Top.Mail.Ru

Як юная беларуска заваявала сусветны подыум

У канцы мая гэтага года дзевяцігадовая мінчанка Ізабэла Новікава, мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці, атрымала трыумфальную перамогу ў 21-м Сезоне міжнароднага дзіцячага і юнацкага фестывалю культуры, стылю і мастацтваў Lіttle Mіss & Mіster Unіverse — першую для Беларусі за два дзесяцігоддзі. Але не для юнай прыгажуні: у сакавіку Ізабэла стала першай маленькай віцэ-міс па выніках конкурсу прыгажосці краін БРІКС у Казані. Больш падрабязна аб тым, як заваёўвалася карона, карэспандэнту нашай газеты расказала маці Ізабэлы, Ганна Новікава.



Прыроджаная артыстка

Ізабэла з самых малых гадоў адрознівалася прыгажосцю і асаблівым артыстызмам. Выразныя рысы твару, доўгія светлыя валасы і тая самая іскрынка ў вачах пераконвалі навакольных — расце будучая артыстка. Ганна Новікава ўспамінае: «Сфатаграфуйце мяне, сфатаграфуйце!» — раз-пораз патрабавала малая. Ні сцэна, ні камера ніколі яе не палохалі.

Таму, каб у дзіцяці была магчымасць паказаць сябе і свае таленты, бацькі запісалі Ізабэлу спачатку на мастацкую гімнастыку, а потым і ў Нацыянальную школу прыгажосці, на музыку і вакал: «З самага ранняга ўзросту яна вельмі любіць сцэну. Куды б мы ні прыйшлі, калі бачыла сцэну — залазіла і пачынала пазіраваць. Яна адчувае сябе прыгожай. Хоча, каб на яе глядзелі, каб захапляліся. Таму мы аддалі яе на мадэлінг — у першую чаргу, каб і далей не баялася сцэны, — расказвае Ганна Новікава. — Мяне часам трасе, калі яна выступае. А сама дачка ніколі не хвалюецца. З чатырох гадоў — ні разу».

У Нацыянальнай школе прыгажосці дзяўчынка з вялікім задавальненнем ходзіць на заняткі дэфіле, акцёрскага майстэрства, фотапазіравання, вучыцца асновам візажу, цырульніцкага мастацтва і нават псіхалогіі. У складзе творчых калектываў не раз удзельнічала і ў конкурсах, і ў пастаноўках, дзе мода пераплятаецца з тэатральным мастацтвам. Для такіх паказаў шыюцца цэлыя калекцыі, з якімі юныя мадэлі выступаюць як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Паспяховы старт

Першы ў гісторыі конкурс прыгажосці краін БРІКС, які прайшоў у Казані сёлета ў сакавіку, стаў першым міжнароднага ўзроўню і для нашай юнай гераіні. І адразу паспяховым: дзяўчынка заваявала тытул першай маленькай віцэ-міс. «На конкурсе сярод краін БРІКС мы хваляваліся, бо ў падобных мерапрыемствах Ізабэла ўдзельнічала ўпершыню, — падзялілася мама мадэлі. — Тады ўразіў маштаб конкурсу: сцэна такая вялікая, што, каб проста прайсці ад аднаго яе канца да іншага, дзіцяці патрабавалася ажно дзве хвіліны».

Паспрабаваць свае сілы ў Кітаі ў Lіttle Mіss & Mіster Unіverse вырашылі менавіта пасля перамогі Ізабэлы ў сакавіку. У канцы мая на працягу фестывальнага тыдня члены міжнароднага журы ацэньвалі ўзровень падрыхтоўкі кожнай удзельніцы для прысуджэння галоўнага тытула і залатой кароны.

Дарэчы, на гэтым міжнародным дзіцячым і юнацкім фестывалі культуры, стылю і мастацтваў юныя ўдзельнікі з розных краін, уключаючы Расію, Францыю, Казахстан, Манголію і Кітай, традыцыйна дэманструюць не толькі знешнія даныя і свае касцюмы, але і ўнутраныя якасці, дысцыпліну і індывідуальныя таленты. Напрыклад, для свайго творчага нумара Ізабэла выбрала беларускую народную песню «Рэчанька». Шчырасць і артыстызм нашай удзельніцы ў спалучэнні з бездакорным дэфіле і па-сапраўднаму шыкоўна выкананым касцюмам з нацыянальнымі ўзорамі ў выніку прынеслі ўдзельніцы з Беларусі галоўны прыз.


Перамога была доўгачаканай

«Мы рыхтаваліся два месяцы, хаця многія іншыя ўдзельнікі патрацілі на падрыхтоўку каля года. Часу асабліва не было, ды і на самім конкурсе памыліцца нельга — усё ў прамым эфіры, перад строгім журы. Касцюмы ўсе аб’ёмныя, з гарсэтамі, шнуроўкамі, складанымі канструкцыямі, — успамінае Ганна Новікава, якая ездзіла на фестываль у Кітай разам з дачкой. — Але Ізабэла зусім не хвалявалася. Проста я выхоўваю яе так: «Калі думаць аб перамозе — яна прыйдзе. А калі думаць, што нічога не атрымаецца, — так і здарыцца». Таму дачка заўсёды з упэўненасцю кажа: «Мама, у мяне будзе першае месца. Я буду лепш за ўсіх».

Сям’я як падтрымка і апора

Так беларуска стала ўладальніцай Super Grand Prіx Lіttle Mіss Unіverse 2026 і атрымала тытул Lіttle Mіss Unіverse, заваявала прыз глядацкіх сімпатый, стала ўладальніцай People’s Choіce Award 2026. А залаты сертыфікат, спецыяльная залатая стужка, трафей і галоўная карона апынуліся ў Беларусі — чарговае пацвярджэнне высокай планкі айчыннай школы прыгажосці.

З перамогай і ўвагай грамадства, праўда, з’явілася і крытыка — мабыць, з ёй непазбежна сутыкаюцца ўсе юныя мадэлі, і асабліва іх бацькі. Па словах Ганны Новікавай, непахвальныя каментарыі сустракаюцца і ў іх сацыяльных сетках: часам абвінавачваюць у рэалізацыі ўласных амбіцый праз дзіця.

Але падазрэнні зусім беспадстаўныя. Ізабэла сама гарыць гэтай справай, хоча і далей займацца вакальным і тэатральным кірункамі, каб у будучыні стаць актрысай: «На падрыхтоўку да такога кшталту фестываляў патрабуецца шмат сіл і часу: прыдумляць і ставіць творчыя нумары, шыць касцюмы, вазіць на заняткі дэфіле і вакалам... Фінансавы складнік таксама немаленькі. Але дачцэ ўсё гэта шчыра падабаецца. Так што як маці я проста стараюся яе ўсяляк падтрымліваць».

Аміна НАЗАРАВА
Фота з асабістага архіва героя


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю