Top.Mail.Ru

Як вырасціць экалагічна чыстую гародніну на ўласных градках

Хімічныя прэпараты забруджваюць глебу і негатыўна ўплываюць на здароўе. Шкодныя рэчывы павінны хутка распадацца, аднак не заўсёды адбываецца менавіта так. 


Па афіцыйных даных, напрыклад, гербіцыд «Корум» не распадаецца ў глебе на працягу 75 сутак! Аднак вучоныя ўпэўнены, што можна атрымаць высакаякасны ўраджай без выкарыстання хімічных прэпаратаў, гармонаў росту, антыбіётыкаў. Аб сакрэтах арганічнага земляробства расказаў доктар сельскагаспадарчых навук Георгій ПІСКУН.

Аптымальны севазварот

Развіццю прыроднага земляробства апошнім часам удзяляюць увагу ў многіх дзяржавах. Не выключэнне і Беларусь. Па звестках Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у нашай краіне сертыфікавана каля 1600 гектараў сельгаспалеткаў, дзе займаюцца арганічным вырошчваннем прадукцыі.

Пры гэтым не выкарыстоўваюцца сінтэтычныя мінеральныя ўгнаенні. Замест іх — сідэраты, прамежкавыя культуры, гной, кампост, біялагічныя прэпараты. Гэта старажытны аграпрыём, які прымяняюць усе агароднікі і фермеры. Прасцей кажучы, не саджайце адну і тую ж культуру (напрыклад, бульбу або памідоры) на адным месцы некалькі гадоў запар. Кожны год змяняйце градкі па прадуманым плане, раіць Георгій Піскун. Так глеба не высільваецца, становіцца менш хвароб і шкоднікаў, расце менш пустазелля. Напрыклад, у першы год пасадзіце на градцы бульбу, на другі год — фасолю, а на трэці — цыбулю ці часнок, якія абеззаразяць глебу.

Самы аптымальны севазварот — 5-6-польны, калі на адным участку бульбу ў наступны раз высаджваюць толькі праз чатыры гады. Аднак ёсць і іншы варыянт.

— На сваім дачным участку я таксама стараюся не выкарыстоўваць хімічныя прэпараты. І раблю так: у адзін год дзялю ўчастак напалам. Адну частку абавязкова засейваю сідэратнымі культурамі. Другую — бульбай альбо іншай гароднінай. На наступны год частка, якая была засеяна сідэратамі, ачышчана ад паршы (хваробы бульбы), назапасіла карысныя рэчывы: азот, фосфар, калій, — расказвае эксперт.

Сідэраты і прамежкавыя культуры

Глеба стане больш урадлівай, калі спалучаць севазварот з сідэратамі і мульчыраваннем. Сідэраты — расліны з моцнай каранёвай сістэмай. Яны выцясняюць пустазелле, добра рыхляць, абараняюць глебу ад шкоднікаў і хвароб. А калі сідэраты перагніваюць, становяцца ежай для глебавых мікраарганізмаў і дажджавых чарвякоў.

— Асабліва добра выконваюць сваю ролю гарчыца белая, рэдзька алейная, фацэлія. Апошняя прыгожа цвіце, да таго ж з’яўляецца вельмі добрым меданосам. Рэдзьку алейную эфектыўна забараноўваць, калі з’яўляюцца зялёныя стручкі: у гэты перыяд вельмі шмат пажыўных рэчываў. Сідэраты растуць так хутка, што за год іх можна пасеяць нават два разы і сабраць два ўраджаі зялёнага ўгнаення, —заўважае Георгій Піскун. — На наступны год глеба будзе ў шыкоўным стане: раўназначна таму, калі б мы на сотку ўнеслі 40 кг гною!

На агародзе, дзе культуры ўбіраюцца рана (напрыклад, агуркі), таксама можна пасеяць сідэраты. Да зімы яны яшчэ паспеюць нарасці і даць добрую масу зялёнага ўгнаення.

Калі вы будзеце выкарыстоўваць сідэраты:

  • пустазелля стане ў два разы менш;

  • такая хвароба бульбы, як парша, будзе атакаваць у 2-3 разы слабей;

  • зменшыцца пашкоджанне бульбы рызактаніёзам і іншымі хваробамі.

Што рабіць з пустазеллем?

— Выдзіраць, рыхліць, праполваць. Ёсць меркаванне, што пры арганічным земляробстве нельга пераварочваць пласты зямлі, бо так вы забіваеце карысную глебавую мікрафлору — аэробныя і анаэробныя бактэрыі. Аднак, я думаю, не варта прытрымлівацца гэтага правіла, бо глеба павінна быць апрацаваная, рыхлая, — кажа эксперт.

Ёсць яшчэ адзін добры спосаб барацьбы з пустазеллем — мульчыраванне. Глебу, міжраддзе можна закрываць ахоўным пластом як коўдрай, выкарыстоўваючы розныя натуральныя матэрыялы. Акрамя барацьбы з пустазеллем пры мульчыраванні захоўваецца вільгаць, зямля менш перасыхае і яе можна паліваць радзей.

— У якасці мульчы выкарыстоўваюцца тыя ж 

сідэраты, салома, скошаная трава, пустазелле. Сачыце за тым, каб скошаная трава і расліны не прараслі! Не раю засыпаць пілавіннем, бо яно павышае кіслотнасць глебы. Радкі паміж клубніцамі можна накрыць спецыяльнай плёнкай альбо спанбондам, — адзначае Георгій Піскун.

З часам мульча пачне гніць, тады проста падкладвайце свежую. Чарвякі і бактэрыі самі ператвораць яе ва ўгнаенне, вам застанецца толькі радавацца ўраджаю.

— Абавязкова на сваім агародзе выкарыстоўвайце кампост, гной, курыны памёт. Гной павінен быць добра перапрэўшым. 

Ён раскідваецца прыкладна 6 кг на сотку і засыпаецца зямлёй, — раіць навуковец.

Змагаемся з жукамі

Каларадскі жук — люты вораг бульбы! Гэты паласаты шкоднік — сапраўдны абжора: ён і яго лічынкі здольныя за некалькі дзён знішчыць цэлую бульбяную градку, пакінуўшы ад раслін адны голыя сцёблы. Да таго ж 

каларадскі жук неверагодна жывучы. Ён лёгка пераносіць маразы, хутка прывыкае да ядаў і размнажаецца cа страшнай хуткасцю. Але не ўсё так безнадзейна.

— Калі ў вас невялічкі ўчастак, каларадскага жука можна сабраць і рукамі. Калі ўчастак большы, неабходна выкарыстоўваць біялагічныя сродкі. У нашым цэнтры гэтага шкодніка мы знішчаем прэпаратам «Бітаксібацылін» (П 3,0 кг/га) і «Бацытурын» (Ж 3,0 л/га), — адзначае Георгій Піскун.

Ёсць яшчэ адзін дапаможны метад — апырскваць агародніну настоямі палыну і крапівы. Гэтыя расліны здольныя адпуджваць жукоў.

Устойлівыя сарты

Пазбавіцца ад хвароб раслін дапамогуць разнастайныя біялагічныя прэпараты. У барацьбе з фітафтарозам найлепшы — «Фітаспарын-М». Да іншых небяспечных хвароб адносяцца вірусныя, чорная ножка і бульбяная нематода.

— Адзіны сродак барацьбы з гэтымі хваробамі — вырошчваць устойлівыя сарты. Селекцыянерамі нашага цэнтра былі створаны сарты «Гарантыя», «Вектар», «Рубін». Апошнія гады з-за кліматычных змен значна павысілася шкоднасць альтэрнарыёзу. Сёння няма сартоў, якія б вызначаліся высокай устойлівасцю да гэтай хваробы, акрамя сорту «Здабытак», — заўважае Георгій Піскун.

Карыстаюцца папулярнасцю сарты з каляровай мякаццю. Напрыклад, сорт «Сапфір» устойлівы да раку бульбы, разнастайных вірусаў, звышустойлівы да альтэрнарыёзу і паршы, фітафтарозу і іншых хвароб.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю