Top.Mail.Ru

Як вызвалялі вязняў з віцебскіх «Азарычаў»?


4 чэрвеня 1944 года разведчыкі-чырвонаармейцы вызвалілі вязняў «Лагера 12-тысячнікаў», віцебскага аналага гомельскіх «Азарычаў».


Фронт пад Віцебскам стаяў паўгодаз канца снежня 1943-га да чэрвеня 1944-га. Акупанты разумелі, што наступленне Чырвонай Арміі непазбежна. Таму імкнуліся забяспечыць сваю бяспеку на захопленай тэрыторыі. Раптам у Віцебску зноў, як было ўжо не раз, паднімуць галовы патрыёты, гатовыя на барацьбу, на дапамогу вызваліцелям.

З сакавіка захопнікі пачалі праводзіць аблавы, без разбору хапаць і кідаць мірных жыхароў у канцлагер «5-ы полк». У 1941 годзе ён быў лагерам для ваеннапалонных, потым сюды прымусова змяшчалі яўрэяў, сем’і народных змагароў, усіх, хто трапляў пад падазрэнне. За тры гады існавання праз «5-ы полк» прайшло каля 150 тысяч чалавек. Напярэдадні наступлення Чырвонай Арміі фашысты старанна імкнуліся як мага больш зачысціць горад ад «небяспечных элементаў». Да канца мая абласны цэнтр зусім абязлюдзеў.

Гэта адна з прычын, чаму вызваліцеляў Віцебска замест 180-тысячнага даваеннага насельніцтва сустракалі ўсяго 118 ацалелых жыхароў, якія ўрэшце павыходзілі са схованак у руінах.

У канцы мая вязняў канцлагера па чыгунцы сталі перавозіць у напрамку Лёзна і Багушэўска, бліжэй да пярэдняй лініі фронту. Там — проста ў лесе, пад адкрытым небам — падрыхтавалі некалькі месцаў прымусовага ўтрымання няшчасных. Іх было каля 12 тысяч.

Разам з бабуляй і малодшай сястрычкай сярод іх была віцябчанка Мая Александровіч (у дзявоцтве Карпенка). Ёй цяпер 91 год.

4-2 копия.jpg

Мая Александровіч — адна з былых вязняў «Лагера 12-тысячнікаў».

— Памятаю, лес быў высечаны пад корань, — згадвае жанчына. — Разам са здаровымі людзьмі ўтрымлівалі хворых, у тым ліку на тыф. Нас не кармілі. Нават вады не давалі. Людзі пілі з брудных лужын, елі траву, кару. Не было цёплага адзення, агню. Вялізныя вырубкі былі абнесены дротам, па якім ішоў ток. На маіх вачах адзін хлопец хацеў уцячы, але яго забіла токам. На вышках стаялі вартавыя з аўтаматамі. За дротам было міннае поле

Вязні павінны былі стаць жывым шчытом перад сваімі. Бязвінныя людзі маглі загінуць пад агнём з абодвух бакоў фронту, што, безумоўна, пакінула б адбітак на маральным настроі чырвонаармейцаў. Або, спадзяваліся фашысты, яны, хворыя і змарнелыя, стануць біялагічнай зброяй супраць сваіх жа. У рэшце рэшт перамруць: расходны матэрыял не шкада.

...Ноччу ўзвод разведчыкаў 66-й асобнай разведвальнай роты 97-й стралковай дывізіі пад камандаваннем лейтэнанта Міхаіла Маскаева вяртаўся з задання. Хлопцы пачулі людскі плач і енк: яны выпадкова натрапілі на канцлагер, дзе, як высветлілася, былі зняволены тысячы мірных савецкіх грамадзян. Літаральна назаўтра гэта месца магло аказацца на лініі агню. Часу на роздум не было. Чырвонаармейцы прынялі рашэнне ратаваць людзей. Бясшумна знялі ахову, размініравалі праход — і павялі вязняў за сабой.

4-3 копия.jpg

Міхаіл Маскаеў.

— Нам вельмі строга загадалі ісці след у след, таму што сярод мін быў толькі вузкі праход, — і цяпер затрымлівае дыханне Мая Александровіч. — Маю маленькую сястрычку наш салдат нёс на руках. Мы выбраліся.
  • Без ахвяр, на жаль, не абышлося. 4 чэрвеня 1944 года стала асаблівым днём для самога Міхаіла Маскаева: у Маскве быў падпісаны ўказ аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза, а ў лесе пад Віцебскам ён наступіў на міну. Параненую нагу давялося ампутаваць. Разведчыкі выратавалі 8 тысяч чалавек.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю