Top.Mail.Ru

Як выхоўваць моладзь у лічбавую эпоху

Крытычнае мысленне і абарона ад фэйкаў

Як выхоўваць моладзь у лічбавую эпоху і процістаяць распаўсюджванню фэйкавай інфармацыі, у час Нацыянальнай школы рэктараў «Універсітэт будучыні: апераджальная падрыхтоўка кадраў, тэхналагічны суверэнітэт, выхаванне ў лічбавым асяроддзі, экспартны патэнцыял вышэйшай школы» расказаў міністр інфармацыі Дзмітрый Жук, перадае БелТА.

«Сёння моладзь не ўмее і не хоча гаварыць. Наша з вамі задача адаптаваць тых, хто прыйдзе атрымліваць вышэйшую адукацыю, да рэальнага жыцця з іх лічбавага свету. Што б мы з вамі ні рабілі, усе мы ведаем: спачатку было слова, а далей змяняліся спосабы дастаўкі гэтага слова да нашай свядомасці. Змяняюцца алгарытмы і спосабы спажывання. Нашы дзеці і ўнукі па-іншаму ўспрымаюць інфармацыю, і быць інакш не можа», — сказаў Дзмітрый Жук.

Паводле яго слоў, псіхіка маладых людзей спрабуе абараніць іх ад вялікага патоку інфармацыі, але ў той жа час лічбавае асяроддзе падпарадкоўвае сваім алгарытмам.

«Чалавек бачыць і чуе з нараджэння, і гэта вельмі зручныя спосабы атрымання інфармацыі, якімі трэба карыстацца. Але чытаць мы вучымся ў 6-7 гадоў, і гэта прадугледжвае пэўную працу. Наша задача — зрабіць так, каб нашы студэнты працавалі, гэта значыць чыталі. І не стужку навін, якая ідзе лавінай, а інфармацыю ў газетах і спецыялізаваных часопісах, якая прайшла ўжо адбор», — дадаў міністр інфармацыі.

Ён падкрэсліў, што сістэма адукацыі рыхтуе дастойных спецыялістаў з глыбокімі ведамі ў сваёй прафесіі, але часта ім не хапае ведаў аб гісторыі нашай краіны, яе палітычным і сацыяльным уладкаванні, што перашкаджае ім рабіць высновы і прымаць пэўныя рашэнні.

«У нас класная навуковая школа і цудоўныя юнакі і дзяўчаты ў сферы фізікі, хіміі, біялогіі. Толькі часта яны не ведаюць, у якой краіне жывуць. Вышэйшая адукацыя дае добрыя профільныя веды, але не патрыятычна настроеную эліту. А гэта ж сёння ўжо элемент выжывання. Каб у моладзі не было ілюзій, студэнтам трэба дакладна тлумачыць, што адбываецца ў свеце, везці ў Алу, Боркі, Хатынь. Ведаеце, у чым наша задача? Зрабіць так, каб наступнае пакаленне з універсітэцкімі дыпломамі не атрымлівала талоны на цукар і іншае, як было ў нас», — упэўнены Дзмітрый Жук.

На яго думку, студэнты павінны навучыцца быць незалежнымі ад аднаго асяроддзя атрымання інфармацыі. Кожнаму ўласцівы пытанні і сумненні, тым больш калі чалавек выйшаў з прывычнага яму лічбавага асяроддзя.

«Самы галоўны вораг чалавека — яго ўласныя рашэнні, прынятыя пад уздзеяннем эмоцый, — заўважыў міністр інфармацыі. — А якасць фэйкаў сёння такая, што нават праграмныя прадукты не могуць зразумець, рэальныя падзеі ці не. Таму праўду можна адшукаць толькі праз разважлівасць, уменне сумнявацца і правяраць».

Сярод галоўных задач у рабоце з моладдзю краіны ён назваў неабходнасць выводзіць студэнтаў з лічбавага асяроддзя, размаўляць з імі, паказваць, што свет не толькі такі, якім здаецца з экранаў смартфонаў. Таксама важны аўтарытэт выкладчыкаў, якія не проста падзеляцца ведамі ў пэўнай галіне, але яшчэ і раскажуць аб краіне так, каб маладыя людзі разумелі, дзе яны жывуць, і ганарыліся нашымі дасягненнямі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю