цвярозы і, на першы погляд, станоўчы работнік, паўгода паціху рабіў рамонт службовага аўтамабіля, а дакладней праводзіў замену запчастак. І не скажаш, што гультай ці няўмека. Усе маніпуляцыі праводзіў сам. Для зручнасці рабіў гэта на сваім падворку. З аднаго боку прамая выгада прадпрыемству— не трэба плаціць за паслугі аўтасервісу. А з другога... Як высветлілася, новыя камплектуючыя ён ставіў на сваю машыну, а тыя, што былі ва ўжытку, даставаліся службоваму аўто. Што можна дадаць? Сума ўрону, нанесенага прадпрыемству, склала больш за 1000 рублёў. Заведзена крымінальная справа па факту крадзяжу маёмасці шляхам прысваення альбо растраты. Пэўна, ён цяпер і дзясятаму заказаў бы, але ж позна ўжо. Давядзецца адказваць па закону. 

Міліцыянеры заўважылі, што некаторыя злодзеі паспрабаваўшы раз, асабліва калі ўдаецца украсці, збыць тавар і застацца непакараным, губляюць пільнасць. Пачынаюць прадаваць збожжа, паліва, запчасткі ў вялікай колькасці і, вядома ж, прыцягваюць да сябе ўвагу праваахоўнікаў. 

— Работа па прафілактыцы крадзяжоў супрацоўнікамі Дэпартамента аховы вядзецца на пастаяннай аснове, даволі часта трапляюць у поле зроку і тыя, хто ўкраў упершыню — гаворыць першы намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Гарус. — Нашы супрацоўнікі праводзяць рэйды, якія ўключаюць у сябе праверку аўтатранспартных сродкаў, што перавозяць гаруча-змазачныя матэрыялы, сельскагаспадарчую прадукцыю, іншыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выяўляюць факты выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі гаспадарак на карысць той ці іншай асобы, могуць правесці і дагляд работніка, які выходзіць з вытворчага аб’екта.

Акрамя таго ажыццяўляецца кантроль за выкананнем кіраўніцтвам аб’ектаў патрабавання заканадаўства аб ахоўнай дзейнасці, а таксама якасцю нясення службы работнікамі ведамаснай аховы — працягвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Асноўнай прычынай крадзяжоў у сферы аграпрамысловага комплексу якраз і з’яўляецца недастатковая арганізацыя аховы аб’ектаў. Калі вартаўнік спіць, то зладзюжкі не дрэмлюць. У гэтай сувязі выклікае нараканне падыход да падбору кандыдатур адказных за захаванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. 

Аляксандр Гарус падзяліўся назіраннем, што найбольшая колькасць правапарушэнняў выяўляецца ў перыяд правядзення самых адказных сельскагаспадарчых кампаній — пасяўной і ўборачнай. Выходзіць, што адны дэманструюць працоўны гераізм у полі, а другія тым часам цягнуць усё, што можна хутка прадаць: збожжа, угнаенні, сродкі абароны раслін, паліва. Ну і пасля адказных кампаній і ў міжсезонне таксама здараюцца прыкрыя выпадкі. Напрыклад, летась супрацоўнікі Дэпартамента аховы затрымалі двух вадзіцеляў гаспадаркі, якія з выкарыстаннем сельгастэхнікі скралі 5,6 і 4,8 тон камбікорму коштам больш за 1800 рублёў. Ужо ў гэтым годзе супрацоўнікамі спынена 29 правапарушэнняў ў сферы аграпрамысловага комплексу, пры гэтым канфіскавана і вернута 610 літраў дызельнага паліва. А вось парушэнняў з боку вартаўнікоў падчас рэйдавых мерапрыемстваў было выяўлена 27. Пры гэтым 17 вартаўнікоў знаходзіліся пры выкананні нападпітку, 9 спалі на пасту, аднаго наогул не было на рабочым месцы. Такія адносіны да работы, як ужо гаварылася, спрыяюць крадзяжам. 

Аляксандр Гарус нагадаў, што за крадзеж маёмасці прадугледжана як адміністратыўная, так і крымінальная адказнасць. За дробны крадзеж можна атрымаць штраф ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь, а таксама быць прыцягнутым да грамадскіх работ альбо адміністратыўнага арышту. А вось за крадзеж у буйных памерах можна панесці адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 12 гадоў. Таму не варта паддавацца спакусе ўзяць сабе нешта з калгаснай маёмасці. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю