Top.Mail.Ru

Як выяўляўся этнацыд беларускага насельніцтва ў аграрнай палітыцы польскіх улад

Парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя

У пачатку 1920-х гадоў, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы, больш за 80 % мясцовага насельніцтва складалі сяляне. Яны востра пакутавалі ад малазямелля і беззямелля. Польскія ўлады імкнуліся паставіць сялян у поўную залежнасць ад сябе. Гэта асабліва яскрава праявілася падчас аграрных рэформ.

Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла са старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Віталём ГАРМАТНЫМ і даведалася, якім чынам этнацыд выявіўся ў аграрнай палітыцы.

— Віталь Пятровіч, што было асновай аграрнай палітыкі тагачасных польскіх улад?

— Асновай аграрнай рэформы была парцэляцыя (драбленне зямельных надзелаў. — «Зв.»). Польскія ўлады бачылі ў памешчыках сваю сацыяльную апору на вёсцы. У сувязі з гэтым вызначаўся максімум памешчыцкага землеўладання. Астатняе ішло на продаж сялянам (памешчыцкай зямлі) дробнымі надзеламі — парцэламі. Калі ў Польшчы для памешчыкаў максімум было 180 гектараў, то для Заходняй Беларусі — 400. Акрамя таго, калі памешчык даказваў, што яго маёнтак вядзецца на высокім узроўні, то яму дазвалялася пазбегнуць парцэляцыі. Чым многія памешчыкі і карысталіся.

Памешчык меў права сам вызначаць тую зямлю, якую ён згодны прадаць. Зразумела, ён выбіраў зямлю самай горшай якасці. І набыць зямлю адразу сяляне не маглі — для гэтага ім прапаноўваліся крэдыты. Такім чынам атрымлівалася, што набыць зямлю маглі, перш за ўсё, заможныя сяляне. А тыя, хто браў крэдыты, фактычна траплялі ў поўную залежнасць ад польскай улады.

Акрамя таго, часткова памешчыкі вызначалі плату за сваю зямлю ў амерыканскіх доларах, якія сяляне маглі зарабіць толькі падчас сваёй вымушанай працоўнай міграцыі ў краіны Заходняй Еўропы, ЗША, Лацінскую Амерыку. Ва ўспамінах сяляне, якія выязджалі на сезонную эміграцыю ў Парагвай, Бразілію, узгадвалі, што многія негры адмаўляліся працаваць у такіх умовах, у якіх працавалі нашы сяляне. А нашы сяляне былі згодныя на ўсё: секчы джунглі, дзе маскіты, малярыя, змеі, — бо ведалі, што ім трэба зарабіць грошы, каб потым вярнуцца дадому.

Існавала не толькі дзяржаўная парцэляцыя, але і «дзікая», калі памешчыкі самастойна прадавалі зямлю. Можна прывесці прыклад, калі ў вёсцы Здзітава, на Бярозаўшчыне, мясцовая памешчыца прадавала зямлю са свайго маёнтка, закладзенага пад крэдыт у банку. Атрымалася, што сялянам, якія яе купілі, разам з набытымі надзеламі перайшла і частка крэдыту за гэтую зямлю.

— А што з асаднікамі?

— Самым яркім праяўленнем дыскрымінацыйнай палітыкі адносна беларусаў стала палітыка насаджэння вайсковых асаднікаў. Асаднікам нумар адзін стаў сам Пілсудскі, галоўнакамандуючы польскай арміі. Быў створаны Саюз асаднікаў.

Такім чынам, асаднікі атрымлівалі тую зямлю, на якой сяляне спрадвеку жылі цэлымі пакаленнямі і лічылі сваёй. З мэтай правядзення паланізацыі асаднікі стараліся ўстанавіць для сялян больш абмежаванняў. І тут яны ў першую чаргу выконвалі свайго роду паліцэйскія функцыі — глядзелі за добранадзейнасцю мясцовых сялян, а таксама праводзілі ваенізаваную падрыхтоўку моладзі. Будавалі народныя дамы, дзе былі польскія бібліятэкі. Заахвочвалі інтарэсы сялян, каб тыя далучаліся да польскага духу. Гэта была, канешне, надзвычай дыскрымінацыйная палітыка.

— Была яшчэ камасацыя. Што гэта такое?

— Аграрная палітыка не абмяжоўвалася парцэляцыяй і асадніцтвам. Была яшчэ камасацыя — гэта аб’яднанне разрозненых сялянскіх надзелаў у адзіны масіў. Для ліквідацыі разрозненых надзелаў польскія ўлады праводзілі камасацыю — з дапамогай спецыяльнага землямера, у выніку ствараліся хутары.

— Ці апраўдаліся чаканні сялян?

— Сяляне спадзяваліся, што падчас камасацыі ім дадуць дадатковую зямлю. Але польскія ўлады на гэта не пайшлі. Землямеры часта заніжалі паказчыкі ўраджайнасці сялянскіх надзелаў і таму ў выніку яны ацэньваліся больш танна. Не трэба забываць, што аплата землямерам за работу па камасацыі была вельмі вялікай. Сяляне вымушаны былі ўтрымліваць землямера з яго дапаможным персаналам, аплачваць работу і ўсе неабходныя канцылярскія прылады, інжынерныя інструменты.

Па ўспамінах саміх землямераў, падчас прыезду (а многія былі з буйных гарадоў) яны з жахам даведваліся, як даводзілася жыць сялянам. І некаторыя з землямераў нават кідалі сваю працу і вярталіся ў Польшчу, бо не маглі вытрымаць жыцця — на балотах, у лясных вёсках. А сялянам даводзілася жыць у такіх умовах усё жыццё. Камасацыя паскорыла сацыяльнае расслаенне беларускай вёскі — падзел яе на бедных і багатых. І ў выніку абвастрыліся антаганістычныя супярэчнасці.

— Многія гісторыкі кажуць, што палітыка польскіх улад 1921–1939 гадоў — гэта этнацыд. Вы згодны з гэтым?

— Калі казаць пра этнацыд, гэта стварэнне для нацыі невыносных умоў для далейшага развіцця, для захавання нацыянальнай культуры і нацыянальнай мовы. У выніку без фізічнай расправы нацыя паступова растваралася ў агульнай польскай масе. Беларусы, украінцы разглядаліся як нацыянальныя меншасці. Але варта адзначыць, што Польшча была краінай нацыянальных меншасцяў, дзе палякі складалі толькі каля дзвюх трацін. А калі браць Заходнюю Беларусь, то беларусы там былі ў пераважнай большасці, але ім былі створаны невыносныя ўмовы для развіцця сваёй культуры. 

Такім чынам, па сутнасці, іх ставілі перад немінучым выбарам — адмаўляцца ад свайго нацыянальнага самаўсведамлення, што для многіх сялян было немагчымым. Гэта быў сапраўдны этнацыд.

— Чаму для нас так важна гаварыць пра тыя падзеі сёння, напярэдадні Дня народнага адзінства?

— З улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі і неспокойных міжнародных абставін неабходна падкрэсліць, што, нягледзячы на некаторыя нашыя розныя адметнасці, у першую чаргу — мы беларусы. 

І толькі дзякуючы захаванню нацыянальнага адзінства можна захаваць нацыянальны суверэнітэт і захавацца як цэлае, як незалежная краіна, а не стаць прыдаткам іншай дзяржавы.

— Што б вы сказалі тым, хто сумняваецца ў важнасці гэтага свята?

— Мы павінны ведаць праўду. Мы павінны памятаць, праз што прайшлі нашы продкі, каб сёння маглі жыць у адзінай, незалежнай краіне. І гэтая памяць — не проста даніна мінуламу. Гэта аснова нашай будучыні.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю