Top.Mail.Ru

Як выхаванцы спецыялізаванага ліцэя МУС асвойваюць беспілотнікі

Беспілотныя лятальныя апараты сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Іх эфектыўнасць у розных сферах відавочная. У органах унутраных спраў беспілотнікі актыўна выкарыстоўваюцца пры затрыманні злачынцаў, фіксацыі парушэнняў Правілаў дарожнага руху, пошуку людзей, кантролі за абстаноўкай на вуліцах, пры выкананні спецыяльных задач. Навучанню кіраваць дронамі ўдзяляецца асаблівая ўвага: чым раней міліцыянер авалодае гэтымі каштоўнымі навыкамі, тым больш аператыўна і паспяхова ён будзе вырашаць задачы па забеспячэнні правапарадку, гарантаванні бяспекі грамадзян.


Не адстаюць ад найноўшых тэндэнцый і ў Спецыялізаваным ліцэі МУС.  Пачынаючы з трэцяй чвэрці навучальнага года выхаванцы асвойваюць асновы кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Для гэтага створаны ўсе ўмовы: закуплена патрэбнае абсталяванне і, вядома, самі беспілотнікі, на камп’ютарах устаноўлена праграмнае забеспячэнне.

Аднак перш чым кіраваць гэтымі «жалезнымі птушкамі», хлопцы павінны прайсці сур’ёзную тэарэтычную падрыхтоўку і «адлятаць» патрэбную колькасць гадзін на сімулятарах. Карэспандэнты «Звязды» наведалі Спецыялізаваны ліцэй МУС і паназіралі за ўнікальным навучальным працэсам.

Карта палёту

Як паведаміў начальнік Спецыялізаванага ліцэя МУС палкоўнік міліцыі Яўген Абрамовіч, ініцыятыва аб навучанні кіраванню беспілотнымі лятальнымі апаратамі выхаванцаў нашай навучальнай установы сыходзіла ад міністра ўнутраных спраў. «Флагманам у гэтым кірунку з’яўляецца Акадэмія МУС: на базе ВНУ дзейнічаюць курсы павышэння кваліфікацыі, на якіх супрацоўнікі адтачваюць навыкі кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі, — адзначыў ён. — Мы таксама скарысталіся дапамогай нашых шэфаў. Некалькі супрацоўнікаў прайшлі падрыхтоўку ў акадэміі. Выкладчыкі кафедры тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі Акадэміі МУС, у сваю чаргу, прыязджалі да нас і праводзілі з выхаванцамі першыя заняткі. Пазнаёмілі хлопцаў з відамі беспілотнікаў, расказалі, з якімі мэтамі яны выкарыстоўваюцца. Асобна спыніліся на заканадаўчай базе, якая рэгулюе выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў у нашай краіне».

З дазволу МУС Спецыялізаваны ліцэй закупіў два беспілотнікі, якія выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе. Аднак перш чым прыступіць да практычных заняткаў, юнакі павінны навучыцца кіраваць імі на сімулятары, што яны і робяць. Каб максімальна наблізіць працэс да рэальнасці, закуплены пульты кіравання ад рэальных FPV-дронаў, якія падключаюцца да сімулятараў беспілотных лятальных апаратаў. Пасля таго як налёт складзе не менш за 50 гадзін, выхаванец будзе дапушчаны да кіравання рэальным дронам.

Для таго каб ісці да мэты было цікавей, распрацавалі карткі палётаў. Кожная гадзіна, праведзеная за сімулятарам, фіксуецца. «Найперш задача выхаванцаў ліцэя — навучыцца ўтрымліваць FPV-дрон, — расказвае начальнік аддзялення тэхнічных сродкаў навучання Спецыялізаванага ліцэя МУС падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Папруга. — У адрозненне ад звычайнага беспілотніка, калі адпусціць джойсцік, FPV-дрон упадзе і разаб’ецца. А таму трэба ўмець яго ўтрымліваць, упэўнена кіраваць ім. Прычым не проста лятаць, а паралельна выконваць пэўнае заданне. Гэта як на аўтамабілі: умець руліць можа кожны, але рабіць гэта ўпэўнена, мэтанакіравана атрымліваецца не ўва ўсіх».

Падаграваюць інтарэс да беспілотнікаў і заняткі з супрацоўнікамі спецыяльных падраздзяленняў, якія рэгулярна праводзяцца на базе ліцэя. Рашэннем міністра супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння і спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» замацаваны за кожным курсам. Не так даўно яны прадставілі выхаванцам навінкі беспілотных лятальных апаратаў, на практыцы прадэманстравалі іх магчымасці.

«Выкарыстоўваем і вопыт Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, — звяртае ўвагу Яўген Абрамовіч. — Паміж тэхнапаркам і ліцэем заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. 

Пачынаючы з мінулага года нашы выхаванцы паспяхова праходзяць там навучанне. Адзін з кірункаў — кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі».

У перспектыве Спецыялізаваны ліцэй МУС і Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк плануюць рэалізаваць сумесны праект, звязаны са стварэннем беспілотнікаў з надрукаваных на 3D-прынтары дэталяў.

Новыя магчымасці

Занятак, на якім будучыя вартавыя правапарадку асвойваюць беспілотнікі, з’яўляецца дадатковым і неабавязковым для наведвання. Аднак тых, хто б не жадаў навучыцца кіраваць дронамі, у ліцэі няма. Дзеці з цікавасцю ўспрынялі новую дысцыпліну і з задавальненнем наведваюць заняткі. Расклад распрацаваны такім чынам, каб у кожнага выхаванца ліцэя хаця б раз на тыдзень атрымлівалася пазаймацца на сімулятары.

Выхаванец 1 курса Ягор Шостак расказаў, што з радасцю ўспрыняў прапанову асвоіць асновы кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. «Гэта не толькі магчымасць правесці цікава час, але і даведацца нешта новае», — кажа ён.

Ягор прызнаецца: навучыцца ўтрымліваць дрон атрымлівалася не адразу. «Гэта не так проста, як здаецца на першы погляд, — заўважае юнак. — Але не варта спыняцца на паўшляху. Умець кіраваць беспілотнікам павінен кожны міліцыянер: такі навык значна спрашчае задачу па пошуку злачынстваў, пры выкананні іншых задач». Ягор марыць паступаць у ВНУ сілавога профілю, а таму перакананы, што атрыманыя падчас заняткаў веды дакладна не будуць дарэмнымі.

Такога меркавання прытрымліваецца і выхаванец 1 курса Макар Янкелайць. Ён захоплена вывучае характарыстыкі ўсіх дронаў, выбірае падчас работы на сімулятары розныя карты для палёту, каб паспрабаваць магчымасці беспілотных лятальных апаратаў у любых умовах. Макар лічыць, што лепш цяпер удзяліць увагу вывучэнню дронаў, чым потым, ужо падчас выканання рэальнай задачы.

Па словах Дзмітрыя Папругі, дзеці схопліваюць інфармацыю вельмі хутка. «А калі пачынае нешта атрымлівацца, ім становіцца яшчэ больш цікава, — заўважае ён. — Выхаванцы хутка вучацца. Часам нам, дарослым, за імі не ўгнацца. У планах — набыццё яшчэ некалькіх дронаў, каб у перспектыве арганізоўваць паміж ліцэістамі спаборніцтвы».

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю